Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І. Лаўроўская: "Ідзе зачыстка ўсяго, што робіць нашу краіну адметнаю"


Аляксей Знаткевіч, Прага Удзельніца аўторкавай “Начной Свабоды” – кіраўніца ліквідаванага ўладамі берасьцейскага грамадзкага аб’яднаньня “Стары горад” Ірына Лаўроўская. Увесну 2006 году Ірына Лаўроўская была ўдзельніцай намётавага лягеру на Кастрычніцкім пляцы ў Менску.

Знаткевіч: На мінулыя тыдні Вярхоўны суд адхіліў скаргу вашай арганізацыі. Нагадаю, у красавіку берасьцейскі абласны суд ліквідаваў "Стары горад", назваўшы яго дэструктыўнай арганізацыяй. Чым, на Вашу думку, арганізацыя замінала ўладзе?

Лаўроўская: Наша арганізацыя замінала ўладзе ўжо даўно – і замінала толькі тым, што мы займаліся культурай і захаваньнем спадчыны, захаваньнем найбольш адметных куточкаў нашага гораду. Мы займаліся захаваньнем нашай самабытнай культуры, і гэта стала "косткай у горле" для ўлады. Наша арганізацыя існавала 15 гадоў і за гэты час нам удалося шмат чаго зрабіць. Мы асягнулі тое, што плянавалі зрабіць на пачатку 90-х. Разам мы зьбіраліся яшчэ ў канцы 80-х, зарэгістраваліся ў дзяржаўных структурах у 92-м. Так што да гэтых 15-ці можна дадаць яшчэ два гады – вы разумееце, што гэта даволі доўгі час для грамадзкай арганізацыі.

Знаткевіч: Вы гаворыце, што два гады дзейнічалі без рэгістрацыі ў канцы 80-х – пачатку 90-х. Ці паспрабуеце цяпер дзейнічаць без рэгістрацыі?

Лаўроўская: Як Вы ведаеце, цяпер іншыя законы, і за любую такую актыўнасьць прадугледжана пэўная адказнасьць. Таму наўрад ці можна дзейнічаць як арганізацыі без рэгістрацыі. Аднак, мы ўжо зь сябрамі дамовіліся, што ўсе паперы, якія мы назапасілі – я маю на ўвазе паперы з нашых судоў – мы перадаем у ААН і спадзяемся, што там будзе разгледжана наша скарга. Акрамя таго, мы захоўваем увесь архіў, усе позвы і газэтныя выразкі і спадзяемся, калі ў нашай дзяржаве будзе іншая сытуацыя, калі права будзе вышэй за ўсе, мы адновім свой юрыдычны статус.

Знаткевіч: Цяпер у Горадні грамадзкасьць пратэстуе супраць разбурэньня помнікаў у цэнтры гораду. Вось у аўторак адбыліся чарговыя затрыманьні – на гэты раз моладзь наладзіла пэрформанс. У мінулым месяцы ў Магілёве таксама былі пратэсты, бо на Замчышчы аднавілі будаўніцтва праваслаўнага храму і пры гэтым не ўзгаднілі яго з археолягамі. Увогуле пратэсты супраць разбурэньня гістарычнай забудовы ў Беларусі апошнім часам адбыліся шмат дзе. На Вашу думку, ці магчымае аб''яднаньне людзей, што заклапочаныя гэтай праблемай?

Ірына Лаўроўская: “Тое, што сёньня робіцца ў Беларусі – гэта, фактычна, зачыстка усяго таго, што зьяўляецца нашым спрадвеку, што мае сваю адметнасьць, свае рысы, свае сылюэты, што робіць нашу краіну адметнаю”
Лаўроўская: Я думаю, гэта даўно насьпела. Гэта вельмі балючая праблема. Наш горад, дзе я нарадзілася і жыву, быў зьнішчаны яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі, і пра гэта мала хто ведае. Тое, што сёньня робіцца ў Беларусі – гэта, фактычна, зачыстка усяго таго, што зьяўляецца нашым спрадвеку, што мае сваю адметнасьць, свае рысы, свае сылюэты, што робіць нашу краіну адметнаю. На жаль, тыя людзі, якія прымаюць рашэньні па перабудове ці зносе, яны не разумеюць, што яны нішчаць тое, што і для нас, і для іх зьяўляецца вельмі каштоўным. Што да тых людзей, якім ужо сёньня баліць – гэта людзі адказныя, якія мысьляць дзяржаўна, мысьляць пра будучую Беларусь. І такія людзі павінны быць разам. Думаю, што іх голас павінен быць больш рашучы. Па адным нас лёгка прыціскаюць і адхіляюць ад удзелу ў штодзённым жыцьці краіны. Гэта паўсюль – кожны з нас, каму баліць, выштурхнуты з гэтага жыцьця. Думаю, што каб была магчымасьць усім аб''яднацца, мы б дамагліся большага плёну і спынілі б той гвалт, які сёньня чыніцца над нашай спадчынай.

Знаткевіч: А ўвогуле, у вас, берасьцейцаў, ёсьць кантакты, напрыклад, з гарадзенцамі ці іншымі, ці ёсьць узаемная дапамога?

Лаўроўская: Была такая ініцыятыва – наша моладзь зьбіралася паехаць у Горадню і прадставіць гарадзенцам сваё бачаньне таго, што стане з Горадняй, калі не спыніць яе зьнішчэньне. У Берасьця тут – свая сумная гісторыя, калі якраз вось так руйнавалі наш горад. Таму , карыстаючыся магчымасьцю, выказваю сваю салідарнасьць. Калі трэба нешта падпісаць або стаць плячо да пляча – я гатовая. І ўсе мае сябры таксама гатовыя.

Знаткевіч: Спадарыня Ірына, 3 ліпеня ў Беларусі – дзяржаўнае сьвята, Дзень Рэспублікі. Вы сама гэтае сьвята адзначаеце?

Лаўроўская: Я адзначаю Дзень Незалежнасьці 25 сакавіка, як гэта было ў гісторыі. Што тычыцца сёньняшняга сьвята, дык для мяне яно застаецца днём вызваленьня Менску. 27 ліпеня Берасьце будзе сьвяткаваць дзень вызваленьня, і для нас заўсёды паўстае такое пытаньне: ну як жа, Беларусь ўжо вызвалілі, а нас? 27 ліпеня якраз супадае зь днём, калі была прынятая Дэклярацыя аб незалежнасьці. Я думаю, калі б мы вярнуліся хаця б да гэтага дня (я ўжо не кажу пра 25 сакавіка, пра гэта я мару) і адзначалі яго ўсёй краінай, то гэта было б рэальна і зразумела. Так што цяперашняе сьвята для мяне – толькі напамін, што ў мяне бацькі былі вэтэранамі Другой сусьветнай вайны, і я з болем гляджу на тых вэтэранаў, якіх ўлады выкарыстоўваюць.

• Берасьце: ліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне “Стары горад”, 12.04.2007 • Сабраныя 1000 подпісаў за адбудову Магілёўскай ратушы, 4.07.2007 • Магілёўскае замчышча стала праваслаўным , 24.06.2007 • Каму выгадна руйнаваньне Горадні?, 22.06.2007 • Горадня: гісторыкі прапануюць не руйнаваць, а адбудоўваць, 21.06.2007 • Пікетаваць у Горадні ў найбліжэйшыя выходныя не дазволілі, 20.06.2007 • Горадня: памятны знак на месцы зруйнаванага дому прастаяў некалькі гадзінаў, 15.06.2007 • У Горадні прайшлі мастацкія акцыі ў абарону старога гораду, 11.06.2007 • Удзельнікаў акцыі "Абаронім Горадню разам" затрымалі да яе пачатку, 04.06.2007 • Зварот супраць разбурэньня старой Горадні падпісалі 789 чалавек, 29.05.2007 • Горадня: як спыніць разбурэньні ў гістарычнай забудове?, 27.05.2007 • У Горадні разбураць камяніцу ХІХ стагодзьдзя, 25.05.2007 • Грамадзяне Беларусі зьвярнуліся да папы рымскага, 24.05.2007 • Менскі кляштар бэрнардынаў можа стаць пяцізоркавым гатэлем, 20.03.2007
XS
SM
MD
LG