Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявяцца вуліцы Орды, Чачота, Гаруна і Галубка


Ігар Карней, Менск У Менску зьявяцца вуліцы, названыя імёнамі выдатных прадстаўнікоў нацыянальнай культуры. На мінулым тыдні дэпутаты Менскага гарсавету ўхвалілі рашэньне аб наданьні назваў дзесяці новым вуліцам беларускай сталіцы.

Адзінай стратай стане ліквідацыя вуліцы Свабоды на тэрыторыі вайсковай часткі ў мікрараёне Ўручча. Паведамляецца, што з ініцыятывы БРСМ вуліца, на якой няма жылых забудоваў, будзе перайменаваная ў імя курсанта Дзьмітрыя Гвішыяні, які некалькі гадоў таму загінуў падчас тушэньня пажару ў цягніку. Адзін з аргумэнтаў дэпутатаў — для Менску хопіць і плошчы Свабоды.

Бальшыня вуліцаў, названых у гонар славутых беларускіх пісьменьнікаў, мастакоў, грамадзкіх дзеячоў, зьявяцца ў новых мікрараёнах Менску.

Напалеон Орда паўстане ў Брылевічах

Згодна з рашэньнем дэпутатаў Менскага гарсавету, вуліцы ў раёне праспэкту Дзяржынскага будуць насіць імёны Напалеона Орды, Яна Чачота, Ежы Гедройця. Адна вуліца будзе называцца Каралінскай.

Сам жылы комплекс атрымае гістарычную назву Брылевічы — паводле аднайменнага фальварку, што месьціўся тут яшчэ ў XVI стагодзьдзі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў кажа, што ліставаньне з гарадзкімі ўладамі аб ушанаваньні нацыянальных герояў Беларусі вядзецца даўно.

Першай перамогай, паводле спадара Трусава, стала беларусізацыя мікрараёну Лошыца, дзе зьявіліся Ігуменскі тракт, вуліцы Лучыны, Драздовіча, Сыракомлі, Каганца, Манюшкі:

“Мы пісалі пра Орду, і ў сёлета нам абяцалі яго ўшанаваць. Наконт Гаруна ня раз пісалі, і гэтак далей. То бо практычна ўсе, пра каго мы пісалі, яны ўвекавечылі ў назвах вуліц. І нават яшчэ ад сябе дадалі. Але цяпер мы Лява Сапегі чакаем вуліцу. Нам абяцалі, ёсьць адпаведная папера.

Гэтаксама трэба было б зрабіць і вуліцу Янкі Брыля, бо ён жыў у Менску і ў жніўні яму было б 90 гадоў. Так што ў якасьці прапановы можаце закінуць ідэю і пра вуліцу Янкі Брыля”.

Галубок і Гарун “прапішуцца” ў Дамброўцы

Яшчэ адзін вялікі мікрараён неўзабаве зьявіцца блізу рынку Ждановічы, недалёка ад Масюкоўшчыны.

Раён будзе называцца Дамброўка, што гэтаксама мае гістарычныя падставы, а яго вуліцы ўшануюць памяць такіх выдатных асобаў, як Уладзіслаў Галубок, Язэп Жыновіч, Усевалад Ігнатоўскі, Алесь Гарун, а таксама род Аладавых.

Паводле Алега Трусава, гістарычных асобаў, імёнамі якіх варта было б замяніць безьліч ужо існых вуліц у гарадох Беларусі, шмат. Перадусім гаворка пра назвы, якія наўпрост асацыююцца з камуністычным мінулым і савецкімі апалягетамі.

Аднак пра некаторыя імёны, якія павінны заняць пачэснае месца ў назвах праспэктаў, пакуль гаварыць дачасна. У прыватнасьці, гэта тычыцца Васіля Быкава, кажа Трусаў:

“Пісалі мы наконт Васіля Быкава. Таксама нам абяцалі разгледзець варыянты, але пакуль няма нічога. Відавочна, што яны цяпер ушаноўваць Быкава папросту пабаяцца.

Зь іншага боку, можа яно і добра: надыдзе час, і пераймянуем які-небудзь вялікі “камунячы” праспэкт. А так будзе нейкая маленькая вуліца, і потым ужо няёмка будзе пераносіць назву, лішнія грошы давядзецца траціць. Так што гістарычны працэс ідзе. Ня так хутка, але ідзе”.

А вось назваў, зьвязаных са Свабодай, у Менску паменее. Дэпутаты Менгарсавету прыслухаліся да ініцыятывы БРСМ і пераназвалі вуліцу Свабоды на тэрыторыі вайсковай часткі ў мікрараёне Ўручча.

Зрэшты, насельнікі прылеглых раёнаў да навіны паставіліся спакойна: аказалася, што жылых будынкаў у зоне Свабоды не было, а вайскоўцы і без таго прызвычаіліся існаваць паводле вайсковых статутаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG