Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні паставілі помнік каралеўскаму батаніку


Радыё Свабода У Горадні 2 ліпеня быў усталяваны помнік Жану Эмануэлю Жылібэру (1741-1814). Францускі навуковец і мэдык узначаліў у Горадні каралеўскую мэдычную акадэмію, што была пабудаваная тагачасным рэфарматарам Антоніем Тызэнгаўзам.

Помнік усталяваны на ўваходзе ў парк культуры імя Жылібэра. Сам ён пры канцы 18 стагодзьдзя заснаваў на гэтым месцы батанічны сад. Помнік пастаўлены паміж дзьвюма камяніцамі, збудаванымі Тызэнгаўзам — лямусам, у якім цяпер рэстарацыя, і тэатрам, што захаваўся ў перабудаваным выглядзе. Глыбей у парку захавалася таксама трохпавярховая камяніца былой мэдычнай акадэміі.

На месцы падзеі наш карэспандэнт спаткаў аўтара помніка — скульптара Уладзімера Панцялеева. Ён сказаў, што задаволены тым, што праца нарэшце пастаўленая, але вельмі стомлены. Паводле яго, мінакі цікавіліся: хто гэта — Сувораў ці, можа, нават Пётра І? Яшчэ адзін мінак быў больш абазнаны ў гарадзенскай гісторыі і спытаўся, ці гэта часам ня князь Давыд Гарадзенскі...

Уладзімір Панцялееў паведаміў, што афіцыйнае адкрыцьцё помніка мае адбыцца 3 ліпеня.

Новы помнік батаніку Жану Эмануэлю Жылібэру за дзень да адкрыцьця, Горадня, 2 ліпеня
Помнік пастаўлены, засталося толькі паліць вадой брук, які замяняе пастамэнт, каб лепей замацаваўся цэмэнт
XS
SM
MD
LG