Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводзіны вышэйшых асобаў – пад звышпільным кантролем


Ігар Карней, Менск Шмат у якіх краінах сьвету асабістае жыцьцё палітыкаў вельмі ўплывае на іх кар''еру і папулярнасьць. Скандал з Монікай Лявінскі ў свой час ледзь ня скончыўся для прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана імпічмэнтам. Увогуле, апытаньні паказваюць, што для амэрыканцаў важна, каб прэзыдэнт краіны быў добрым сем''янінам. У некаторых іншых краінах стаўленьне да асабістага жыцьця кіраўнікоў больш лібэральнае.

А.Казулін: “Кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай”

Былы рэктар БДУ, экс-кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандар Казулін у сваёй тэлепрамове перад выбарцамі наўпрост заявіў:

“За ўсе 12 гадоў мы першую лэдзі так і не ўбачылі – ні на тэлебачаньні, ні на сьвятах, ні на афіцыйных прыёмах. Не сакрэт для многіх, што сёньняшні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай, мае ад яе сына – падарунак да свайго 50-годзьдзя. Дый пра грамадзянскую цешчу, экс-міністра аховы здароўя, перасудаў вышэй столі. Ну, ды Бог ім судзьдзя. Але асабістае жыцьцё палітыка павінна быць на віду. Каб табе людзі давяралі, каб яны ведалі, што ты не маньяк, здаровы. І, прыйшоўшы да ўлады, будзеш паводзіць сябе варта, па-чалавечы”.

Паводле дэклярацыяй, якую напярэдадні выбараў падаваў у Цэнтравыбаркам Аляксандар Лукашэнка, у яго ёсьць жонка, два сыны, дзьве нявесткі і дзьве ўнучкі. Зьвестак пра іншых сямейнікаў няма.

Спадар жа Казулін намякаў на былую асабістую лекарку кіраўніка краіны Ірыну Абельскую. Нядаўна Абельская нарадзіла дзіця і цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Сустракаючыся ў красавіку з журналістамі, на пытаньне пра магчымага пераемніка на пасадзе кіраўніка Беларусі Лукашэнка загадкава адказаў: маўляў, самага маленькага буду рыхтаваць: “Унікальны чалавек... Можа, ня мы, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца”. У кулюарах адразу ж загаварылі пра сына Абельскай – на той час ужо зьнятай з пасады кіраўніцы “лечкамісіі”.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі на пытаньні журналістаў пасьля такой заявы адказваў аднолькава: у кола абавязкаў прэсавага сакратара ніякім чынам не ўваходзіць інфармаваньне мэдыяў пра асабістае жыцьцё, сям’ю кіраўніка дзяржавы. “Асабістае жыцьцё – гэта асабістае жыцьцё прэзыдэнта краіны”, – заявіў спадар Лёгкі.

А.Лукашэнка: “Прэзыдэнт вядзе замкнёны лад жыцьця”

Неўзабаве пасьля выбараў 1994 году мне ўдалося пагаварыць з жонкай Аляксандра Лукашэнкі – Галінай Радзівонаўнай. Жанчына тады казала, што ня бачыць сэнсу пераяжджаць у Менск, што да такога статусу не падрыхтаваная, дый ніхто яе туды асабліва і ня кліча.

Сам Лукашэнка асабліва і не хавае, што жыве перадусім дзяржаўнымі справамі, а не асабістымі. Пра гэта ён шмат гаварыў падчас ІІІ Усебеларускага народнага сходу, літаральна праз тыдзень пасьля “крыўдных” выказваньняў Казуліна:

“Тое, што я не ідэальны чалавек, дык гэта факт. Але, прабачце, за 12 гадоў мяне, напэўна, кожны чалавек у краіне распрануў, паглядзеў, які ён, куды бяжыць, што робіць, як робіць... У сілу становішча, у сілу майго стаўленьня да ўсяго, у сілу таго, што ідзе жахлівы ціск і пагрозы кожны дзень я вымушаны фактычна весьці (у чым мяне часта нават апазыцыя папракае) замкнёны лад жыцьця. Гэта насамрэч так. Але ў гэтым замкнёным ладзе жыцьця няма нічога нечалавечага – маўляў, я закрыўся і невядома чым займаюся. У любым выпадку прэзыдэнт ніколі, апроч сваёй спальні, адзін не бывае. За ім ідзе ад’ютант, за ім ідзе зьмена. Усе людзі бачаць – не бывае, каб прэзыдэнт адзін дзесьці шоў. А гэта ж людзі. І што, ты ў такіх умовах штосьці ня так зробіш?”

Лукашэнка яшчэ дадаў, што няшчаснай была б тая нават “супэрмадэль ў сьвеце, якая б пагадзілася стаць жонкай прэзыдэнта Беларусі”. Пра законную жонку, якая працягвае жыць у Рыжкавічах, не было сказана ні слова.

Апошнія пару гадоў спадарыня Лукашэнка працуе ў Шклоўскім райвыканкаме. Яна займаецца разьмеркаваньнем санаторных пуцёвак сярод жыхароў раёну. А яе дом у Рыжкавічах ахоўваецца міліцыянтамі.

В.Булгакаў: “Бацька нацыі”, бо пазьбягае жанчын”

Сямейны статус Лукашэнкі ніяк не адлюстраваны нават у разьдзеле “біяграфія” на ягоным афіцыйным інтэрнэт-сайце: пра сямейнае становішча кіраўніка краіны і пра ягоных дзяцей там увогуле не ўзгадваецца. Затое ёсьць трактаваньне паняцьця “бацькі”: “Аляксандар Лукашэнка даражыць падтрымкай людзей і ганарыцца, што яго ў народзе называюць “бацька”.

Палітоляг і літаратар Валерка Булгакаў у азначэньне “бацька” ўкладае іншы зьмест:

“Гэта культурны і палітычны патэрналізм, калі Лукашэнка пераўтвараецца ў своеасаблівага бацьку нацыі, які адчужаны ад сэксуальнага пачатку, які папросту прэтэндуе на статус “бацькі нацыі” толькі таму, што ён пазьбягае жанчын вакол сябе. Прынамсі, у ракурсе публічнай палітыкі. І яшчэ насоўваецца адна псыхааналітычная тэма – гэта папросту праблема яго выхаваньня, сацыялізацыі, праблемы чалавека, які нарадзіўся ў няпоўнай сям’і. Тэма нібыта і хісткая, але ў любым разе вартая абгаворваньня, бо, безумоўна, у яго свае, адметныя ўяўленьні пра свабоду і пра палітыку. У гэтым сэнсе, дарэчы, Лукашэнка вельмі блізкі да Мілошавіча, які таксама меў падобную біяграфію і таксама вызначаўся прыкладна падобным характарам палітычных паводзінаў”.
XS
SM
MD
LG