Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Для мяне сьвята незалежнасьці, гэта — 25 сакавіка"


Радыё Свабода Ці ведаеце вы, чаму Дзень незалежнасьці Беларусі адзначаюць 3 ліпеня? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Карэспандэнт: “Ці ведаеце вы, чаму Дзень незалежнасьці Беларусі адзначаецца 3 ліпеня? З чым гэта зьвязана, што гэта за дата ўвогуле?”

Сталы спадар: “Мне цяжка сказаць, шчыра кажучы. Я хоць і гарадзенскі, але жыву ў Расеі. Там гэтае сьвята адзначаюць, калі канстытуцыю прынялі, гэта я памятаю”.

Ягоны прыяцель: “Гэта дзень вызваленьня Менску, вось і ўсё, таму што дзень вызваленьня нашай Горадні будзе толькі 16 ліпеня”.

Спадар: “Гэта дзень вызваленьня рэспублікі ад фашызму”.

Малады спадар: “Дзень вызваленьня, па-мойму”.

Спадарыня: “Не, я ня ведаю, чаму менавіта ў гэты дзень сьвята адзначаецца”.

Карэспандэнт: “А вы адзначаеце гэтае сьвята, яно для вас штосьці значыць?”

Спадарыня: “Не, яно для нас так нічога вельмі ня значыць. Велькія выходныя проста, адпачываем і ўсё”.

Малады спадар: “Ну чаму, ведаем: гэта — дзень вызваленьня рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў. Калі шчыра, мне не падабаецца тое, што Дзень незалежнасьці менавіта заўтра будзе, а ня так, як было раней. Усё-ткі прычым тут немцы? Я асабіста з гэтым ня згодны, але што гэта мяняе?”

Маладзён: “Чаму 3 ліпеня адзначаецца Дзень незалежнасьці Беларусі? Ну, можа таму, што ідэалёгія нашай дзяржавы будуецца на мітах, што беларусы сваё існаваньне вядуць ад БССР… Гэта для мяне бессэнсоўна, для мяне сьвята незалежнасьці, гэта — 25 сакавіка, калі насамрэч першае беларускае дзяржаўнае ўварэньне сфармавалася”.

Спадар: “Гэта — дзень вызваленьня горада Менска, да яго і сьвята прымеркавалі. А дзень вызваленьня Беларусі дзесьці 16-га ці 18-га ліпеня, калі апошні горад вызвалілі. Наш горад 16-га вызвалілі, а Беласток яшчэ пазьней напэўна, ён жа ўваходзіў у склад Беларусі таксама”.

Малады спадар: “3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску падчас Другой Сусьветнай вайны ад нямецкіх войскаў. 27 чэрвеня, па-мойму, ці ліпеня была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, але потым сьвята перанесьлі на 3 ліпеня. Я так разумею, што зрабілі гэта дзеля таго, каб “лішніх” датаў не было, каб не нагадваць таго, чаго ня трэба…”

Маладзён: “Гэта дзень, калі была вызвалена апошняя частка зямлі, менавіта, 3 ліпеня была вызвалена поўнасьцю ўся Беларусь”.

Карэспандэнт: “Гэта Менск быў вызвалены 3-га”.

Маладзён: “Ну, значыцца, калі сталіца вызвалілася, тады й адзначаюць”.

Карэспандэнт: “Але Дзень незалежнасьці быў 27 ліпеня, гэта дата прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Вярхоўным саветам БССР. Вы ведаеце пра гэта?”

Маладзён сьмяецца: “Не, я ня ведаю!”
XS
SM
MD
LG