Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк заклікае ня кідаць на вецер дзяржаўных грошай


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Ўсясьветны банк прэзэнтаваў новы даклад “Бюджэтная палітыка й эканамічны рост: урокі Ўсходняй Эўропы й Цэнтральнай Азіі”. У дакумэнце асьвятляюцца тэндэнцыі ў гэтай сфэры і параўноўваецца сытуацыя ў гэтых рэгіёнах і ў краінах, якія маюць высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця.

Аўтары дакладу, а гэта супрацоўнікі Ўсясьветнага банку, перасьцерагаюць: найважнейшай праблемай у бальшыні краінаў Усходняй Эўропы й Цэнтральнай Азіі зьяўляецца падвышэньне эфэктыўнасьці сыстэмы дзяржаўных выдаткаў.

Менавіта на гэта зьвяртае ўвагу дырэктар сэктару Ўсясьветнага банку Шэрыл Грэй, якая адзначае: “Разьвязаньне гэтай праблемы асабліва важнае дзеля пашырэньня пэрспэктываў эканамічнага росту”.

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук цьвердзіць, што высновы дакладу надзвычай пасуюць да сытуацыі ў Беларусі:

“Спадар Лукашэнка на мінулым тыдні сам якраз казаў пра якасьць выдаткаў дзяржаўнага бюджэту. Ён гаварыў, што хопіць ужо падтрымліваць стратныя прадпрыемствы. Па сутнасьці, ён сам прызнаў, што ўлады апошнія дзесяць гадоў падтрымлівалі разбрыдзяеў ды гультаёў.

А гэта ж непасрэдна тычыцца дзяржаўнай палітыкі выдаткаў, інвэстыцыйнай палітыкі. Бо калі забіраюць грошы ў людзей, якія могуць рабіць прыбытак, і перадаюць іх хранічна неплатаздольным ды стратным, дык гэта, безумоўна, амаральная і неэфэктыўная палітыка.

У нас ёсьць такая лічба — на праграму ўзьвядзеньня аграгарадкоў ужо сёлета з усіх крыніцаў выдаткавалі каля чатырох мільярдаў даляраў. Такая палітыка ня можа прывесьці да нейкага прагрэсу, таму што ўвесь прыбытак сельскай гаспадаркі, можа, у дзесяць разоў меншы за тыя бюджэтныя грошы, што мы туды ўкладаем”.

Спэцыялісты Ўсясьветнага банку ў дакладзе даюць канкрэтныя парады краінам згаданых рэгіёнаў.

Прыкладам, яны заклікаюць ліквідаваць прыхаваныя субсыдыі, асабліва ў сфэрах энэрга- і водазабесьпячэньня, уважліва і дакладна адбіраць інвэстыцыйныя праекты.

З гэтай нагоды Яраслаў Раманчук адзначае:

“Так ці інакш, але высновы дакладу пра тое, што краінам неабходныя структурныя рэформы, гэта лягічная зьява. Гэта ўсё тычыцца і Беларусі, бо яе статус у сёньняшняй эканамічнай гаспадарцы ўсходнеэўрапейскага рэгіёну вельмі хісткі.

Без структурных рэформаў сёлета мы, мабыць, страцім пад паўтара мільярда даляраў. У наступным годзе гэта будзе ўжо два-два з паловаю мільярды. Без структурных рэформаў, без адаптацыі бюджэтнай палітыкі да новых рэаліяў нас чакае стагнацыя, а потым і рэцэсія”.

* * *

З дакладам “Бюджэтная палітыка і эканамічны рост: урокі Ўсходняй Эўропы й Цэнтральнай Азіі” можна азнаёміцца на сайце

• Усясьветны банк: пра здароўе старых лепей думаць загадзя , 20.06.2007

• Беларусь мае найгоршыя паказчыкі паводле Ўсясьветнага банку, 15.09.2006
XS
SM
MD
LG