Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: наступствы ад скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў


Радыё Свабода 21 чэрвеня Эўразьвяз скасаваў гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі. Ці зьведала магілёўская рэгіянальная эканоміка за прамінулы час нэгатыўныя наступствы ад пастановы Эўразьвязу. Ва ўправе эканомікі Магілёўскага аблвыканкаму спадзяюцца, што неўзабаве гандлёвыя прэфэрэнцыі будуць вернутыя.

Прадукцыя "Белшыны" падаражэе на 4-4,5%

Бабруйская “Белшына” стала першым і пакуль адзіным прадпрыемствам Магілёўшчыны, якое прызнала, што скасаваньне гандлёвых прэфэрэнцыяў адаб’ецца на канкурэнтаздольнасьці прадукцыі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, прадукцыя “Белшыны” будзе абкладацца мытам на 4-4,5% ад кошту. Прадукцыя падаражэе, і гэта адаб’ецца на рэнтабэльнасьці экспарту.

У аддзеле рэалізацыі прадукцыі ў краіны гэтак званага далёкага замежжа “Белшыны” паведамілі “Свабодзе” наступнае:

“На чатыры працэнты практычна кожнай групы прадукцыі на Эўразьвяз нашы пакупнікі ў далёкім замежжы страчваюць гэтыя прэфэрэнцыі з 21 чэрвеня. Пытаньне гэтае трэба задаць афіцыйна кіраўніцтву аб’яднаньня. Патэлефануйце ў канцэрн альбо ў вышэйшыя арганізацыі”.

У канцэрне “Белнафтахім” адмовіліся камэнтаваць паведамленьне зь “Белшыны”, спаслаўшыся на тое, што пра яго ня ведаюць.

“Белшына” гандлюе з 44 краінамі сьвету, асноўны партнэр прадпрыемства – Расея, больш як 60% прадукцыі прадаюць туды.

Тым часам у Магілёўскім аблвыканкаме яшчэ не падлічвалі стратаў для эканомікі рэгіёну ад скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў.

У аддзеле эканомікі аблвыканкаму спадзяюцца, што гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі адмянілі часова і хутка стане ўсё на свае месцы.

“Такі падлік на ўзроўні вобласьці яшчэ ня вёўся. Было такое паведамленьне. Спадзяюцца вярнуцца да гэтага пытаньня, разгледзець яшчэ раз патрабаваньні Эўрапейскага Зьвязу. Можа быць, усё стане на свае месцы”, – паведаміў начальнік аддзелу эканомікі аблвыканкаму.

Алена Захожая: зьнікла ранейшая агрэсіўнасьць да незалежных прафсаюзаў

Эўразьвяз скасаваў гандлёвыя прэфэрэнцыі праз парушэньне правоў незалежных прафсаюзаў. Ці зьмянілася ў Бабруйску стаўленьне наймальнікаў да сяброў незалежных прафсаюзаў? І ці ведаюць працоўныя пра скасаваньне гандлёвых прэфэрэнцыяў?

На гэтыя пытаньні адказвае актывіст “Свабоднага прафсаюзу” Беларусі Міхаіл Кавалькоў:

“Я не чакаў такога, я меркаваў, што будзе накат на незалежныя прафсаюзы. Маўляў, вось паглядзіце, людзі, чаго яны дамагліся, – таго, што Беларусь страціла такую вось суму ад прэфэрэнцыяў. Сярод працоўных пра гэта ніхто ня ведае. Цяпер вось зацішак, я ня ведаю, да чаго ён прывядзе.

Можа быць, улады, урад, у тым ліку і наймальнікі адумаюцца. Усё ж лепей працаваць у межах сацыяльнага партнэрства з прафсаюзамі, чым напружваць сытуацыю”.

Паводле былой працаўніцы “Белшыны” Алены Захожай, стаўленьне адміністрацыі прадпрыемства да сяброў “Свабоднага прафсаюзу” не зьмянілася. Праўда, зазначае спадарыня Захожая, зьнікла ранейшая агрэсіўнасьць.

Алена Захожая цяпер на пэнсіі, але кантактаў з калегамі з прафсаюзу не перапыніла.

Нагадаем, Алена Захожая 43 дні трымала галадоўку на знак пратэсту супраць парушэньня правоў незалежнага прафсаюзу адміністрацыяй “Белшыны”.

• Санкцыі Эўразьвязу сталі рэальнасьцю, 21.06.2007 • Якія палітычныя наступствы пазбаўленьня Беларусі прэфэрэнцыяў?, 21.06.2007 • Працаўніца “Белшыны” абвясьціла галадоўку, 05.10.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG