Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мая Беларусь”: “Сьвятло Айчыны і Вызвольных Крыжоў азарае шлях у нашую незалежнасьць”


Радыё Свабода З аглядам 6-га фотатыдня – вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 21 чэрвеня – 27 чэрвеня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Дзьмітры Зяньковіч Валерыя Кустава (фота, эсэ) Паліна Грынчанка Алеся Сідлярэвіч Валеры Казюмінскі Тацяна Мірановіч Ева Гілевіч Тоня Вежнавец Яраш Сяргей Міхальчук Кася Шумская Юры Калбасіч (міні-эсэ)

Усім дзякуй! (гл. таксама: ЛІСТАВАНЬНЕ)

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ (42 здымкі) ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЛІСТАВАНЬНЕ МІНІ-ЭСЭ ПЕРАМОЖЦЫ

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ

Сьвятло Вызвольных Крыжоў

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Сьвятло Вызвольнага Крыжа ў вёсцы Грозаў (Грозава) Капыльскага раёна Менскай вобласьці.

“Крыж усталяваны ў 1990-х гадах у гонар 2-га Грозаўскага палку абаронцаў БНР (створаны ў лістападзе 1920)”, – падае аўтар.

Тэму памяці і пакутаў на беларускай зямлі працягваюць яшчэ два сюжэты Дзьмітрыя Зяньковіча. (с) Дзьмітры Зяньковіч. Случчына. Калісьці тут была вёска Крушнік, спаленая фашысцкімі карнікамі ў лютым 1943-га...

(с) Дзьмітры Зяньковіч. Вёска Пераходы, спаленая фашыстамі падчас карнай апэрацыі 23 лютага 1943 (былі спаленыя таксама вёска Крушнік і яшчэ пяць вёсак). Абапал дарогі на месцах дамоў стаяць помнікі зь імёнамі жыхароў. Жанчыны, дзеці, старыя... Менавіта пра трагедыю гэтай вёскі напісаў "Хатынскую аповесць" Алесь Адамовіч. Слуцкі раён Мінскай вобласьці.

Дзьмітры Зяньковіч – новае імя на старонках конкурсу. Гл. працяг публікацыі ў разьдзелах “Айчына, месца, Бог” і “Нетыпова-дэкаратыўныя” краявіды ў стылі рэжымнай культуры”.

(с) Сяржук Гудзілін. Сьлёзы Маці-патрыёткі. Помнік у Жодзіне

Бел-чырвона-белае

(с) Паліна Грынчанка. Ветразі Свабоды (Турэччына)

“На чужой зямлі, – піша Паліна, – настальгія пачынаецца тады, калі неўзабаве зьяўляецца згадка пра Беларусь. Часам як цуд, як напамін. Неверагоднае адчуваньне ўзьнікла, калі не адзін і ня два, а цэлы дзясятак бел-чырвона-белых ветразяў зьявіўся ў марской прасторы”.

(с) Кася Шумская. Гарызонт Свабоды

“Дзякуй абутковай краме за колеравы лягатып, што атрымаўся на маім здымку гэтакім Яскрава-Нацыянальна-Сьвядомым і дыхае Свабодай,” – напісала Кася з Мазыра.

(с) Пан Мікола Летуценьнік. На зямлі продкаў. Ваяр

Айчына, Месца, Бог

Ева Гілевіч з Барысава дорыць сьвятло сваіх блізкіх дарог. Яе лірычная нота ўваскрашае з памяці і гэткі радок паэта: “Сьпяшайцеся пасьпець душою разгавецца...” -- усьлед ці насустрач усім, хто сьпяшаецца.

(с) Ева Гілевіч Адвечны шлях (с) Ева Гілевіч Дарога дадому. Вёска Устрона, Барысаўскі раён (с) Ева Гілевіч Сьцяжынка напрасткі

Алеся са Шчучыншчыны (так назвалася аўтарка) інтрыгуе зь першых слоў: “Дасылаю вам Беларусь не “прыгожую”, не такую, якую бачыш на паштоўках ды рэклямных буклетах, але такую як ёсьць, у няяркім жыцьці. Мела намер адлюстраваць беларускую вёску і яе цяжкую штодзённую працу. Спадзяюся, тэма вам прыдасца. Мужчына на здымках – мой гаротны стомлены дзед. Здымкі зробленыя ў вёсцы Тапілішкі, што на Шчучыншчыне”.

Дзякуй, Алеся. Вашы здымкі, хоць і ня ўсе роўныя зь якасьці, насамрэч прыцягваюць шчырасьцю і Вашай спагадай да “стомы” сельскага чалавека, сымпатыяй да Вашага дзеда і сямейнай традыцыі. “Адлюстраваць беларускую вёску, яе цяжкую штодзённую працу” – неабсяжна вялікая і высакародная тэма, якая цалкам адпавядае мэтам нашага конкурсу. І калі Вы яе досыць выразна замаўляеце ў намерах, Бог Вам у помач.

(с) Алеся Сідлярэвіч Мой гаротны стомлены дзед. Вёска Тапілішкі, Шчучынскі раён (с) Алеся Сідлярэвіч З канём. Вёска Тапілішкі, Шчучынскі раён (с) Алеся Сідлярэвіч Раздольле. Дзеці ў ваколіцах. Вёска Тапілішкі, Шчучынскі раён

“Вось некалькі здымкаў маёй роднай вёскі Шчорсы, – піша нам гэты раз Валеры Казюмінскі, прызёр мінулага тыдня, сталы ўдзельнік фатаконкурсу “Мая Беларусь”. – Штогод бываю там і заўсёды прывожу дадому адбіткі памяці. Разам з тым гэта рэаліі сёньняшняга дня. Усё мяняецца... Месцы, надзвычай мне дарагія, незваротна зьнікаюць, сыходзяць назаўжды. Аднак страты датычаць ня толькі мяне, бо гэта не адно асабісты мой скарб, які я ўдзячна зьберагаю. Гэта яшчэ нацыянальнае багацьце. У будынку, дзе я нарадзіўся (у левым крыле жылі мае бацькі – школьныя настаўнікі), як вядома, знаходзілася знакамітая бібліятэка Храптовічаў”.

Каб ацаніць фотааповяд сп. Казюмінскага, варта ўзгадаць хоць бы тое, што Іаахім Ігнацы Юзаф Літавор Храптовіч быў у свой час (гэта другая палова і канец 18 ст.) дыпляматам Вялікага княства Літоўскага ў Парыжы і Вене, ачольваў дэпартамент акадэміі і школ, а з 1791 – міністэрства замежных справаў. Бібліятэка Храптовічаў налічвала 10 тыс. асобнікаў, яе наведваў Адам Міцкевіч, а бібліятэкарам працаваў Ян Чачот.

(с) Валеры Казюмінскі Скрыжаваньне на ўезьдзе ў Шчорсы. Дзьмітраўская царква, пабудаваная з удзелам францускага архітэктара Я.Габрыэля ў 1776 як уніяцкая. Наваградчына

(с) Валеры Казюмінскі Бібліятэка Храптовіча. У гэтым будынку шмат гадоў разьмяшчалася мясцовая школа

(с) Валеры Казюмінскі Балькон, на якім стаяў Адам Міцкевіч

(с) Валеры Казюмінскі Я нарадзіўся тут...

(с) Валеры Казюмінскі Ціхі дворык на другім баку будынка. Яшчэ кволіцца жыцьцё

(с) Валеры Казюмінскі Настаўнікі-пэнсіянэры

(с) Валеры Казюмінскі Крыніца вады для многіх пакаленьняў

(с) Валеры Казюмінскі Парэшткі дуба Адама Міцкевіча. “На гэтым месцы рос дуб, пад якім Адам Міцкевіч працаваў над паэмай “Гражына”

“Побач бібліятэкі, – дадае Валеры, – за мэтраў 200, стаяў палац графа. У вайну ён быў разбураны, заставаліся сьцены цэнтральнай часткі бяз даху. Каляровая тынкоўка на сьценах сыпалася і адвальвалася, і дзятва зьбірала кавалачкі, каб маляваць ды пісаць імі ў якасьці крэйды. Памятаю, як валілі рэшткі палаца бульдозэрамі. Было гэта ў годзе гэтак 1955-м. І нічога не засталося, толькі скляпеньні пад тым месцам, дзе стаяў палац. Але і яны, бадай, цалкам разбураныя, хутка й сьледу ня будзе”.

Сядзібна-палацавую тэму працягваюць Тоня Вежнавец і Дзьмітры Зяньковіч.

(с) Тоня Вежнавец Мірскі замак

(с) Дзьмітры Зяньковіч Сядзібны дом у Грозаве. Помнік архітэктуры клясыцызму, 18 ст. Капыльскі раён

(с) Дзьмітрый Зяньковіч Касцёл 1620 (1649?) у вёсцы Замосьце Слуцкага раёну. Адзін з найстарэйшых у Беларусі. Паводле зьвестак, першапачаткова пабудаваны як кальвінскі збор

(с) Дзьмітрый Зяньковіч Сажалка і сядзібныя гаспадарчыя пабудовы ў пэйзажным парку “Савейкі” (1850). Вёска Савейкі, Ляхавіцкі раён

(с) Дзьмітрый Зяньковіч Пэйзажны парк “Савейкі” (1850). Другая сажалка з выспай. Раней на выспе была альтанка, да якой вёў масток. Вёска Савейкі, Ляхавіцкі раён

(с) Дзьмітрый Зяньковіч Краявід за вёскай Савейкі

(с) Дзьмітрый Зяньковіч Гожае месца. Бусел

Вянок Радзімы: з васільком і варшаўскім калосьсем

“Васільковую ды купальскую тэмы разьдзяліць немагчыма, – піша мне Яраш. – Яны паяднаныя вянком”.

(с) Яраш Васількова-купальскае

(с) Слава Самотны далягляд

Валерыя Кустава разам з фотасюжэтам даслала і дасьціпную вясёлую гісторыю, безь якой сам здымак страціў бы палову свайго вельмі беларускага сьвятла, нягледзячы што зроблены за межамі Беларусі.

(с) Валерыя Кустава Дзеўка-Беларусь

А цяпер невялікае эсэ ад Валярыны. Яно такое цудоўнае, што я настойваю ўчытацца ў яго ня менш уважліва, чымся ўгледзецца ў сам фатаздымак.

“Упершыню ў Польшчу я патрапіла летам 2003-га з паэтам, перакладнікам і проста файным беларускім хлапчуком Арцёмкам Кавалеўскім: выпала магчымасьць палепшыць моўную практыку ды бліжэй пазнаёміцца з культураю заходняй суседкі — на свае вочы пабачыць славутасьці гаспадыні касьцёлаў ды палянэзаў.

Я — дзіцятка ўрбаністычнае, вылецела з падстрэшша гарадзкога, таму сапраўднага жытняга поля мне бачыць на Радзіме не даводзілася... да таго моманту, калі мы з Арцёмкам, пераскокнуўшы празь нейкую агароджу, апынуліся ў сонечных травах варшаўскіх жытоў. Вось дзе парадокс: у польскім полі я адчула сябе вясковаю беларусачкаю, так бы мовіць, жняёю ў пэрыяд зажынак, толькі што сярпа не ставала...

Фоткаў мяне Арцёмка хутка, бо да нас шпарка набліжаўся пан, які заўважыў, як мы сігалі праз плот, і мусіў скруціць нам галовы, калі б у некалькі бліжэйшых сэкундаў мы ня зьніклі зь яго ўласьнасьці. Мо ён быў проста ахоўнікам, але выглядаў надзвычай сувора.

Фотка рабілася на звычайную “мыльніцу” і даволі экспромтна — падстава ў нас была сур’ёзная: свае галовы мы ўсё ж хацелі прывезьці дадому нязьнішчанымі, у спадзеве, што яны шчэ паслугуюць на карысьць Бацькаўшчыны.

Вынікам нашага злодзейскага залазу на чужую маёмасьць маем вось гэты фатаздымак, на якім паэт фатамэтадам занатаваў паэта. :-) Па аналёгіі з вобразам жанчыны ў хутстцы за працаю ў жытах, якую зазвычай называюць “Маці-Беларусь” — гэтай фотцы прыдумаўся такі назоў: “Дзеўка-Беларусь”.

І чупрына ў мяне на той час была пафарбаваная акурат “пад жыта”.

Вядома, можа было павыдурняцца і давесьці, што гэта поле дзе-небудзь пад Вушачамі ці пад Бычкамі, але мы з Арцёмкам шчырыя беларускія паэты… :-)

Усё адно, тое адчуваньне вясковай беларускасьці, беларускасьці ад зямлі, якое ахапіла мяне на тым варшаўскім полі нічым не заменіцца і не забудзецца… гэтае маё першае жыта… Бо ўсё ж для мяне, прынамсі, на той момант, маё адчуваньне і я сама вызначалі ў беларускасьці больш за геаграфію самога месца. Вось”.

“Нетыпова-дэкаратыўныя” краявіды. Пераважна ў стылі рэжымна-лягернай культуры

Несэзонны здымак ад Рамана Забелы. Аднак ставім яго як падставу, як ілюстрацыю да цікавага назіраньня і актуальных разваг аўтара пра стан і ахову культурна-гістарычнага асяродзьдзя беларускай сталіцы.

(с) Раман Забела Убаку ад мітусьні

Раман піша: “Я люблю шпацыраваць па цэнтры горада й шукаць схаванае. На ўласныя вочы бачыш, як зьнішчаецца горад. Памірае квартал за кварталам. Не таму, што руйнуецца шмат камяніц, а таму, што іх адбудоўваюць. Яшчэ нядаўна мы маглі знайсьці двары, якія былі прасякнутыя гісторыяй, "пахам часу". Зараз на іх месцы бачым дэкарацыі з глянцавымі фасадамі, зіхоткімі надпісамі, бэтонным брукам. Замест помнікаў – дэкарацыі. Дэкарацыі да вялікага спэктаклю. Горад не жыве, а існуе. Бо не застаецца духоўнага жыцьця, пераемнасьці пакаленьняў, адно што – мітусеньне занятых менчукоў. І як прыемна сустрэць і ўбачыць, калі хто часам для сябе стварае іншую рэчаіснасьць, іншы горад, вядомы толькі яму. Іншы – гэта значыць жывы... Таму і вырашыў даслаць толькі адзін гэты здымак”.

Замест памяці – глянцавыя фасады, замест помнікаў – дэкарацыі. Слушна і скрушна. І часам “дэкарацыі” гэтыя ў стылі, як бы гэта сказаць, лягерна-рэжымнай культуры, якая нахабна палоніць і траўміруе душу. Слова нашаму аўтару зь Берасьця Сяргею Міхальчуку. На ягоным здымку, як іранічна заўважае сам аўтар, “дужа прыгожы вiдок на Брэсцкi электралямпавы завод” – адбітак вытворчай стабільнасьці і ўладкаванага асяродзьдзя.

(с) Сяргей Міхальчук Вытворчы пейзаж зь пярэднім плянам

“І яшчэ, – дадае Сяргей. – Ёсьць у Брэсцкай крэпасьцi адно незвычайнае мейсца -- былы Бэрнардынскi манастыр, помнiк 17 ст. Зараз ён у жудасным стане. Спрэс зарастае, яго атакуюць расьліны. Сьцены ўнутры расьпiсаныя непрыстойнымi словамi. Шмат бруду. І нікому няма да гэтага справы. Дарэчы, было б вельмi добра, калі б у эфiры Свабоды прагучала хоць нешта на абарону кляштара”.

Каб нэўтралізаваць жорсткія рэаліі, Сяргей уклаў у сваю публікацыю яшчэ адзін сюжэт. “Проста бярозка, самотная i безабаронная. Можна правесьцi шмат паралеляў...”

“Проста бярозка”, Сяргей, у Вас атрымалася на славу, у ёй трапяткая жывая душа і чуваць мэлёдыі скрыпкі пад узмахам нябёсных смычкоў.

(с) Сяргей Міхальчук Проста бярозка

Сэрыю здымкаў з Салігорску (“салігорскія горы”) Дзьмітры Зяньковіч падае пад назовам “Нетыповыя краявіды”.

(с) Дзьмітры Зяньковіч Сэрыя “Нетыповыя краявіды”

(с) Дзьмітры Зяньковіч Сэрыя “Нетыповыя краявіды”

На жаль, Дзьмітры, Вы нічога не кажаце пра дзівосную кветку, што ўпрыгожыла “нетыповыя краявіды”...

(с) Дзьмітры Зяньковіч Сэрыя “Нетыповыя краявіды”

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Вэрнісаж Дзьмітрыя Зяньковіча

Аддаю належнае Дзьмітрыю Зяньковічу: ягоны вэрнісаж з 12 фатаздымкаў (справа, вядома ж, ня ў колькасьці) атрымаўся зьмястоўным і цікавым, да ўсяго – інфармацыйна насычаным, тэматычна запатрабаваным і актуальным. Спадзяюся, наведнікі сайта ацэняць і першапачатковае сьвятло Вызвольнага крыжа з Грозаўскіх ваколіц, і памяць пра ліхалецьце на нашай пакутнай зямлі, і ягоную сэрыю “Нетыповыя краявіды”, і сьвятло савейкаўскага поля пад Ляхавічамі.

Віншую, Дзьмітры, і жадаю новых плённых вандровак у гэтае лета.

Мой гаротны стомлены дзед

Аўтарка Алеся Сідлярэвіч. Здымак зьмешчаны вышэй. Да выкладзеных якасьцяў гэтага здымка (аднаго з трох) дадам, што ягоная вартасьць і ў асобе фатографкі, якая ўбачыла не паставу чалавека, а чалавека ў паставе (укленчаным). Гэта ўмовы і стан, прычыны і наступствы, гэта, магчыма, бяда і віна ўсяе нацыі. Усё гэта на здымку, які, на мой погляд, трапляе ў шчыльны сацыяльны кантэкст, у самы фэномен беларускай стабільнасьці. Дый проста па-чалавечы мяне ўразіў і крануў ваш фатаздымак, Алеся. Моцы Вашаму дзеду! Здымайце і дасылайце новае.

Палёты над возерам

Тацяна Мірановіч, студэнтка гістарычнага факультэта, ўжо знаёмая з нашых старонак. Быў яе “Полацак”, было “Зялёнае мора. Краявід каля вёскі Чучаны”, была “Вайдалётка Лошыцкага парку” . І ёсьць, гэтым разам, купальская “тарзанка” на вадасховішчы пад Менскам. Мяне зацікавіў сюжэт, і я папрасіў Тацяну распавесьці гісторыю кадра. Але спачатку фатаздымак.

(с) Таня Мірановіч Купальская “тарзанка”. Палёт над возерам

“Гэта былі нашыя “палёты” на так званай тарзанцы, – распавяла Тацяна. – Лёталі па чарзе і фатаграфаваліся. Было надзвычай цікава. Асабліва пасьля – што засталося на плёнцы? З сабой у мяне была простая плёнкавая “мыльніца”. На гэты кадр я звярнула ўвагу адразу, у ім добра выразьнілася фігура, сылюэт. Пасьля адсканавала і захоўваю ў электронным варыяньце. Падумала, што для конкурсу ён цікавы”.

Гэта фэнамэнальны сюжэт, Тацяна! Шчырыя віншаваньні.

МІНІ-ЭСЭ АД ПЕРАМОЖЦЫ

Юры Калбасіч, Глыбокае (трэці тыдзень, фатаздымкі “Вясёлка над возерам Кагальнае” і “Муры кармелітаў. Вясёлка“):

“Вясёлка – гэта аптычная зьява”, – скажа знаўца фізыкі. “Вясёлка – гэта знак першага Божага запавету, дадзены Ною і яго нашчадкам”, – скажа вернік. Бог нагадвае пра сваю прысутнасьць сярод людзей, нагадвае, каб не забываліся праз паўсядзённую мітусьню на свайго Стваральніка і Збаўцу…

У райцэнтры Глыбокае, дзе я нарадзіўся й жыву, вясёлку можна пабачыць пераважна ўвечары і толькі там, дзе ўзвышаюцца вежы храма, які быў узьведзены нашымі продкамі тры з паловай стагодзьдзі таму. Ня думаю, што гэта выпадкова. Зрэдку, два-тры разы на год, на некалькі хвілінаў вясёлка ахінае навакольле, зьвязвае грэшную зямлю і вышу Неба. “Глядзіце, вясёлка!”, – з узрушаным настроем кажуць прахожыя адзін аднаму і падымаюць галаву да неба, паварочваюцца тварам да Храма. Абыякавых у такім выпадку звычайна не бывае. Некалькі хвілінаў – імгненьні! –вясёлка зьліваецца зь небасхілам. Таму, схапіўшы здымач, абраўшы добры ракурс, з роспаччу вяртаесься дадому – не пасьпеў…

Летась, на самым пачатку лета, мне пашчасьціла. Вясёлка зазьзяла і з кожнай хвілінай набіралася моцы, потым, ніжэй, зьявілася яшчэ адна. Хапіла часу, каб дайсьці да старажытных муроў і зрабіць колькі здымкаў. Шкадаваў хіба толькі, што мой лічбавік – звычайная “мыльніца”, якой нельга зрабіць фота прафэсійнай якасьці. Роўна праз год, дзякуючы фатаконкурсу “Мая Беларусь” з двума фатаздымкамі “вясёлкавай сэрыі” пазнаёміліся наведнікі сайту радыё “Свабода”.

ЛІСТАВАНЬНЕ

Svirepiksu. Атрымалі. Убачымся. Уладзю Г. Вясновы сюжэт з ракой не пазначаны назвай мясцовасьці і ракі. Вікарыі. Дашліце новае. Паліне Г. Астатняе – праз тыдзень. Віталю Б. Праз тыдзень убачымся.

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG