Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Станкевіч: “Мне вельмі дорага ўсё, што зьвязана зь Беларусьсю”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – дэпутат літоўскага парлямэнту Вацлаў Станкевіч.

Знаткевіч: “Вы замовілі сабе песьню "Вы шумеце, бярозы" ў выкананьні гурту “Сябры”. У Беларусі я чуў, як яе сьпяваюць на бяседах, пад выпіўку і закуску – вам даводзілася яе сьпяваць у нейкіх кампаніях зь беларусамі?”

Станкевіч: “Па-першае, шчыры вам дзякуй за пекную беларускую мэлёдыю. Так, даводзілася сьпяваць гэтую песьню, і ў такіх цікавых абставінах. Я часам жартую, што ў сваім “першым самастойным жыцьці” я – капітан далёкага плаваньня. Я шмат гадоў хадзіў у мора, і ў апошнія гады маёй кар''еры як капітана на маім караблі гэтая песьня была паміж намі, маракамі, прызнаная гімнам нашага карабля. Так што я яе сьпяваў, і сьпявалі маракі, якія працавалі разам са мной”.

Знаткевіч: “А ці ёсьць у вас сяброўскія адносіны зь нейкімі беларускімі палітыкамі?”

Станкевіч: “Я падтрымліваю вельмі добрыя адносіны зь беларускімі палітыкамі, як з апазыцыяй, так і з "пазыцыяй" – зь Лябедзькам, Вячоркам, Мілінкевічам, Калякіным і іншымі. Мне здаецца, што я добра ведаю палітычнае становішча ў Беларусі, таму што я часта зь імі размаўляю”.

Знаткевіч: “Вы назвалі толькі імёны людзей з апазыцыі – імёны людзей з улады вы не называеце, бо баіцеся, што гэта ім пашкодзіць?”

Станкевіч: “Не-не, ім гэта не пашкодзіць, я добра знаёмы, напрыклад, зь цяперашнім старшынём беларускага Нацыянальнага сходу спадаром Канаплёвым, мы зь ім сустракаліся не адзін раз, ведаю іншых палітыкаў – я размаўляю з аднымі і з другімі, мне ўсё цікава і вельмі дорага ўсё, што зьвязана зь Беларусьсю”.

“Патрабаваньні ад сёньняшняй Расеі кампэнсацыі за акупацыю ня маюць пэрспэктывы”

Знаткевіч: “Днямі 22 дэпутаты сойму Літвы зьвярнуліся да прэм’ер?міністра Гедымінаса Кіркіласа ды міністра замежных справаў Пятраса Вайтэкунаса з парлямэнцкім запытам «Аб кампэнсацыі шкоды ад акупацыі СССР». Парлямэнтарыі патрабуюць сфармаваць дэлегацыю для перамоваў з Расеяй аб кампэнсацыі шкоды, прычыненай Літве ў 1940-1990 гг. Раней урадавая камісія падлічыла, што Літва павінна дабівацца ад Масквы ў якасьці кампэнсацыі шкоды ў 20 мільярдаў даляраў ЗША. Спадар Станкевіч, як вы ставіцеся да гэтай ініцыятывы?”

Станкевіч: “Я чуў пра гэтую ініцыятыву, але майго подпісу ў гэтым звароце няма. Я лічу, што тут справа вельмі складаная. Па-першае, кажучы пра гэтыя цяжкія часы ня толькі для Літвы, але для іншых краінаў, для Беларусі і самой Расеі, для Эстоніі, Латвіі, Польшчы, мне адразу прыходзіць на думку сталінскі рэжым. Сапраўды, гэта злачынны рэжым, ён прынёс вельмі шмат гора і літоўскаму, і беларускаму, і расейскаму народу, і іншым краінам, але сёньняшняя Расея нічога супольнага ня мае са Сталіным, зь яго рэжымам, таму я лічу, што такія патрабаваньні ад сёньняшняй Расеі наконт кампэнсацыі ня маюць пэрспэктывы.

Мы заўсёды дэкляруем свае намаганьні ў кірунку падтрыманьня як мага лепшых адносінаў зь іншымі краінамі. Расея – суседняя краіна зь Літвой, і я лічу, што калі мы будзем падымаць такія ініцыятывы, патрабаваць нейкай кампэнсацыі, то няма чаго марыць пра добрыя адносіны паміж нашымі краінамі. Расейскі народ таксама нацярпеўся ад сталінскага рэжыму – ад каго ім патрабаваць кампэнсацыі? Трэба ісьці іншым шляхам, але ня так, як зрабілі мае калегі”.

Знаткевіч: “Калі кажуць, што сёньняшняя Расея ня мае нічога супольнага з той сталінскай Расеяй, то некаторыя заходнія палітыкі гавораць пра тое, што ва ўладзе цяпер былы прадстаўнік КДБ, які ганарыцца традыцыямі савецкай дзяржбясьпекі, пра тое, што ў Расеі адраджаюцца нейкія аўтарытарныя рэчы. Вас гэта не турбуе?”

Станкевіч: “Гэта нас турбуе. Сапраўды, як суседзі, мы маем да Расеі шмат нараканьняў у гэтым кірунку. Мы бачым, што Расея патрохі як бы адыходзіць ад дэмакратыі, і тут можна шмат пра гэта гаварыць. Мы незадаволеныя гэтым. Але ўсё ж такі мы спадзяемся, што расейскія палітыкі і расейскі народ знойдзе ў сабе сілы і ўтрымае генэральны кірунак на дэмакратыю. Сёньня казаць, што прэзыдэнт Пуцін і сталінскі рэжым – адное і тое, я з гэтым не пагаджуся. Паўтаруся, што Расея, на жаль, адыходзіць ад дэмакратычных прынцыпаў, але набліжаюцца выбары, парлямэнцкія і прэзыдэнцкія, то, можа, таму і праходзяць такія не зусім дэмакратычныя працэсы. Я спадзяюся, што ў будучыні ўсё ж такі Расея будзе ісьці па дэмакратычным шляху разьвіцьця”.

“Пацярпелі ня толькі літоўцы”

Знаткевіч: “Калі гаварыць пра савецкую акупацыю Літвы, дык у Беларусі часам узгадваюць, што менавіта ў выніку акупацыі да літоўскай дзяржавы адыйшла Віленшчына і уласна Вільня. Ці не баяцца літоўскія палітыкі у гэтай сувязі ўздымаць пытаньне пра кампэнсацыі?”

Станкевіч: “Ведаеце, сапраўды, гэта так – да Літвы былі далучаны ня толькі Віленскі край, але і горад Кляйпэда, ад якога я і выбраны ў сойм Літоўскай рэспублікі, таму калі яны падымаюць такое пытаньне, то пэўна, што не баяцца, але я лічу, што незалежна ад таго, баімся мы ці не, ёсьць яшчэ і такія маральныя ноткі, што пацярпелі ня толькі літоўцы, але і жыхары іншых краінаў. Таму калі мы будзем цяпер праз столькі гадоў выстаўляць такія патрабаваньні, то я лічу, што адносіны толькі пагоршацца. Я разумею, што гэтым людзям, якія пацярпелі пад акупацыяй, цяжка, але ўсё ж такі расейскія людзі памяняліся, зьмяніліся пакаленьні, і патрабаваць ад сёньняшняга расейца, каб ён плаціў кампэнсацыю летувісу ці беларусу ці яшчэ камусьці – гэта не зусім справядліва”.

Знаткевіч: “Сёньня людзі ў Горадні адказалі на пытаньне нашага карэспандэнта, ці трэба Беларусі патрабаваць кампэнсацыі за рэпрэсіі 1930-х – 50-х гадоў”.



Станкевіч: “Ведаеце, вельмі цікавыя адказы. Я не зьдзіўляюся, што яны такія. Калі сёньня прайсьці па вуліцах Вільні і папрасіць мінакоў адказаць на гэтае пытаньне, я мяркую, што адказы былі б вельмі падобныя. Людзі нацярпеліся, гэта трэба зразумець, і сталінскі рэжым быў злачынны, але калі сёньня патрабаваць ад Расеі кампэнсацыі, то гэта будзе вельмі вялікая сумятня ў нашым асяродзьдзі, паміж нашымі краінамі. Мы не павінны патрабаваць, а павінны палітычна асудзіць гэты злачынны рэжым, што мы і робім. А наконт кампэнсацыі – гэта непатрэбная справа”.

“Адмежавацца ад Беларусі высокімі цэнамі на візы і ліквідаваць прэфэрэнцыі – гэта нелягічна”

Знаткевіч: “Калі гавораць пра палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі, часам кажуць, што менавіта Літва, а таксама Польшча спрабуюць, па-першае, уздымаць беларускае пытаньне ў эўрапейскіх структурах, а па-другое, прапануюць нейкую сваю палітыку, свае падыходы ў адносінах зь беларускай уладай. Наколькі, на вашую думку, гэта так?”

Станкевіч: “Гэта так, бо мы – Польшча, Літва – суседнія краіны зь Беларусьсю, і мы лічым, што ўсё ж такі лепей разумеем тое, што адбываецца ў Беларусі. Як вы ведаеце, Літва не згаджалася і не згаджаецца зь ліквідацыяй прэфэрэнцыяў для Беларусі, таксама не згаджаемся з Эўразьвязам наконт цэнаў на візы для беларусаў у краіны Эўразьвязу, і гэтак далей. Мы гуляем у калектыўную гульню з Эўразьвязам, бо мы краіны Эўразьвязу, але маем сваё меркаваньне. Адмежавацца ад Беларусі высокімі цэнамі на візы і ліквідаваць прэфэрэнцыі – гэта нелягічна і ня дасьць станоўчых вынікаў”.

Знаткевіч: “Спадар Вацлаў, часам ад прадстаўнікоў беларускай улады можна пачуць, што Літва, далучыўшыся да Эўразьвязу, адкрыўшы свае рынкі, згубіла прамысловасьць, згубіла сельскую гаспадарку, патрапіла ў залежнасьць. Якое вашае меркаваньне ў гэтым пытаньні?”

Станкевіч: “Сапраўды, мы частку сваёй эканамічнай незалежнасьці страцілі, гэта трэба прызнаць, але гэта мы рабілі самастойна, мы ведалі, што так будзе. Калі жанчына з мужчынам уступаюць у шлюб, яны таксама трацяць незалежнасьць. Але мы ня страцілі сваёй прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, у нас ёсьць цяжкасьці, але гэта ня значыцца, што гэта вынік уступленьня ў Эўразьвяз. Мы вельмі задаволеныя, што мы ў Эўразьвязе – элітным клюбе краінаў, наша эканоміка расьце, і я ўпэўнены, што мы паступілі правільна, уступіўшы ў Эўразьвяз”.

Знаткевіч: “Вы былі капітанам карабля – вы маглі б расказаць якую-небудзь гісторыю, самую яркую, што адбылася за гэты час?”

Станкевіч: “Гісторыяў было вельмі шмат. Можа, мяне слухаюць былыя маракі, мае калегі, якія разумеюць, што капітанам становяцца не за адзін год, трэба прайсьці цэлую герархію ў кар''еры. Я пачаў ад курсанта мараходнай вучэльні і скончыў кар''еру капітанам-дырэктарам. Паколькі часу мала, скажу так, што зрабіў гэтую кар''еру вельмі хутка, стаў капітанам-дырэктарам у 32 гады, таму вельмі ганаруся, што я, беларус па нацыянальнасьці, грамадзянін Літвы, стаў капітанам у такім маладым узросьце”.
XS
SM
MD
LG