Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 5 ліпеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць закрыцьцё ў Расеі казіно і перанос ігравога бізнэсу на ўскрайкі краіны – на Далёкі Ўсход, паўночны Каўказ, у Сыбір і Калініградзкую вобласьць. Такім чынам, самыя бліжэйшыя для, напрыклад, масквіча казіно знаходзяцца ў Беларусі, куды расейцам не патрэбная віза. Камэнтары:

“РБ павольна, але няўхільна ператвараецца ў дадатак РФ, кшталту Кубы для ЗША. Гэткая маленькая Расея”;

“Калі за вяровачку граматна пацягнуць, гадоў праз пяць-дзесяць яны самі стануцца нашай Кубай”;

“Там дзе казіно – там у большасьці выпадкаў бандыты”;

“Які жах! Вы ведаеце што такое гульняманія? Вы бачылі ахвяры казіно? Дык навошта рабіць зь Беларусі Лас-Вэгас?"

На сайце “Мінскі блог” зьмешчаная падборка ўражаньняў расейцаў ад паездкі ў сучасную Беларусь: "Калі патрапляеш у наскрозь ілжывую, задушлівую беларускую рэальнасьць, пачынае падавацца, што Расея пры ўсіх ейных прыпадках – гэта здаровая сучасная краіна”. Яшчэ адзін водгук: Беларускай мовы я за дзень ані разу не пачуў. І гэта адно ўзмацняла адчуваньне, што знаходзісься ў Расеі – але ў нейкай іншай, альтэрнатыўнай Расеі”. Аўтарка агляду Вольга Шпарага падсумоўвае: “Жыхары Менску дагэтуль жывуць жаданьнямі народу і ўлады, атаясамліваюць ейныя сымбалі і атрыбуты з уласным жыцьцём. Пакуль мы будзем так рабіць, Менск, і Беларусь цалкам, будзе заставацца запаведнікам чужога ўяўленьня і волі, любая крытыка якіх будзе раніць нашыя сэрцы”.

Віленскі фатограф Андранік Антанян крытыкуе ў сваім дзёньніку фатаздымкі, што месьцяцца на сайце Радыё Свабода, але вылучае працы Зьмітра Бартосіка: “Нечаканым выключэньнем зьяўляецца Міця Бартосік. (…) Картачкі, зробленыя самай простай стужачнай мыльніцай, з успышкай у лоб зачароўваюць. У падобным стылі працаваў Віджы (Weegee) – культавы фатограф, які сваю кіпучую творчую энэргію скіраваў на фіксацыю начного жыцьця Нью-Ёрка 30-40 гадоў. На здымках, які зрабіў Віджы, бессэнсоўна шукаць паўтаны ці глыбокія дэталі ў ценях. Толькі асьлепленыя і скрадзеныя ў начы фігуры. Аказваецца, часам гэтага дастаткова, каб ўражваць гледача на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў. Трэба прызнаць, што Міця ня менш вялікі чым Віджы”.

На сайце “Jeans за свабоду!" зьявіўся флэш-ролік, складзены з фотаздымкаў апзыцыйных вулічных акцый апошніх двух гадоў. Паводле стваральнікаў роліку, у часе адной з дэманстрацыяў, калі міліцыянты забіралі ў людзей сьцягі, адзін з пратэстоўцаў скінуў зь сябе джынсавую кашулю, прывязаў да дрэўка, і джынсавы так джынса ператварылася ў сьцяг нязгодных.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG