Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ада Райчонак: "Я веру, што шчасьлівыя людзі будуць сьмяяцца і радавацца жыцьцю"


Радыё Свабода Ада Райчонак – удзельніца праграмы "Ў што я веру".

Я веру, што прыйдзе час і мая краіна Беларусь стане вольнай і дэмакратычнай, што шчасьлівыя людзі будуць радасна сьмяяцца і радавацца жыцьцю. А пакуль што гэта мара, у зьдзяйсьненьне якой я вельмі веру.

Я жыву ў звычайнай беларускай вёсцы, якая ўлетку патанае ў зеляніне садоў. Прыгожай стужкай акружае яе рака Дзісенка, што ўпадае ў Дзьвіну. Здаецца, райскі куточак, але ня райскае тут жыцьцё. Няма будучыні ў маёй роднай вёсачкі. Працэнтаў 80 яе насельнікаў – гэта пэнсіянэры, якім па 70-80 год. Напэўна, на аднаго народжанага прыпадае дзесяць памерлых. Мізэрныя заробкі пры цяжкой працы прымушаюць моладзь шукаць шчасьця ў іншым месцы. Праедзься па нашым навакольлі, і ты убачыш безьліч пакінутых хат, гаспадары якіх адышлі ў іншы сьвет. Цяжка на душы становіцца ад такога відовішча.

Калі я 50 год таму прыехала працаваць настаўніцай, то ў нашым калгасе быў толькі адзін п''яніца, якога ўсе ведалі, зь якога ўсе сьмяяліся. Цяпер няма каму сьмяяцца. Нават бабы сьпіліся. Ужо раніцай у сем гадзін можна ўбачыць пад плотам п''янага мужыка ці п''яную бабу. А колькі іх, небаракаў, пайшло заўчасна на той сьвет з-за гэтай праклятай гарэлкі, колькі засталося сірот і удоў.

Напэўна, некаму выгадна спайваць людзей, бо п''янымі лягчэй кіраваць. Атрымае мужык сваю мізэрную зарплату і думае, што зь ёю рабіць: ці дадому несьці, ці ў забягалаўку. На жаль, забягалаўка перамагае.

Асабліва мне балюча бачыць пад плотам ці ў канаве п''янага майго вучня. Кожнаму зь іх я аддала часьцінку сваёй душы, таму вельмі крыўдна, што ён зламаўся, ня выстаяў ў жыцьці. Калісьці я казала ім словы Горкага: “Человек рождён для счастья, как птица для полёта". А дзе яно, гэта шчасьце?

І усё ж я веру, што “загляне сонца і ў наша ваконца". Чалавек, атрымаўшы дастойную зарплату, будзе даражыць месцам працы і не да гарэлкі яму будзе, а цьвярозы чалавек – гэта добры сем''янін, добры працаўнік. А такое магчыма толькі пры ўладзе, якая не на словах, а на справе будзе служыць свайму народу. І такая ўлада ў нас будзе! Я веру ў гэта! Веру, што ня будуць тады судзіць маладзёнаў за карыстаньне роднай мовай, за ўдзел у маладзёвых акцыях, што свабодна будуць выходзіць недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. І я веру ва ўсё гэта.

*** Ада Райчонак – старшыня культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, в.Германавічы, Шаркоўшчына.
XS
SM
MD
LG