Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці купіць Іран у Беларусі сыстэму проціпаветранай абароны?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь міністрам абароны й падтрымкі ўзброеных сілаў Ірану генэралам Мустафом Мухамадам Наджарам. Лукашэнка заявіў, што стасункі з Іранам у вайскова-тэхнічнай сфэры ўгрунтаваныя найперш на разьвіцьці высокіх тэхналёгіяў.

Візыт міністра абароны адбываецца пасьля нядаўняга візыту прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада ў Беларусь, які быў у другой палове траўня.

Якраз падчас ягонага візыту ў Менску адкрылася міжнародная выстава ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі. Аднак падчас сустрэчы кіраўнікоў Ірану і Беларусі, як перадалі афіцыйныя крыніцы, ні слова не было сказана пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Цяпер Аляксандар Лукашэнка, прымаючы міністра абароны Ірану, заявіў, што ўсе падпісаныя кантракты з іранскім бокам выканаюць.

Стасункі з Іранам у вайскова-тэхнічнай сфэры, паводле кіраўніка Беларусі, заснаваныя найперш на разьвіцьці высокіх тэхналёгіяў.

Міністар абароны Ірану заявіў, што Беларусь займае асаблівае месца ў іранскай замежнай палітыцы. Ён сказаў, што ад моманту візыту Лукашэнкі ў Тэгеран прайшло дзевяць месяцаў і за гэты час бакі змаглі зрабіць рух наперад у сфэры вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Вячаслаў Раменьчык: “Пытаньне закупу зброі – гэта ня сфэра кампэтэнцыі Міністэрства абароны”.
Падчас візыту міністра абароны Ірану абмяркуюць пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж двума вайсковымі ведамствамі. Аднак падрабязнасьцяў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменьчык не паведаміў:

“Уся інфармацыя адносна візыту разьмешчаная ў нас на сайце, нічога дадаць не магу. Паводле вынікаў візыту будзе інфармацыя. Калі ён завершыцца, падвядзем вынікі, аналіз, натуральна, дамо ва ўстаноўленым парадку. Пра дату завяршэньня візыту будзе паведамлена дадаткова”.

На пытаньне, ці будзе абмяркоўвацца пытаньне закупаў зброі, Вячаслаў Раменьчык адказаў:

“Гэта ня сфэра кампэтэнцыі Міністэрства абароны”.

Аляксандар Алесін: “Відаць, іранцаў цікавіць сыстэма проціпаветранай абароны”.
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што ў пытаньні зброі Ірану цікавая Беларусь:

“Я думаю, што рэалізуецца тое, пра што дамовіліся Лукашэнка і Ахмадзінэжад падчас візыту ў Беларусь. Відаць, іранцаў цікавіць сыстэма проціпаветранай абароны, напрацоўкі Беларусі ў гэтым пляне.

Гаворка можа ісьці пра аўтаматызаваную сыстэму кіраваньня сыстэмай проціпаветранай абароны. Пра мадэрнізацыю сыстэмаў ППА, якія ёсьць на ўзбраеньні ў Іране. Можа ісьці гаворка пра пастаўку мадэрнізаваных комплексаў С-125, якія нядаўна зьнялі з узбраеньня беларускага войска.

Падобную сыстэму Іран хацеў закупіць у Расеі, але Расея з палітычных матываў, ня хочучы абвастраць стасункаў з ЗША, адмовілася яе пастаўляць. Галоўным падрадчыкам тут можа выступіць беларускі бок. А Расея ў якасьці субпадрадчыка”.

Паводле Аляксандра Алесіна, нагодай для беларуска-іранскага супрацоўніцтва можа быць і мадэрнізацыя іранскіх баявых самалётаў савецкай вытворчасьці.

Іран цікавіць таксама мадэрнізацыя бранятэхнікі й падрыхтоўка пэрсаналу ў беларускай акадэміі — найперш у сфэры проціпаветранай абароны.

На пачатку году міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў і шэраг высокапастаўленых вайскоўцаў і чыноўнікаў, якія адказваюць за вайсковую прамысловасьць, наведалі Іран. Беларускага міністра абароны Леаніда Мальцава прыняў у сваёй рэзыдэнцыі прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад.
• Ці абмяркоўвалі Лукашэнка і Ахмадзінэжад вайсковае супрацоўніцтва?, 22.05.2007 • Ахмадзінэжад назваў Лукашэнку адным з найлепшых сяброў, 21.05.2007 • Пра што маглі дамовіцца прэзыдэнт Ірану і міністар абароны Беларусі?, 23.01.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG