Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аб чым дамовіліся Буш і Пуцін?


Юры Дракахруст, Прага Роўна суткі правёў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у гасьцях ў сядзібе бацькі дзейнага прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага. У нефармальнай абстаноўцы, паміж лоўляй рыбы і вячэрай, прэзыдэнты дзьвюх краінаў абмеркавалі шырокі спэктар пытаньняў, сярод якіх найважнейшыя – сыстэма супрацьракетнай абароны ды Іран.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін не скупіліся на вострыя слоўцы. Прэзыдэнт ЗША на пытаньне, ці давярае ён Пуціну, адказаў, што ягоны калега часам гаворыць рэчы, якія яму не падабаюцца, але ён верыць у шчырасьць расейскага лідэра.

Буш: У нашых адносінах былі часы, калі мы знаходзілі згоду, былі часы, калі мы не знаходзілі яе. Але ў любым выпадку я магу сказаць, што Ўладзімер Пуцін – пасьлядоўны і шчыры чалавек, зь якім лёгка абмяркоўваць нашы праблемы.

У сваю чаргу Пуцін сказаў: “Карты здадзеныя, можна пачынаць гульню. Але вельмі хацелася б, каб мы гулялі ў адну і тую ж гульню”.

Пакуль што гульня атрымліваецца не аднолькавая. Амэрыканскія пляны разьмясьціць у Чэхіі і Польшчы элемэнты амэрыканскай супрацьракетнай абароны выклікаюць рэзкую рэакцыю Масквы. Падчас нядаўняга саміту “Вялікай васьмёркі” ў Нямеччыне Пуцін нечакана прапанаваў будаваць амэрыканскі супрацьракетны шчыт на базе радыёлякацыйнай станцыі ў Азэрбайджане. У Кенэбанкпорце ён паўтарыў сваю прапанову, пашырыўшы яе.

Пуцін: “Мы гатовыя пры неабходнасьці ўключыць у працу ня толькі станцыю ў Габале, у Азэрбайджане, якую мы арандуем, але гатовы і яе рэканструяваць і нават уключыць у сыстэму новую станцыю папярэджаньня ракетных пускаў, якая будуецца на поўдні Расеі”.

Прэзыдэнт Буш назваў гэтую прапанову “інавацыйнай”, аднак дадаў, што “Чэхія і Польшча павіны стаць неад’емнай часткай сыстэмы супрацьракетнай абароны”. Прапановы Пуціна былі скіраваныя якраз на тое, каб прадухіліць гэта.

Гаворыць былы пасол ЗША ў Расеі Джэймс Колінз:

Колінз: “Я ня думаю, што яны дасягнуць пагадненьня, якое б выключыла польскую і чэскую праграмы. Аднак што падаецца мне важным, дык гэта тое, што расейцы паказалі, што яны хочуць весьці перамовы аб супрацьракетнай абароне. На прапановы расейскага боку прэзыдэнт Буш адказаў: “Гэта цікава, гэта добрая ідэя”. Мне здаецца, што гэта падыход для больш шырокага дыялёгу, з далучэньнем эўрапейцаў”.

Не адбылося прарываў і ў праблеме іранскай ядзернай праграмы. Злучаныя Штаты ўпэўненыя, што Тэгеран імкнецца стварыць ядзерную зброю і, каб прадухіліць гэта, лічаць неабходным рабіць моцны ціск на Іран.

“Калі Расеі і ЗША працуюць разам, гэта дае эфэкт. Мы маем магчымасьць паслаць сыгнал іранскаму народу” – сказаў прэзыдэнт Буш. Пуцін даў зразумець, што Масква не прыхільная жорсткім мерам, “дагэтуль у нас атрымлівалася працаваць у Радзе Бясьпекі ААН і мы працягнем гэтую працу” – сказаў расейскі прэзыдэнт.

Экспэрты адзначаюць, што хаця па ключавых праблемах Буш і Пуцін прадэманстравалі хутчэй адменнасьць сваіх пазыцыяў, але адначасна яны паказалі, што паміж імі захоўваюцца добрыя асабістыя адносіны. А гэта – добры фон для пошуку рашэньняў складаных праблемаў і пэўная гарантыя ад таго, што супярэчнасьці не ператворацца ва ўсеагульную канфрантацыю.

• А.Вайтовіч: “Рэжыму Лукашэнкі ня выгадны дамоўленасьці ЗША і Расеі”, 03.07.2007
XS
SM
MD
LG