Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Сэвэрын: “Зьмены ў Беларусі павінны высьпець унутры краіны”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Анонс недзяржаўных СМІ за 5 чэрвеня.

Чаму Адрыян Сэвэрын лічыць, што надалей сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе пагаршацца? Журналістка “Народнай волі” Марына Рахлей узяла інтэрвію ў экс-дакладчыка па Беларусі ў Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека. Размова адбылася пасьля таго, як пасада, якую займаў Адрыян Сэвэрын, была скасаваная. Але, можа, якраз таму Адрыян Сэвэрын быў больш шчыры, чым звычайна дазваляюць сабе дыпляматы? Суразмоўца, якога газэта прэзэнтуе як “страснага чалавека ў пошуках праўды”, апавядае аб праблемах, зь якімі сутыкнуўся, калі выконваў сваю працу па назіраньні за становішчам у Беларусі, а таксама не хавае і прэтэнзіяў да беларускай апазыцыі.

Журналісты “Народнай волі” дасьледуюць праблемы, зь якімі сутыкаюцца жыхары Менску ў звычайным жыцьці. Ці пратрымаюцца надалей кіёскі на прыпынках гарадзкога транспарту? Як узяць крэдыт у менскім банку? Парадамі ў банкаўскай сфэры дзеліцца былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

У крымінальнай рубрыцы газэты зьмешчана сапраўдная сэнсацыя – раскрыта таямніца забойства беларускага банкіра Аляксандра Лісьнічука, які загінуў у 1993 годзе. Газэта называе прозьвішчы праўдападобных выканаўцы і заказчыка гэтага злачынства.

“Комсомольская правда в Белоруссии” да 125-годзьдзя беларускага песьняра зьмясьціла інтэрвію зь ягонай унучатай пляменьніцай, у якім даказаныя кроўныя сувязі сваякоў вялікага паэта і вялікага мастака Клёда Манэ. Карэспандэнт газэты Глеб Лабадзенка згадвае і цікавыя аповеды пра Янку Купалу людзей, якія яго добра ведалі. Прыкладам, як Купала раўнаваў жонку, як прымусіў Зьмітрака Бядулю пісаць па-беларуску ды за што аднойчы пакрыўдаваў Якуб Колас на Янку Купалу.

У Слуцку пасяліліся болей за 250 параў салаўёў. Па колькасьці гэтых птушак горад заняў другое месца ў краіне пасьля Берасьця, паведамляе слуцкая гарадзкая газэта “Інфа-кур’ер”. Але галоўная тэма чарговага нумару штотыднёвіка – праблема чысьціні паветра ў горадзе. Як мяркуюць журналісты, сваю працу трэба ўдасканальваць ня толькі працаўнікам мясцовага цукровага заводу, але і мясцовым чыноўнікам, якія нясвоечасова інфармуюць людзей пра экалягічныя праблемы.

“Бобруйский курьер” падтрымлівае намаганьні пашырыць ужытак беларускай мовы. Журналіст Віктар Качан расказаў “Свабодзе”:

“Мы апавядаем пра ініцыятыву бабруйскай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Яны зьвярнуліся да кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства “Чырвоны харчавік” з просьбай выкарыстоўваць дзяржаўную беларускую мову на пакунках сваіх вырабаў. “Крыўдна і сорамна, – пішуць сябры суполкі ТБМ, – што салодкая візытоўка Бабруйску “Зефир” ня мае беларускай аздобы ні на адным са шматлікіх відаў. Між тым горад і ўся Беларусь заваленыя ўкраінскай кандытарскай прадукцыяй, якая аформлена па-ўкраінску і добра прадаецца”.

"Гэта выпадковасьць, недагляд ці адмысловая маркетынгавая палітыка?" – задаюць пытаньне аўтары звароту, які друкуе “Бобруйский курьер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG