Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамы д’юці-фры на памежных пераходах зачыненыя


Ігар Карней, Менск З 1 ліпеня ў Беларусі зачынены практычна ўсе крамы бязмытнага гандлю сыстэмы д’юці-фры. Згодна з рашэньнем Дзяржаўнага мытнага камітэту, мяркуецца пакінуць адну краму ў будынку Нацыянальнага аэрапорту “Менск-2”, а таксама краму для абслугоўваньня дыпляматычных прадстаўніцтваў і місіяў у Менску.

Спыніць рэалізацыю тавару і афармленьне новых паступленьняў у крамах д’юці-фры забавязаў ліст за подпісам кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага.

Ад паўсотні крамаў д’юці-фры застануцца толькі дзьве

Да 1 ліпеня па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы ў кірунку Літвы, Латвіі, Польшчы і Ўкраіны функцыянавалі 52 крамы бяспошліннага гандлю. Але на гэтым тыдні ніводная зь іх не працавала.

Гэта пацьвердзілі ў берасьцейскім офісе кампаніі “Бэла Трэйдынг”:

“Бэла Трэйдынг” слухае... Ведаеце, я не ўпаўнаважаная даваць нейкія камэнтары. Але што да самога факту... Крамы зачыненыя, так”.

Аб прычынах радыкальных захадаў ніхто зь бізнэсоўцаў гаварыць ня хоча — яны спадзяюцца, што рашэньне мытнага камітэту можна адмяніць.

Прынамсі, у кампаніі “Хэлен Валеры”, якая мае цэлую сетку памежных крамаў, паведамілі, што ніякіх прэтэнзіяў да іх з боку органаў кантролю не было і няма.

Паводле новай рэдакцыі Мытнага кодэксу, якая ўступіла ў сілу 1 ліпеня, рашэньне аб закрыцьці крамаў д’юці-фры могуць прымаць прэзыдэнт і ўрад. Да таго ж, ліцэнзіі ў фірмаў, якія маюць бяспошлінныя крамы на мяжы, дзейнічаюць да 1 студзеня 2008 году.

Размовы пра неабходнасьць зачыніць крамы д’юці-фры ідуць не адзін год. У выніку праверак Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў: праз крамы бяспошліннага гандлю праходзяць гуртовыя схемы незаконнай рэалізацыі алькаголю і тытуню.

Аднак першапачаткова замест акрэсьленых радыкальных захадаў ажно да закрыцьця крамаў былі зробленыя карэктывы: адпаведныя службы толькі ўзмацнілі кантроль за рухам тавараў праз д’юці-фры.

Эканаміст Сяргей Балыкін не выключае, што фірмы, якія маюць крамы д’юці-фры, маглі парушаць асобныя пункты заканадаўства. Аднак гэта не падстава, каб агулам зачыняць усе памежныя крамы.

“Ці выкарыстоўваюць гэтыя крамы, каб абысьці мытныя выплаты і працаваць супраць мытні? Цалкам магчыма. Але што тут увогуле трэба заўважыць: у нашай краіне настолькі складанае мытнае заканадаўства, што працаваць без парушэньняў практычна немагчыма. І таму нікога не зьдзіўляе той факт, што яго спрабуюць нейкім чынам абысьці.

Заўсёды там, дзе мытня, асабліва беларуская мытня, будзе крымінал. Чым больш складанае і заблытанае заканадаўства — падатковае ці мытнае, усё роўна — тым больш будзе афэраў, тым больш будзе крыміналу, спакусаў яго абысьці”, — кажа Балыкін.

Памежныя крамы абвінавачаныя ў адмываньні грошай

Яшчэ ўвесну ў Адміністрацыі прэзыдэнта быў распрацаваны дакумэнт, які прадугледжваў істотнае скарачэньне любімага месца прыпынку тых, хто выяжджае за межы Беларусі.

Ад ранейшай паўсотні заплянавана пакінуць дзьве крамы — у Нацыянальным аэрапорце і згаданы ўжо “Дыпсэрвіс”, дзе змогуць атаварвацца толькі акрэдытаваныя ў Беларусі дыпляматы.

Дагэтуль крамы д’юці-фры ахоплівалі Нацыянальны аэрапорт “Менск-2”, аўтамабільныя пункты пропуску, а таксама чыгуначныя вакзалы. Ад 1996 году прэзыдэнцкім указам у Менску адчынілі краму для замежных дыпляматаў, якая падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленьню па абслугоўваньні дыпкорпусу і афіцыйных дэлегацыяў “Дыпсэрвіс” Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Работнікі саміх крамаў бяспошліннага гандлю пэрспэктыву працаўладкаваньня ў мясцовых сельпо ўспрымаюць адмоўна. Так, увесь пэрсанал крамаў д’юці-фры на памежным пераходзе “Каменны Лог” прыяжджае з суседніх Ашмянаў.

Загадчыца адной з крамаў, якая належыць кампаніі “Бэла Трэйдынг”, паскардзілася, што ў выпадку канчатковага закрыцьця крамаў людзі наўрад ці змогуць знайсьці іншую працу.

Адной з прычынаў закрыцьця крамаў д’юці-фры стаў аналіз сытуацыі, зроблены Камітэтам дзяржкантролю. Падлічылі колькасьць людзей, якія выяжджалі за мяжу праз памежныя пункты пропуску, і колькасьць тавару, рэалізаванага ў крамах д’юці-фры. Аказалася, што ў сярэднім на чалавека, які выяжджае ў іншыя краіны, прыпадае 10 літраў алькаголю (а моцныя напоі ў такіх аб’ёмах нельга ўвозіць ні ў адну краіну). То бок асобныя крамы выкарыстоўваюцца, каб набываць тавар, а потым увозіць яго назад у Беларусь. А гэта парушэньне дзейнага заканадаўства і статусу крамаў д’юці-фры.
• Ці будуць зачыненыя крамы д’юці-фры?, 11.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG