Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Няма ў вас, Аляксандар Рыгоравіч, пачуцьця Радзімы"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 5 ліпеня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Зіноўеў: “Віншую Амэрыку! Думаю, што яе прысутнасьць пазбаўляе Вялікую Эўропу ад вялікага страху энэргетычнага і палітычнага шантажу".

Спадарыня: “Пабывала ў горадзе Наваградку і не магу. Баліць мая душа, калі я глянула на цэны на рынку. Цяпер ужо ліпень, а памідоры па 4-7 тысяч. У крамах па 4 і вышэй. А як жа нам, людзям, нарыхтаваць на зіму? Агуркі дарагія, усё дарагое. Хлеб у няшчасны цэляфан абгарнулі і зрабілі 1080. Як пражыць людзям, калі не дадалі ні пэнсіі, ні дапамогі на дзіця?! Як можна пракарміць дзіця зь цяперашнімі нашымі цэнамі?! Як можна пражыць самому?! І сябе пракарміць, абуць і адзець! Баліць мая душа глядзець, як некаторыя стогнуць, ня ведаючы, як пражыць на 120 тысяч. Гэта немагчыма! Настолькі нізкія ў нашых людзей аклады! Аляксандар Рыгоравіч кажа: “Нараджайце дзяцей!” А як ж гэтых дзяцей нараджаць у галечу. У голад, у холад і ўсё астатняе?!”

Спадарыня: “Хачу спытацца, чаму на вашым радыё ўвесь час абараняюць гэтых прадпрымальнікаў. Колькі ні гляджу, дык ніхто не працуе зь іх па-сапраўднаму. Езьдзяць на дарагіх аўтамабілях, ходзяць з сабакамі, панаймалі ў шапіках нейкіх сваіх людзей, якім плацяць па 200-250 тысяч. Чым гэта не капіталісты? Чаму на вашым радыё ўвесь час абараняюць інтарэсы прадпрымальнікаў? Гэта што, радыё ад улады?”

Ларыса, Менск: “Неяк няёмка слухаць, што нашай краіне нехта пагражае. Гэтыя чуткі былі і раней. Некаторыя нашы пэнсіянэры выказваліся, што быццам нас хоча захапіць Амэрыка. Для некаторых ня толькі ў нас, але і ў іншых краінах Амэрыка – гэта вораг нумар 1. Але ж яна ад нас так далёка!

Наколькі я ведаю, амэрыканцы дапамагаюць тым, што пастаўляюць гуманітарную дапамогу ў чарнобыльскую зону ды пастаўляюць мэдыцынскае абсталяваньне ў анкалягічныя цэнтры ў Бараўлянах ды ў Гомелі. Вось такі вораг нумар 1.

Каб не было ворагаў, як унутры краіны, так і за мяжой, трэба весьці перамовы. Трэба браць прыклад з Пуціна і Буша. Ня трэба шукаць ворагаў”.

Спадарыня: “Яшчэ да дня 3-га ліпеня. Сваю прамову на сьвяце незалежнасьці беларускі прэзыдэнт амаль пракрычаў. Выслухаць усё спакойна было цяжка. Дый навошта? Усё наперад вядома. А напрыканцы словы: “Няхай жыве і квітнее наша Радзіма Беларусь!”

Няма ў вас, Аляксандар Рыгоравіч, пачуцьця Радзімы, калі вы нават такія словы выкрыкваеце па-расейску. Уладзімер Пуцін, хоць і ня любіць вас, але вы яму яшчэ патрэбныя. Каб ня даць спакойна жыць Грузіі, Украіне, Малдове, каб трымаць у паслушэнстве Каўказ, усходняй імпэрыі патрэбны немалыя высілкі. Беларусь ужо ніяк не выпадае выпускаць з імпэрскіх абдымкаў. Але беларускага янычара, ці беларускага апрычніка новага, яшчэ няма ў Масквы. І гульня, небясьпечная гульня, працягваецца. Вам трэба неабмежаваная ўлада, Маскве – Беларусь. Ды ня трэба нам, як вы сказалі, “працьвітанія” ў імпэрыі. Мы хочам быць народам! І дапамажы нам Бог, каб покліч “Жыве Беларусь!” быў самы дарагі для нас і сапраўды вечны.

А сьвяточнае шэсьце было занадта стракатае і квяцістае, папулісцкае, якраз пад густ тых, хто стаяў на сьвяточнай трыбуне. У іх нават твары ў нечым былі аднолькавыя. Дзякуй, “Свабода”. Усяго найлепшага вам у працы”.

Спадарыня: “На пытаньне тыдня, што пагражае Беларусі. Вядома ж, адзін чалавек пагражае. З той адной прычыны, што яго палітыка загнала беларусаў у тупік. Грошы, якія расходуюцца на тыя віцебскія гульні, на 3-ліпеньскія гульні… Які ж гэта Дзень Незалежнасьці, калі гэта толькі Дзень вызваленьня Менску? Калі Горадня, Берасьце, Баранавічы, Івацэвічы і шэраг іншых гарадоў былі яшчэ пад акупацыяй? І невядома, як склалася...

Адна акупацыя прыйшла на другую акупацыю. Сацыялізм у нас квітнее наўкола. Усюды вуліцы расейскага кшталту. Няма нідзе беларускага. Можна падумаць, што ў нас не выдаюць ніякіх пісьменьнікаў, музыкантаў, паэтаў, мастакоў. Усё ў нас расейскае. Усё савецкае. Дзякуй за ўвагу”.

Анастас Семяновіч: “Што пагражае сувэрэнітэту роднай Беларусі? Адзіная пагроза сыходзіць ад галоўнага начальніка Беларусі – таварыша Лукашэнкі. Ні Амэрыка, ні НАТО, ні Эўропа роднай Беларусі не пагражаюць і ніколі пагражаць ня будуць. Гарантыя – 1000 %.

Пагроза ідзе і будзе ісьці толькі ад мафіёзнай Расеі. Без вайны яны жыць ня могуць. Ім абавязкова трэба зь некім ваяваць. Гэта ў іх у крыві. Цяпер яны вырашылі, што вам патрэбен крэдыт на 2 мільярды даляраў. “Мы згодныя даць крэдыт, таварыш Лукашэнка, але давайце не языком малоць, а зробім адзіную грашовую сыстэму, то бок расейскі рубель”. А гэта ўжо Беларусі няма. Вось вам і пагроза. Ні НАТО, ні Амэрыка да такога глупства не дадумаліся. Адзіны выхад – адправіць галоўнага начальніка ў адстаўку, правесьці выбары без пасады прэзыдэнта. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG