Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедуць турысты на радзіму Васіля Быкава?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня недзяржаўная газэта “Вольнае Глыбокае” надрукавала праект новага турыстычнага маршруту на Віцебшчыне. Гісторыкі й краязнаўцы даводзяць, што вандроўнікаў можна запрашаць на радзіму народнага пісьменьніка Васіля Быкава.

У вёсцы Бычкі Вушацкага раёну летам шмат турыстаў. Гасьцей вабіць музэй-сядзіба Васіля Быкава.

І менавіта ў час такога падарожжа краязнаўцы з райцэнтру Глыбокае склалі плян новага маршруту. Пачаць яго прапануецца на ацалелым бруку старога Альгердавага шляху.

Расказвае краязнаўца Ўладзімер Скрабатун:

“Уявіце, Альгердаваму шляху цяпер больш як сямсот гадоў! Вялікі князь Альгерд двойчы ішоў па ім Маскву браць. І князь Вітаўт хадзіў. Сапраўды цікавыя мясьціны.

У вёсцы Зябкі — вялікі млын. На беразе возера Доўгае месьцяцца старажытныя могілкі. Геаграфічным цэнтрам Эўропы афіцыйна вызначанае возера Шо”.

У вёсцы Зябкі ля слынных азёраў захаваўся таксама вакзал першай у Беларусі чыгункі. А ў суседнім мястэчку Празарокі — музэй заснавальніка першага прафэсійнага беларускага тэатру Ігната Буйніцкага.

За чатырнаццаць кілямэтраў ад гэтай мясьціны ў кірунку Вушачаў — радзіма Васіля Быкава. Са словаў Уладзімера Скрабатуна, акрамя легкавіка альбо аўтобуса на гэтым маршруце можна карыстацца роварам і лодкай.

“Пэрыядычна турыстычныя групы просяць паказаць тут цікавыя аб’екты. Пераважна гэта прасунутая моладзь студэнцкага ўзросту. Людзі, якія шануюць беларускую гісторыю”, — кажа Скрабатун.

Праект новага турыстычнага маршруту на Віцебшчыне падтрымлівае пісьменьніца Вольга Іпатава, аўтарка вершу “На возеры Доўгім”, гістарычнага раману “Альгердава дзіда”. Кожнае лета яна адпачывае ў Глыбоцкім раёне:

“Я лічу, што ідэя вельмі прывабная. Такі маршрут сканцэнтруе, я б сказала так, любоў да Быкава. Мы б маглі зь Менску праз Вушачу, з Полацку і Глыбокага зьяжджацца па гэтым маршруце і сустракаць розныя сьвяты. Але й турысты, у першую чаргу. Экскурсія — Беларусь, якой яны ня ведаюць, — гэта вельмі пэрспэктыўная ідэя”.

Праект новага турыстычнага маршруту на Віцебшчыне накіруюць у Глыбоцкі й Вушацкі райвыканкамы. Тым часам у наступныя выходныя краязнаўцы правядуць чарговую экскурсію ад Альгердавага шляху да музэю Васіля Быкава.

Радзіма Быкава, Віцебшчына. Брукаваны Альгердаў шлях
Брукаваны Альгердаў шлях да сёньня служыць Беларусі

Радзіма Быкава, Віцебшчына. Возера Глыбокае і найстарэйшы пагост
Міты Віцебшчыны: возера Глыбокае і найстарэйшы пагост

Радзіма Быкава, Віцебшчына. У музэі Ігната Буйніцкага
У музэі Ігната Буйніцкага

Радзіма Быкава, Віцебшчына. Касьцёл у нэараманскім стылі ў Празароках
Касьцёл у нэараманскім стылі ў Празароках

(Фота Ўладзімера Скрабатуна)

Бычкі: “Казаў: жыць добра, толькі я ў дрэнны час нарадзіўся”, 21.06.07
XS
SM
MD
LG