Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажа "бацька" польскіх люстрацыяў?


Падрыхтаваў Алег Грузьдзіловіч, Менск Агляд недзяржаўных СМІ за 4-га ліпеня

4-га чэрвеня “Белгазета” зьмяшчае інтэрвію з чалавекам, якога ў Польшчы называюць “бацькам люстрацый”. Віктар Мартыновіч распавёў “Свабодзе”, чаму гэтая тэма актуальна і для Беларусі.

“У нас будзе інтэрвію з Браніславам Вілдштайнам з Польшчы. Мы зьвярнуліся да яго пасьля правакацый супроць беларускіх апазыцыянэраў з боку спэцслужб. Памятаеце выпадак ў Пінску, ці ролік, нядаўна паказаны на БТ? Вось з гэтай нагоды мы пазванілі спадару Вілдштайну, які ў Польшчы лічыцца аўтарам люстрацый, бо фактычна ён надрукаваў сьпіс з 240 тысяч прозьвішчаў людзей, якія былі тайнымі агентамі савецкіх спэцслужбаў. Нас цікавіла яго меркаваньне пра тое, ці чакаць люстрацый ў Беларусі і што трэба рабіць зь людзьмі, якія данасілі на суседзяў”.

Прынамсі, журналіст кажа, што вядомы суразмоўца з Польшчы зьмяніў некаторыя былыя пазыцыі.

Паводле Віктара Мартыновіча, другой важнай тэмай нумара “Белгазэты” будзе адмена датацыі: “Мы будзем аналізаваць, наколькі верагодна, што айчынная эканоміка перажыве адмену датацый”.

Сьвежы нумар тыднёвіка “Газета слонімская” падымае балючую праблему захаваньня культурнай і гістарычнай спадчыны. Журналіст Сяргей Чыгрын распавёў “Свабодзе”.

“Днямі споўнілася 80-гадоў бібліятэцы ў вёсцы Вялікая Кракотка. Гэтай бібліятэцы першай ў Беларусі было нададзена імя Янкі Купалы. Гэта было яшчэ ў 1927-ым годзе, пры жыцьці нашага песьняра ! Бібліятэка -- сапраўдны музэй, дзе сабраны дзесяткі кніг з аўтографамі Янкі Купалы і беларускіх пісьменьнікаў. І вось на ўгодках бібліятэкі дэпутат Нацыянальнага сходу Чэслаў Шмягера заявіў, што гэтыя угодкі – апошнія, бо бібліятэку закрываюць. 80 гадоў слынная культурная ўстанова Слонімшчыны працавала, грошы выдаткоўвалі, а зараз зачыняюць? Афіцыйная прычына – няма грошай на рамонт: дах цячэ, фасад трэба рамантаваць...Загадчыца бібліятэкі Надзея Чабаненка прывяла такія лічбы: у фондзе бібліятэкі 11 тысяч кніг, а абслугоўвае яна 200 чалавек, бо ў вёсках усё меней жыхароў. Але хіба нельга знайсьці іншае выйсьце, а не пазбаўляцца нашай спадчыны?”

Таксама “Газета Слонімская” аналізуе становішча ў горадзе. Той факт, што цэнтар Слоніму штогод актыўна рамантуецца, прыгажэе, а вось ускраінным вуліцам і мікрараёнам ўвагі ўладаў не хапае. “Прыкладам, вуліцам Брэсцкай, Тапалёвай, мікрараёну Альберцін. Людзі пра гэта шмат пішуць ўва дзяржаўныя ўстановы, але нічога не мяняецца”, -- кажа Сяргей Чыгрын.

Дзе маладому жыхару Берасьця ўладкавацца на працу на лета? Паводле журналіста Зьмітра Паталятава, такіх адрасоў няшмат. З розных прычын прадпрыемствы і фірмы ў горадзе над Бугам ня хочуць уладкоўваць карыстацца паслугамі маладых працаўнікоў. Супрацоўніца “Берасьцейскага кур’ера” Алена Чэн разгаварыла на гэтую тэму сакратара гарадзкога камітэта БРСМ: “З соцень заявак змог задаволіць толькі 30 дзякуючы выключна асабістым сувязям”, -- пашчыраваў актывіст праўрадавай арганізацыі. Газэта прысьвяціла праблеме летняга працаўладкаваньня моладзі цэлую паласу нумару за 4-ае ліпеня.
XS
SM
MD
LG