Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

52-гадовы ірляндзец асуджаны за парнаграфічныя здымкі беларускіх дзяцей


Радыё Свабода Акружны суд у ірляндзкім горадзе Карлаў асудзіў уладальніка цукеркавай крамы Джона Пэпарда да 18 месяцаў турмы, а таксама ўключыў яго на 10 гадоў у гэтак званы сьпіс асобаў, якія абвінавачваюцца ў сэксуальных злачынствах. Цягам гэтага часу Джону Пэпарду належыць праходзіць рэгулярны дагляд у псыхоляга-крыміналіста і забаронена прымаць у сваім доме непаўналетніх дзяцей.

Як пішуць выданьні “Irish Times”, “Irish Іndependent” ды іншыя, акружны судзьдзя Эліс Дойл прызнала дзеяньні 52-гадовага жыхара мястэчка Маўнт-Мэлэрэй “брутальнымі”. Дойл заявіла: “Каб такое здарылася зь ірляндзкімі, а не беларускімі дзецьмі, гэта выклікала б шырокі грамадзкі пратэст”.

У якасьці доказаў злачынства пракуратура прадставіла знойдзеныя ў доме Пэпарда 143 фотаздымкі і 10 відэазапісаў парнаграфічнага зьместу з удзелам хлопчыкаў ад 10 да 14 гадоў. Паводле сьледзтва, дзеці паходзілі пераважна з Хойнікаў, а таксама іншых населеных пунктаў беларускай чарнобыльскай зоны.

Ад 1995 году Джон Пэпард прымаў у сваім доме маленькіх беларусаў, якія прыяжджалі ў Ірляндыю на аздараўленьне. Як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, здымкі парнаграфічнага зьместу рабіліся Пэпардам ня толькі ў Ірляндыі, але і ў Беларусі. Ад сярэдзіны 1990-х Пэпард рэгулярна, прыкладна тры разы ў год, наведваў гэтую краіну ў рамках чарнобыльскага праекту.

Ірляндзкія выданьні пішуць, што Джон Пэпард меў у сябе дома добрую рэпутацыю. У юнацтве ён быў лідэрам у бой-скаўцкім руху. Доўгі час працаваў страхавым мэнэджэрам. Жыў заможна, адзін, і заўсёды быў адкрыты для дабрачынных праектаў.

Злачынствы Пэпарда былі выкрытыя выпадкова супрацоўнікам мясцовай фоталябараторыі, куды ірляндзец прынёс праяўляць свае нэгатывы.
XS
SM
MD
LG