Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Адсутнасьць умоваў для раварыстаў – ганьба для эўрапейскай сталіцы"


Любоў Лунёва, Менск Менскія студэнты атрымалі адказ Менгарвыканкаму на свой зварот з патрабаваньнем зрабіць каля ўсіх сталічных ВНУ стаянкі для ровараў і роварныя дарожкі на менскіх вуліцах. Студэнты спаслаліся на тое, што пасьля скасаваньня льготаў на праезд у грамадзкім транспарце колькасьць жадаючых перасесьці на ровары рэзка падвысіцца. У адказе прадстаўнікі Менгарвыканкаму абяцаюць, што насупраць галоўнага корпусу БДУ напачатку навучальнага году будзе абсталяваная пляцоўка для ровараў. Абяцаньня выканаць іншыя патрабаваньні няма, да таго ж, Менгарвыканкам забараніў ладзіць пікет, мэтай якога было прыцягнуць увагу да праблемаў раварыстаў.

Аматары ровараў у Менску, сярод якіх большасьць складаюць студэнты, сабралі больш за тры тысячы подпісаў пад зваротам да чыноўнікаў, каб яны стварылі ўмовы для карыстаньня роварам на гарадзкіх вуліцах.

Раварысты пачалі ладзіць штомесячныя акцыі “Крытычная маса”. Яны дамаўляюцца пра месца збору і час і едуць прабегам па горадзе вызначаным маршрутам. Некалькі разоў гэтыя прабегі адбываліся без санкцыяў гарадзкіх уладаў. Увесну акцыі пачалі суправаджаць машыны міліцыі. Дзьве акцыі наагул забаранілі.

Пасьля гэтага адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў аргкамітэту “Крытычнай масы”, і прабег дазволілі 25 траўня. Раварысты зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнем усталяваць стаянкі для ровараў і зрабіць роварныя дарожкі. Яны прасілі даць дазвол на правядзеньне пікету каля плошчы Якуба Коласа дзеля прыцягненьня ўвагі грамадзтва да гэтай праблемы. Але сёньня атрымалі адмову.

Дарадца намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова паведаміў “Свабодзе”, што наўрад ці спадар Ціцянкоў сам даваў адказ раварыстам. Высьветліць, хто прымаў рашэньне наконт праблемаў раварыстаў, у іншых аддзелах не ўдалося. Чыноўнікі паведамілі, што ў іх аднаўляецца кампутарная праграма, а там нібыта ўся інфармацыя.

Сяржук Семянюк, які сёлета спрабуе паступіць у ВНУ, гатовы сам будаваць стаянкі для ровараў, каб толькі быў дазвол уладаў.

“Няма дзе пакінуць гэты ровар. Сапраўды, гэта ганьба для эўрапейскай сталіцы, калі няма падтрымкі раварыстаў. Мы гатовыя самі ствараць брыгады і будаваць стаянкі. Нам толькі патрэбны дазвол”.

Студэнт БДУ Франак Вячорка даволі часта езьдзіць на ровары на вучобу, на Ўправу партыі БНФ і папросту ў вольны час па менскіх вуліцах. Ён удзельнічаў у акцыях “Крытычная маса”.

“Роварныя дарожкі – гэта той мінімум, які патрэбны раварысту для ягонай бясьпекі. Сёньня ў нас ёсьць закон аб транспарце. Паводле гэтага закону, раварысты могуць рухацца па магістралях і трасах у адным мэтры ад бардзюра. Адназначна, гэта не гарантуе бясьпекі, улічваючы норавы і культуру нашых кіроўцаў, якія абсалютна ніякім чынам не шануюць сваіх калегаў-аўтамабілістаў па трасе. Што тады казаць пра раварыстаў і пешаходаў?”

Дзяўчат на ровары значна менш, чым мужчын. Студэнтка Ірына Сьмяян кажа, што да іх лепшае стаўленьне з боку кіроўцаў аўтамабіляў.

“Кіроўцы аўтамабіляў мужчыны з павагай ставяцца, калі дзяўчаты едуць па дарозе. Часам жартуюць, прапануюць памяняцца машынай на ровар. Самі кіроўцы пабойваюцца, калі бачаць, што дзяўчына едзе па дарозе на ровары. Яны трошкі саступаюць дарогу – ад’яжджаюць у бок і даюць праехаць”.

Журналіст-эколяг Валер Дранчук карыстаецца роварам на менскіх вуліцах 30 гадоў. Ён кажа, што на сабе адчуў, як за апошнія 10 гадоў колькасьць транспарту на менскіх дарогах павялічылася ў 20 разоў. Навічку, які толькі што набыў ровар, паводле дасьведчанага раварыста, будзе вельмі няпроста справіцца ў транспартнай плыні.

Валер Дранчук даў некалькі парадаў навічкам:

“Перш-наперш, павінен быць ровар спраўны. Асабліва гэта тычыцца тармазоў. Імі трэба ўмела карыстацца, каб абышлося без траўмаў. У дождж трэба быць вельмі і вельмі асьцярожнымі. Я, увогуле, ня раіў бы ў дождж выяжджаць, асабліва на такую гладкую асфальтавую паверхню. Лужынка, а ты можаш ускочыць у нейкую ямку і гэтак далей. Безумоўна, трэба качаць прэс. Каардынацыя цела павінна быць у добрым стане”.

У сельскай мясцовасьці і на дачных каапэратывах ровары ёсьць амаль у кожным двары. Для некаторых гэта адзіны транспартны сродак, каб наведаць краму, рынак ці паехаць на працу. Але статыстыка сьведчыць, што большасьць трагедый на дарогах здараецца з раварыстамі менавіта тады, калі яны выяжджаюць на хуткасныя трасы.
XS
SM
MD
LG