Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як жывуць людзі ў зоне адсяленьня?


Радыё Свабода У моцна заражанай радыяцыяй вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёну жывуць дзесяць самасёлаў. Пераважна гэта мясцовыя, якім недаспадобы было перасяленьне, што прапанавалі ўлады. Вяскоўцы патрабуюць, каб Аляксандар Лукашэнка дазволіў, як і раней, атрымліваць з-за мяжы гуманітарную дапамогу.

Існаваць купцы вяскоўцаў у апусьцелай Барталамееўцы доўгі час дапамагалі замежнікі. Гуманітарную дапамогу сюды прывозілі ледзь не з усяго сьвету — немцы, італьянцы, японцы, бэльгійцы. Везьлі вопратку, бытавую тэхніку, харчы.

Распавядае пэнсіянэрка Любоў Галушка:

“Усё, што на мне, — усё гэта гуманітарка. Мы б самі не адзеліся. Немцы, італьянцы, нідэрляндцы прыяжджаюць. Увесь сьвет у нас тут быў. І куртак надавалі, і прасьцінаў, і насыпак, і спадніцаў — усяго.

І паесьці нам прывозілі. Іншы раз піва, марціні прывозілі. З намі сядуць, вып’юць. Кажуць: мы з вамі хочам выпіць. Сваю закуску ставяць — нашай баяцца. Усё нам везьлі. Дзякуй ім! І няхай Бог ім здароўя дае”.

Немцы ў свой час прывезьлі самасёлам партатыўныя прымачы, якія працуюць на батарэйках. Людзі слухалі навіны. Тэлевізараў яны ня маюць, бо няма электрычнасьці — на слупах матляюцца абрэзаныя драты.

Цяпер замежнікі Барталамееўцы дапамагчы ня могуць: на гэта патрэбны адмысловы дазвол дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі.

Перамены вяскоўцы адчулі.

“Цяпер ужо ня тое. Цяпер Лукашэнка забраў гуманітарку ў санаторыі, ці яшчэ куды”, — кажа спадарыня Галушка.

Буракоў насеем, бульбы, морквы — і сваё ўсё ямо

71-гадовы пэнсіянэр Рыгор Сорыкаў сустрэў нас, лежачы ў ложку. Ён нядаўна перанёс складаную апэрацыю. У куце яго маленькай і вельмі занядбанай хаціны вісіць прывезены кімсьці з раёну падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

Спадар Сорыкаў таксама кажа, што ня варта перашкаджаць замежнікам везьці ў вёску гуманітарную дапамогу:

“А каб гуманітарку нам не забаранялі вазіць сюды! Замежнікі ж прывозяць нам і хлеб, і макарону, і цукар, і муку. Дык іх цяпер перад мяжой заварочваюць і адпраўляюць назад. Яны прыяжджаюць да нас ужо пустыя. Лукашэнка гуманітарку не прапускае. Забаранілі, не пускаюць празь мяжу”.

Жывуць у Барталамееўцы, як і ў іншых радыяцыйных вёсках, пераважна зь зямлі. Сеюць агароды, зьбіраюць грыбы і ягады.

Некаторыя, як Алена Музычэнка, якая жыве з мужам і сынам, трымаюць свойскую жывёлу.

“Карову трымаю, каня трымаю, гусей. Гарод сеем. Буракоў насеем, бульбы, морквы — і сваё ўсё ямо”, — кажа спадарыня Музычэнка з выселенай вёскі Барталамееўка.

Самасёлы, вёска Барталамееўка, Вёткаўскі раён, Чарнобыльская зона Самасёлы, вёска Барталамееўка, Вёткаўскі раён, Чарнобыльская зона Самасёлы, вёска Барталамееўка, Вёткаўскі раён, Чарнобыльская зона

• Радаўніца ў Чарнобыльскай зоне, 2.05.2006 • Экзыстэнцыяльны выклік Чарнобыля, 23.04.2006 • На Гомельшчыне шалёныя ваўкі палююць на людзей, 13.02.2006
XS
SM
MD
LG