Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зямля сялянская, лясы партызанскія, шаша нямецкая, а ўлада Савецкая”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 3 ліпеня ў розныя гады мінулага.

Галоўная навіна на старонках газэты “Nowe Zycie” ў 1927 годзе — каранаваньне Маткі Боскай Вастрабрамскай: “Цягам пятніцы і суботы да Вільні прыбывалі ўсё новыя пілігрымкі, праходзячы вуліцамі са сьпевамі. Найбольш пілігрымак прыйшло зь Віленшчыны. Зь Літвы прыйшлі асобныя групы, бо ўрад Коўна ня даў дазволу на пілігрымку... У пятніцу вечарам абраз ва ўрачыстай працэсіі перанесьлі з Вострай Брамы да катэдры. А 7 г. 30 м. ў Вільню прыбыў Прэзыдэнт Масьціцкі”.

У 1937 годзе “Звязда” апавядае пра кампанію падпіскі на пазыку ўмацаваньня абароны СССР на менскім заводзе імя Молатава і цытуе рабочага Кажаронка: “Я вітаю пастанову ўрада аб пазыцы. За гэтыя сродкі мы адзенем у бетон і сталь нашы граніцы, умацуем іх так, што ворагі, якія спадзяваліся на подлую работу шайкі здраднікаў, абламаюць аб іх магутнасць свае наточаныя зубы. Я з радасцю аддам на пазыку свой трохтыднёвы заработак”.

“Партызанскі рух мацнеў з кожным днём, — піша ў 1977 годзе “Мінская праўда” да дня вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. — Яго жыццяздольнасць і дасканалыя формы, арганізаванасць і боегатоўнасць, мэтанакіраванасць і рашучасць былі выхаваны Камуністычнай партыяй і Савецкім урадам. У ім яскрава праявіўся патрыятызм нашых людзей, іх вернасць ідэям марксізму-ленінізму, нязгасная вера ў канчатковую перамогу. У Беларусі, нават у самыя змрочныя дні акупацыі, паўтаралася аптымістычная прымаўка: “Зямля сялянская, лясы партызанскія, шаша нямецкая, а ўлада Савецкая”.
XS
SM
MD
LG