Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дарагая мая Радзіма, у цябе нават няма сапраўднага сьвята Незалежнасьці”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 2 ліпеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Уладзімер, Полацак: “Беларускае тэлебачаньне “пацешыла” навіной: на сваёй тэрыторыі Вэнэсуэла дазволіла нам здабываць аж 2 мільёны тон нафты ў год. Па-першае, гэтага малавата. Па-другое, ёсьць такая прымаўка: “За морам стаіць цялушка, цана ёй роўна палушка, затое рубель за перавоз”. Калі кошт бэнзіну, зробленага з расейскай нафты, у нас пераваліў даляр за літар, колькі тады будзе каштаваць бэнзін з вэнэсуэльскай нафты. улічваючы ўсе выдаткі па здабычы, транспартыроўцы і гэтак далей? Гэта будзе кругленькая сума. Заправіць машыну такім бэнзінам будзе ня кожнаму па кішэні. А толькі, мабыць, чыноўнікам”.

Спадар:

“Ветеранов наградили Главной льготой до ста лет. Им отныне разрешили Всем шагать на “красный свет”.

Спадарыня: “Па дарозе на Калодзішчы вісіць транспарант “маладая, моцная, незалежная Беларусь”. Калі яна моцная на чале з дыктатарам і папулістам, то чаму народ жыве бедна, асабліва ў сельскай мясцовасьці. Жабрачыя заробкі і пэнсіі. Ды яшчэ пазбаўляюць ільгот. Усё наша жыцьцё пабудавана на хлусьні”.

Спадарыня: “У Беларусі адзначаюць афіцыйнае сьвята Дзень рэспублікі. Дарагая мая Радзіма, у цябе нават няма сапраўднага сьвята Незалежнасьці. А гэта, 3 ліпеня, яшчэ адна нагода, каб прэзыдэнт са сваімі сынамі, а, можа, і з расейцам Лаўровым, паказаў сябе выгодна на праспэкце Менску. А за імі натоўп задаволеных вэтэранаў, паслухмяных студэнтаў і іншых сагнаных ці прывабленых шэсьцем і канцэртамі. А астатнія будуць гнуцца на агародах, лецішчах. Ім усё роўна, што гэта за сьвята. Людзі зьняверыліся. Толькі б неяк выжыць.

Чула меркаваньне, што беларусы арыстакратычная нацыя. Думаю, маецца на ўвазе ня столькі побыт, колькі стыль мысьленьня, паводзінаў – стрыманасьць, трываласьць. І зусім іншае, на жаль. – нейкая безабароннасьць беларусаў перад цяперашнім бязьмежным дзяржаўным нахабствам. Нашай адметнасьці беларускай выкручваюць рукі, топчуць. Мы здраджваем памяці нашых годных продкаў, памяці нашай вялікай Богам дадзенай нам зямлі.

Ды хочацца верыць, як зь верша Максіма Багдановіча: “Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, сьветлага дня”. І сказаць, як у Кастуся Каліноўскага: “Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG