Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Радыё Свабода .

Найлепшае кіно гэтага тыдня – непрадказальнае надвор’е, якое закручвае інтрыгу ня горш за галівудзскіх спэцоў. Але й на экранах маем на што зьвярнуць увагу. Напрыклад, на амэрыканскі трылер «Кантракт». Гэта новая прапанова ад рэжысэра Бруса Бірсфарда, вядомага па мэлядраме «Кіроўца місіс Дэзі». Бірсфард заўсёды вылучаўся схільнасьццю да псыхалягічнай глыбіні. Вось і гэтым разам ён прымусіў свайго героя ратавацца ад забойцаў, наладжваць адносіны з сынам і між іншым перавыхоўваць старога кілера.

Талент сапраўды не прап’еш: нават у свае 63 гады Бірсфард выдатна адбудоўвае атмасфэру, адметна будуе кадр і выціскае з актораў максымум таго, на што яны здольныя. Старэча Морган Фрымэн і прафэсійны недарэка Джон К’юзак – гэта шыкоўны дуэт, варты нашае ўвагі. Але не абышлося без праблем: на палове фільма сюжэт пачынае відавочна тармазіць. Справа выглядае так, нібыта ў аўтара скралі сцэнар, і той вырашыў па-хуткаму нешта зьляпаць. Фінал разчароўвае – але глядач усё ж атрымае сваю асалоду.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – шалёны блёкбастэр «Чалавек-павук 3. Вораг зь люстэрка». Чарговыя прыгоды закамплексаванага ратавальніка чалавецтва вымушаюць яго супрацьстаяць ня толькі варожым мутантам, але і сваім змрочным інстынктам. Хто ня ведае: горш за ўсё змагацца з самім сабой.

Рэжысэр Сэм Рэймі зрабіў вельмі нятаннае кіно – і гэта бачна, калі героі пачынаюць скакаць па хмарачосах і кідаць адзін у аднаго жоўтымі таксоўкамі. Але паміж бойкамі даводзіцца слухаць марудныя размовы пра маральныя прынцыпы. І вось тады робіцца сапраўды кепска. Грошы ўклалі ў спэцэфэкты – і згубілі герояў. Тым ня менш, Спайдэрмэн будзе і далей гойсаць па дахах: ужо заплянавана яшчэ тры сэрыі. Далучайцеся – калі вы ні на што больш ня вартыя.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Францускі тэлевядоўца і камэдыянт Ляран Бафі сваё першае кіно зрабіў пра тое, як ён спрабуе зрабіць сваё першае кіно. Завецца гэта проста – «Ключы ад машыны».

Здаецца – чыстае блазенства. Але да гэтых жарцікаў на працягу стужкі далучаюцца зоркі французскага кіно на чале з Жэрарам Дэпардзье. Каб у фінале мы проста шчыра ўсьміхнуліся – і яшчэ больш палюбілі кіно.
XS
SM
MD
LG