Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: мастацкі пленэр пры падтрымцы польскага консульства


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні адкрыўся мастацкі пленэр, прысьвечаны 200-м угодкам вядомага мастака Напалеона Орды. Напярэдадні генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі заявіў, што акцыя будзе праводзіцца пры падтрымцы консульства. 17 мастакоў будуць працаваць восем дзён. Па задуме арганізатараў, яны напішуць па дзьве-тры працы. Кожны з удзельнікаў па адной карціне пакіне ў Горадні.

Сёньня ў Горадні адкрыўся мастацкі пленэр “Па сьлядах Напалеона Орды”. Арганізатарам зьяўляецца Таварыства мастакоў пры Саюзе палякаў, які ўлады не прызнаюць. Кіруе Таварыствам мастакоў Станіслаў Кічко. Да яго пытаньні: зь якіх мясьцінаў мастакі будуць удзельнічаць, дзе яны пабываюць, што яны будуць маляваць?

Кічко: “Мы запрасілі ня толькі нашых гарадзенскіх мастакоў, але таксама зь Віцебску, зь Менску ўдзельнічае такі вядомы мастак як Аляксей Марачкін. Прыехалі да нас мастакі з Польшчы — з Гданьска і з Варшавы. Мы плянуем праехаць па мясьцінах, дзе калісьці маляваў Напалеон Орда: будзем у Лідзе, дзе вядомы замак, у Міры, у Крэве, у Наваградку, і думаем нават у Нясьвіж заехаць. Потым будзем маляваць ужо тут, на месцы, і выставу думаем адкрыць у нашай выставачнай зале на вул.Ажэшкі 10 ліпеня”.

У цяперашнім мастацкім пленэры ўдзельнічае Зьміцер Іваноўскі. Чым вас прываблівае пленэр, прысьвечаны ўгодкаў Орды?

Іваноўскі: “Гэта цікава тым, што якраз Напалеон Орда захаваў у сваіх працах тую гістарычную Горадню, якая была. І на сёньняшні дзень у кантэксьце працаў Орды цікава зьвярнуць яшчэ раз погляд на тыя помнікі Горадні, якія захаваліся, але якія, магчыма, у бліжэйшы час могуць быць проста зьнішчаны”.

Удзельнікі мастацкага пленэру да ўгодкаў Напалеона Орды, Станіслаў Кічко, Горадня
Камісар мастацкага пленэру Станіслаў Кічко
XS
SM
MD
LG