Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраецца Аляксандар Лукашэнка зьмяніць эканамічную палітыку?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканаміст Аляксандар Кавалёў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.

На нарадзе ў аўторак кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адмовіцца ад дзяржаўнай падтрымкі нерэнтабэльных прадпрыемстваў. Якая прычына такога павароту эканамічнай палітыкі? Якія сацыяльныя наступствы гэта можа пацягнуць? Ці наважыцца кіраўніцтва краіны на такія зьмены?

Чаму Лукашэнка абвясьціў пра зьмену эканамічнай палітыкі?

Валер Карбалевіч: “Кіраўнік дзяржавы аб’явіў пра зьмену эканамічнай палітыкі. Калі каротка, то цяпер бюджэтная падтрымка прадпрыемствам будзе грунтавацца на эканамічнай эфэктыўнасьці, а не палітычнай мэтазгоднасьці, як было дасюль.

Лукашэнка раптам заўважыў, што дзяржаўная дапамога прадпрыемствам ня надта эфэктыўная, хоць пра гэта казалі й пісалі ўсе незалежныя эканамісты ўжо шмат гадоў.

Увогуле, на пераразьмеркаваньні рэсурсаў ад эфэктыўных гаспадарчых суб’ектаў да неэфэктыўных, фактычным прыпыненьні банкруцтваў, забароне звальненьняў работнікаў грунтавалася сацыяльна-эканамічная мадэль, якая створаная ў Беларусі.

І вось цяпер дэкляраваная зьмена мадэлі. Дзяржава адмаўляецца ад ільготаў грамадзянам і адначасова ад ільготаў прадпрыемствам. Дакладней, гэтыя льготы значна скарачаюцца.

Здавалася б, сытуацыя ў эканоміцы не вымагае такіх радыкальных крокаў. Дзяржава мае прафіцыт бюджэту, грошай нібыта хапае. Што здарылася? У чым прычына такога павароту эканамічнай палітыкі?”

Аляксандар Кавалёў: “Неабходнасьць зьменаў у эканамічнай палітыцы было асэнсаваная кіраўніцтвам дзяржавы раней. Але раней не было тых вонкавых абставінаў, якія цяпер падштурхоўваюць да такіх зьменаў. Рост цэнаў на энэрганосьбіты вымагае скарачэньня бюджэтнай падтрымкі прадпрыемстваў.

Дваццаць адсоткаў дзяржбюджэту ў 2006 годзе пайшлі на датацыі прадпрыемствам. У бюджэце яны праходзяць пад назваю “капітальныя ўкладаньні ў народную гаспадарку”.

З выступу Лукашэнкі на нарадзе вынікае, што ўлады далей будуць падтрымліваць толькі эфэктыўныя прадпрыемствы. Але навошта падтрымліваць эфэктыўныя суб’екты гаспадараньня? Няхай бяруць крэдыты”.

Кастусь Скуратовіч: “Я ўвогуле ня бачу прычынаў для зьмены палітыкі. Лічу, што гэтыя заявы ёсьць праявамі імпульсіўнага характару кіраўніка дзяржавы.



Калі зрабіць вытворцаў свабоднымі й адказнымі, то тады сапраўды ня трэба ім даваць дзярждатацыяў. Але дзеля гэтага трэба скараціць дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў эканоміку. І тады трэба праводзіць прыватызацыю.

А сёньня ў нас большасьць прадпрыемстваў — дзяржаўныя, значная іх частка — стратныя, асабліва ў лёгкай прамысловасьці, сельскай гаспадарцы. Лукашэнка казаў, што ў нас, адрозна ад іншых краінаў, не было шокавай тэрапіі. Дык вось, адмена гэтых датацыяў можа стаць такой шокавай тэрапіяй.

У сельскай мясцовасьці жыве 27% насельніцтва краіны. Калі пакінуць на датацыях толькі каля сотні гаспадарак, якія б маглі накарміць народ, то што рабіць астатнім? І дзе яны возьмуць грошы, каб купіць тое, што выпрацавала гэтая сотня рэнтабэльных гаспадарк?

Пры тым няма ніякай праграмы гэтых зьменаў. Ёсьць проста імпульсіўныя развагі”.

Кавалёў: “Галоўнае, каб не атрымалася шоку без тэрапіі”.

Якія сацыяльныя наступствы можа мець скарачэньне датацыяў прадпрыемствам?

Карбалевіч: “Калі аб’яўленыя захады будуць ажыцьцёўленыя, то гэта азначае фактычна зьмену сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Але ж, па-першае, гэтая мадэль была прадметам гонару беларускага кіраўніцтва. Паводле дзяржаўнай ідэалёгіі, на пераразьмеркавальнай ролі дзяржавы, сацыяльнай арыентацыі эканамічнай палітыкі грунтуецца перавага Беларусі над іншымі посткамуністычнымі краінамі, якія сталі на шлях рэформаў. І вось цяпер ад гэтага адмаўляюцца.

Па-другое, зьмена эканамічнай палітыкі можа мець значныя сацыяльныя, а потым, магчыма, і палітычныя наступствы. Цяпер у Беларусі каля чвэрці прадпрыемстваў — нерэнтабэльныя. Безь дзяржаўнай дапамогі яны працаваць ня змогуць.

А гэта азначае нявыплаты заробкаў, рост беспрацоўя, пашырэньне сацыяльных пратэстаў і іншае. Доўгае існаваньне ідэалёгіі ўтрымальніцтва прывяла да таго, што ў Беларусі страйкі пачынаюцца, калі месяц не выплачваецца заробак. Якія наступствы могуць мець такія зьмены ў палітыцы?”

Кавалёў: “Наступствамі такіх дзеяньняў могуць быць рост банкруцтваў, беспрацоўя. Але калі сказаў “а”, трэба казаць і “б”. Трэба будзе скарачаць расходы дзяржбюджэту, а затым і падаткі.

Думаю, спадар Лукашэнка ў гэтых сваіх захадах спазьніўся на адзін год. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у яго было пяць гадоў да наступных выбараў. Цяпер засталося толькі чатыры. Чым раней пачаць рэформы, тым хутчэй яны дадуць станоўчы вынік, у тым ліку ў выглядзе падтрымкі электарату”.

Скуратовіч: “Вядома, што рэвалюцыя зьядае ўласных дзяцей. Рэформы, у гэтым сэнсе, ня менш пражэрлівыя. Палітык, які стаў на шлях рэформаў, мае мала часу, бо правесьці іх трэба так, каб ніхто не пасьпеў апамятацца. Прычым, ён вымушаны сысьці з палітыкі.

Так было ў Польшчы, дзе аўтар рэформаў Бальцаровіч хутка сышоў. Так было ў Расеі, дзе такі ж лёс напаткаў каманду Гайдара.

У нас я ня бачу ніякіх аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў, каб Лукашэнка стаў на шлях рэформаў. Супраціў рэформам у Беларусі будзе ня з боку сацыяльных аўтсайдэраў, пра якіх вы казалі, а з боку чынавенства. Бо пасьля рэформаў значная частка бюракратаў пазбавіцца сваіх функцыяў, стане непатрэбнай”.

Ці адважыцца кіраўніцтва краіны на такія зьмены?

Карбалевіч: “Падобныя заявы Лукашэнка рабіў і раней. Ён шмат разоў абяцаў не дапамагаць больш нерэнтабэльным калгасам, аднак нічога пакуль не зьмянілася. А як будзе на гэты раз?”

Кавалёў: “Расея ўступае ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. І калі мы зьбіраемся і далей быць у мытным зьвязе з Расеяй, то давядзецца гуляць паводле правілаў УГА. Іншых альтэрнатываў няма. Касмэтычнымі мерамі тут не абысьціся.

Думаю, кіраўніцтва дзяржавы сапраўды пойдзе на эканамічныя рэформы. Таму што існая неэфэктыўная эканамічная сыстэма ня можа жыць пры новых вонкавых абставінах. А тое чынавенства, якое сапраўды страціць ад рэформаў, можа кампэнсаваць страты тым, што пойдзе ў бізнэс”.

Скуратовіч: “А я сумняюся ў здольнасьці цяперашняга кіраўніцтва да рэформаў. Я ня бачу, як наша чынавенства магло б паўдзельнічаць у прыватызацыі. Такіх грошай, каб набыць МАЗ, МТЗ у іх няма. Не магу ўявіць, каго прывабіць могуць нашы калгасы, якія ўжо нібыта тры разы рэфармавалі”.

Карбалевіч: “Такім чынам, зьмена эканамічнай палітыкі паказвае з аднаго боку памылковасьць і згубнасьць таго эканамічнага курсу, які праводзіўся дасюль.

А зь іншага боку, ўчорашняя нарада ў Лукашэнкі сьведчыць, што новыя эканамічныя ўмовы паставак энэргарэсурсаў вымагаюць рэформаў — незалежна ад жаданьня кіроўнай эліты”.
XS
SM
MD
LG