Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ліпені Брно – сталіца беларускай літаратуры


Ганна Соўсь, Брно Чэскі горад Брно стаў сталіцаю вольнай беларускай літаратуры на ўвесь ліпень. У тэатры “Husa na provázku” праходзіць найбольшы чэскі літаратурны фэстываль, дзе ганаровымі гасьцямі – Беларусь і трыццаць адзін беларускі літаратар.

Фэстываль называецца "Месяц аўтарскага чытаньня", ён ладзіцца пры спрыяньні міністра замежных справаў Чэхіі Карла Шварцэнбэрга. Сярод беларускіх гасьцей фэстывалю – Уладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч.

Адкрыў фэстываль Уладзімер Арлоў. Ягоныя творы – эсэ "Незалежнасьць – гэта..." і апавяданьне "Ордэн Белай Мышы" – пераклалі Радка Бэрноўска (Чэхія) і Вераніка Бяльковіч (Беларусь). Уладзімер Арлоў сядзіць на сцэне за сталом, на стале – келіх чырвонага віна, наведнікі раз-пораз вітаюць воплескамі твор беларускага аўтара.

Як адзначыў на адкрыцьці фэстывалю дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які таксама 3 ліпеня будзе браць удзел у аўтарскім чытаньні, такі фэстываль, з такімі ўдзельнікамі, якія будуць чытаць такія творы, немагчымы толькі ў адной краіне сьвету – у Беларусі.

А сам Уладзімер Арлоў перад сваім чытаньнем згадаў словы Вацлава Гаўла, які казаў, што не ўяўляе абрысаў новай Эўропы безь Беларусі. Такія акцыі, як гэты літаратурны фэстываль, паводле Ўладзімера Арлова, набліжаюць Беларусь да абрысаў новай Эўропы.

Адзін з арганізатараў фэстывалю зь беларускага боку Сяргей Сматрычэнка зьвярнуў увагу, што чытаньні трансьлююцца ў інтэрнэце праз сайт фэстывалю, а Аляксандар Лукашук сказаў, што кожны дзень у эфіры "Свабоды" будуць гучаць рэпартажы з фэстывалю і размовы зь яго ўдзельнікамі.

Заўтра на фэстывалі будзе выступаць Лявон Вольскі.

Гл.таксама: вэб-сайт фэстывалю
XS
SM
MD
LG