Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Ягор Маёрчык, Менск Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдніПра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра новыя эканамічныя ўмовы

Іван Снапко, Гомель:

“Нешта я не заўважаю тых катастрафічных наступстваў, пра якія столькі гаварылі пасьля Новага году, калі Расея падняла цэны на газ і нафту. Так, кошты ў крамах пакрысе растуць, але яны расьлі і раней. А курс даляра – на адным месцы. І лядовыя палацы ў нас як будавалі, так і працягваюць будаваць.

Напэўна, наша апазыцыя, як заўсёды, усё перабольшыла, выдала жаданае за рэчаіснасьць.

Лукашэнка – разумны і дальнабачны палітык, ён пралічыў усе магчымыя наступствы і загадзя падрыхтаваўся да рынку. Мы ж, напрыклад, даўно плацім за бэнзін даражэй, чым украінцы – хоць яны ўжо каторы год купляюць нафту па рынкавых коштах і зусім не зьбіраліся ствараць саюзную дзяржаву з Расеяй. І ўвогуле, у нас цэны амаль на ўсё вышэй, чым ва Украіне. Хоць, праўда, і заробкі ды пэнсіі таксама вышэй. У цэнах мы ўвогуле арыентуемся на Эўразьвяз”.

Віталь Бурым:

“Шаноўны Валянцін, а Вы ня маеце рацыі, адказваючы на ліст спадара Руцько аб тым, што Аляксандру Лукашэнку ў блізкай пэрспэктыве ўдасца пазьбегнуць крызысу дзякуючы таму, што Расея купляе 50 працэнтаў акцыяў прадпрыемства “Белтрансгаз”. Акрамя гэтых грошай, трэба яшчэ ўлічваць крэдыты аўстрыйскіх і галяндзкіх банкаў, разьмяшчэньне пазыкаў у Расеі, прыватызацыю прадпрыемстваў. Гэта – тое, што з сур''ёзных плыняў. А ёсьць жа і дробязі (напрыклад тыя ж ільготы). Ня трэба забывацца і на гэта”.

Спадарыня: “Добры гаспадар і капейку баіцца згубіць, а дрэннаму гаспадару, як дыктатару Лукашэнку. Сотні мільёнаў у замежнай валюце не шкада згубіць. Можна ўявіць, як баіцца дыктатар беларускі, свабодных прафсаюзаў, палітычных зьняволеных. За іх свабоду, у прынцыпе. І плаціць нічога ня трэба. Адмяняць прэфэрэнцыі няма неабходнасьці. Зручней гандляваць зь дзяржавамі Эўропы і больш выгадна, чым з Кітаем, мусульманамі і гэтак далей”.

Уладзімер, Полацак: “Наш “усенародна абраны правадыр” заявіў: “Ну, падумаеш, пазбавілі нас ільготных прэфэрэнцый у гандлі з Эўразьвязам. Гэтую страту ў 300-400 мільёнаў даляраў мы нават не заўважым”. Тут Аляксандр Рыгоравіч, канечне, не далёкі ад ісьціны. Канечне, ні ён, ні ўсё яго атачэньне гэтай страты не заўважаць. Ні са сваёй кішэні ж яны гэтыя грошы выкінуць. Гэтую страту хутка адчуў на сабе просты народ у выглядзе адмены льгот і нястрымнага росту цэнаў”.

Пра месца Аляксандра Лукашэнкі ў гісторыі

Аляксандар Корж, Гомель:

“Я – даўні слухач “Свабоды” яшчэ з савецкага часу. Вельмі добра, што радыё адкрыта для розных меркаваньняў і высноў, чым кардынальна адрозьніваецца ад афіцыйных радыё і тэлебачаньня сучаснай Беларусі. Цалкам пагаджаюся зь меркаваньнем беларускага пэнсіянэра-“мільярдэра” Сямёна Маркавіча, якое нядаўна прагучала ў вашым эфіры. Сапраўды, часам так хочацца аб’ектыўнага інфармацыйнага “расолу” пасьля адцінліва салодкіх афіцыйных “навінаў”.

У вашых перадачах гучаць розныя пункты гледжаньня на асобу кіраўніка дзяржавы. А вось мне гэтага чалавека шчыра шкада. Такога жыцьця, як у яго, не пажадаеш нават ворагу. Чортаў тузін гадоў трымацца за ўладу, якую нават няма каму даверыць на новы прэзыдэнцкі тэрмін. Мець цэлую армію асабістай і дапаможнай аховы ад уласнага народу, які нібыта заўсёды дружна галасуе «За». Мець шыкоўны “Боінг” – і пры гэтым мала куды лётаць. Усьсядаць на золатавалютным троне Нацыянальнага банку і выпрошваць крэдыты. Жыць з думкай, што калісьці давядзецца адстрэльвацца да апошняга патрона за ўладу, “дадзеную народам”, зь пераробленай пад сябе канстытуцыяй. Бачыць сны са зьніклымі бясьсьледна апазыцыйнымі палітыкамі. Мець у сваім атачэньні такіх “паплечнікаў” і “сяброў”, што і ворагі не патрэбны. І пры гэтым пэрыядычна высылаць іх на “заслужаны адпачынак” у месцы пазбаўленьня волі. Напэўна, трэба мець талент, каб нажываць сабе ворагаў.

Не хацелася б апынуцца ў становішчы, калі ціснуць і з Захаду, і з Усходу (пазбаўленьне гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу і падаражаньне расейскіх энэрганосьбітаў). Напэўна, даводзіцца адчуваць сябе, як паміж молатам і накавальняй.

А каго прызначыць пераемнікам, каб былі гарантыі асабістай бясьпекі? Гэтыя нібыта свае “апосталы” могуць адразу на дыбу пасадзіць. Каму, як не гісторыку, гэта ведаць? Вось і атрымліваецца, што ўлада здаецца саладзейшай за мёд, паколькі яна – адзіны паратунак ад імклівага заўтра, дзе няма ўжо ні Слабадана (Мілошавіча), ні Садама (Хусэйна). У такіх умовах любы мёд улады не саладзей за лебяду будзе. Не магу ўявіць, як бы я ў такіх умовах мог спакойна жыць і бесклапотна спаць.

Няўжо дасягненьне высокай палітычнай мэты любым коштам вартае таго, каб у канчатковым выніку асудзіць сябе на пастаянны страх за свой заўтрашні дзень і мець апошні патрон у абойме для асабістага спажываньня?”

Пра новую прэзыдэнцкую дырэктыву

Марк Саньнікаў, Добруш:

“Эканоміць – справа неблагая, але ці ня лепш навучыцца дастаткова вырабляць, а не заціскаць рамяні да самага хрыбта пад пільным вокам кампэтэнтных ворганаў?

Вось я разам з калегамі і аднадумцамі вынайшаў гідраэнэргетычную ўстаноўку, якая пры параўнальна невялікіх выдатках здольная выпрацоўваць да 2 мільёнаў кіляват-гадзінаў электраэнэргіі.

Устаноўка абаронена патэнтным пасьведчаньнем, але ў нашай квітнеючай дзяржаве яна нікім не запатрабавана. Са стандартных адмоваў чыноўнікаў можна скласьці цэлыя тамы. І як тады разумець прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку, які заклікае разьвіваць энэргетыку малых рэк? Навошта купляць кітайскія ды іншыя тэхналёгіі, калі ёсьць свае, нічым ня горшыя і амаль задарма?

Запрашаем да сябе ў госьці Зьмітра Бартосіка ці Віталя Сямашку – гарантуем для іхных “Падарожжаў Свабоды” цікавую інфармацыю пра жыцьцё малых гарадоў.

У нашым Добрушы ёсьць папяровая фабрыка “Герой працы”, пабудаваная калісьці князем Паскевічам. Разумныя галовы інжынэраў тых далёкіх гадоў знайшлі магчымасьць выкарыстоўваць для вытворчасьці энергію ракі Іпуць. Энэргаўстаноўка працавала аж да Другой усясьветнай вайны. А што цяпер? Электрастанцыі на рацэ няма, а ў фабрыкі за электраэнэргію – вялізныя даўгі. А колькі такіх фабрык і заводаў у маштабах усёй Беларусі!

Прайшоўшы ўсе колы беларускага бюракратычнага пекла, наша група вырашыла больш не прапаноўваць свае вынаходствы роднай дзяржаве. Магчыма, імі зацікавяцца за мяжой”.

Спадарыня: “Своеасаблівы мэтад барацьбы за эканомію пасьля выхаду дэкрэта прэзыдэнта пра жорсткую эканомію абрала адна мая знаёмая. Яна цэлы дзень знаходзіцца дома, і ў мэтах эканоміі запалак наагул не выключае ўключаную з раніцы газавую пліту. Эканомія навідавоку – ўсяго адна запалка ў дзень. Паколькі вялізных грошай на замену крана яна знайсьці ня можа і ўжо ня ў стане эканоміць на прадуктах, вада ў яе цячэ цэлы дзень і ноч. Вэнтыль на стаяку ЖЭС ня можа адрамантаваць дзесяткі год, прафіляктыка не праводзіцца. Вось такая атрымліваецца жорсткая хатняя эканомія пасьля паведамленьня пра адмену ільгот і выхаду дэкрэта прэзыдэнта пра жорсткую эканомію”.

Пра надзею на ўласныя сілы

Васіль Фядзюк, Магілёў:

“Калі вы спадзеяцеся на Захад, ці Усход, ці прэзыдэнта, ці апазыцыю – вы памыляецеся. Выратаваньне тапельца – справа самога тапельца. Чалавек сам павінен змагацца за сваё выратаваньне ад нараджэньня да сьмерці. Калі цяжка перамагчы аднаму – гуртуйся зь іншымі. Грамадой лягчэй дамагчыся перамогі! Прыкладаў шмат.

Адрыньце спажывецкія чаканьні, бярыце справу ў свае рукі. Існуюць розныя аб’яднаньні, партыі, таварыствы са сваімі мэтамі і праграмамі. Шукайце тыя, што адпавядаюць вашым уяўленьням і інтарэсам. Альбо стварайце новыя. Нас чакае перамога!”

Аб сутнасьці прафсаюзаў

Юрай Шпак-Рыжкаў, Менск:

“З нашымі прафсаюзамі я сутыкаўся ў сваім жыцьці толькі двойчы. У 1986-м годзе, калі працаваў на Магілёўскім аўтазаводзе, здарыўся няшчасны выпадак – мне адарвала палец. Кіраўніцтва прадпрыемства выправіла мяне ў адпачынак, а вось заводзкі прафсаюз дапамагчы адмовіўся.

А ў 2006-м годзе, калі працаваў у менскай краме “Надзея”, раптам даведаўся, што мяне без маёй згоды прынялі ў нейкі дзяржаўны прафсаюз. Кіраўнічка гэтага прафсаюзу – па сумяшчальніцтву адміністратарка крамы: якія ўжо тут правы працоўных. Спрабаваў даведацца ў яе, як жа хоць называецца гэты прафсаюз, але ня змог: яна таго папросту ня ведала.

А ўвогуле, дзяржаўны прафсаюз – сапраўдная кармушка для сваіх і прыкрыцьцё для несьвядомых. Яшчэ ў 2002-м годзе мне, як магілёўскаму прадстаўніку Свабоднага прафсаюзу, давялося пабываць у Страсбуры – разам з дэлегацыяй дзяржаўных прафсаюзаў. Памятаю, як раздражнёна яны да нас ставіліся. Аднаго разу нават пачуў, як шыпелі на мой адрас: “Мала мы вас душылі…”

Пра дзяржаўны лад у Беларусі

Мікалай Куксо, Івянец Валожынскага раёну:

“Калгаснае сялянства, пазбаўленае ўласнай зямлі, ня лічыць сябе гаспадаром у калгасе. Калгасьнік жыве паводле прынцыпу: “Украў – прапіў”, “Украў – спажыў”. Тым больш, што “чарка і шкварка” – гэта і афіцыйныя мэты дзяржаўнай палітыкі. І не выпадкова, бо споеным людам прасьцей кіраваць: ён марыць толькі пра пляшку.

Запрыгоненым аказаўся і гарадскі люд – пры дапамозе кантрактнай сыстэмы. Калі хтосьці паводзіць сябе ня так, як трэба ўладзе – дык рызыкуе страціць працу, бо зь ім не падоўжаць дамову.

Каб адцягнуць увагу запрыгоненага народа ад жыцьцёвых праблемаў, у краіне ў вялікай колькасьці будуюцца лядовыя палацы, дзе ролю гладыятараў павінны выконваць хакеісты. На няўрымсьлівых прадпрымальнікаў ёсьць управа у выглядзе санітарных, пажарных і падатковых інспэкцыяў. І прадпрымальнікі пад гэтым прэсам маўчаць як рыбы.

Так уладай дасягаецца цішыня і парадак – так званая “стабільнасьць”. Відавочна, гісторыя паўтараецца, але трэба памятаць, што Рым – загінуў. Разваліўся і “непарушны” Савецкі Саюз…”

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч. Віцебск:

“Звольнены з працы па сумнеўнаму кантракту. На жыцьцё маё ім, браце, напляваць. Заклікаюць да сьвядомасьці, парадку, А ў саміх таго парадку не відаць. Я цяпер нібыта быдла ў загоне, Не патрэбнае ў краіне нікаму. Правадыр у нас адзіны ў законе, Хоць бы розуму прыбавіць самаму. Можа, розуму пазычыць нам у Бога. Бог усім яго, як кажуць, падае. Ды ў Бога і дурноты вельмі многа. Чаго хоча сам, таго і набярэ. У выканкамах у яго свае “шасьцёркі”. І патрэбна скуры ўсім прыстасаваць. Гэта значыць рак ня сьвісьне на пагорку. Ах. Расьпяць бы яго душу, Бога маць! Дзякуй”.

Спадар: “У большасьці рэспублік былога Савецкага Саюза Днём незалежнасьці лічаць дзень абвяшчэньня дзяржаўнага сувэрэнітэту. Наш жа “наймудрэйшы з наймудрэйшых” правадыр чамусьці вырашыў лічыць Днём незалежнасьці 3-га ліпеня. Хачу яму нагадаць, што 3 ліпеня – гэта дзень вызваленьня Менску. Яшчэ раз падкрэсьлю, што менавіта Менску, а ня ўсёй Беларусі ад фашыстаў. Гэта, канечне, вялікае сьвята. Ніхто гэта не аспрэчвае. Толькі пры чым тут Дзень незалежнасьці? З такім жа посьпехам можна абвясьціць Днём незалежнасьці дзень вызваленьня Полацка ці любога іншага горада Беларусі. Проста Аляксандру Рыгоравічу трэба ўважліва пачытаць гісторыю, але не фальшывую савецкую, дзе ўсё пастаўлена з ног на галаву і наскрозь прасякнутая марксісцка-ленінскай ідэалёгіяй, а сапраўдную гісторыю”.

Пра жыцьцё ў суседзяў

Віктар Кляноўскі, пасёлак Друя Браслаўскага раёну:

“Нядаўна бачыў свайго знаёмага, які жыве ў Латвіі, у Даўгаўпілсе – ён прыязджаў на сьвята да маці. Распавёў пра тое, што адтуль вельмі многія людзі выехалі на заробкі – хто ў Вялікую Брытанію, хто ў Ірляндыю. Дык кажа, што просты муляр на саліднай будоўлі зарабляе сто даляраў за дзень. Так вось, дарагія мае беларусы. Будзеце ведаць, за каго наступны раз галасаваць.

У нас жа на гэтым беразе Дзьвіны іншае жыцьцё і іншыя заробкі. Увогуле, мясьціны вельмі прыгожыя. Калісьці менавіта тут пралягаў старажытны гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”. У дзяцінстве на рачным беразе мы часта знаходзілі старажытныя манеты. Прывабіць бы сюды турыстаў з Паўночнай Эўропы. Тады і ў нашага пасёлка зьявілася б нейкая пэрспэктыва. Але пакуль што ў гэтай краіне ініцыятыву часьцей не заахвочваюць, а караюць”.

Пра Купальле

Юрась Навіцкі, Менск:

“Якое цудоўнае наша сьвята Купальле. Яно старадаўняе, традыцыйнае, беларускае. Здаецца, яшчэ не было хрысьціянства, а яно ўжо існавала. Існуе і зараз дзякуючы такім абаронцам Беларушчыны, як “Наша Ніва” і Беларуская Свабода. Я шчасьлівы быць вашым сучасьнікам”.

Пра апазыцыю

Слухач: “Праца Калякіна і Лябедзькі накіравана супраць Аляксандра Мілінкевіча і Беларусі. Усе гэтыя канфэрэнцыі ў Нямеччыне, Расеі, ЗША вядуць да дыялёгу з дыктатарам Лукашэнкам, каб ён на бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах даў ім прахадны працэнт. Ярмошына зробіць гэта без асаблівых высілкаў. На гэтым іх барацьба з дыктатарам Беларусі скончыцца”.

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Таварышы апазыцыя, то бок Калякін, Лябедзька і іншыя, Вы вырашылі ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах 2008-га году. Я думаю, што сёньняшняй ”апазыцыі не перамога патрэбная, а гульня ў іх. Няўжо Вам, таварыш Лябедзька, Калякін і іншым не зразумела, што Вы сваімі беспрынцыповымі дзеяньнямі будзеце дапамагаць імітаваць выбары. Калі Вы ня можаце прымусіць улады пайсьці на дэмакратызацыю жыцьця ў краіне, тады адкрыта заявіце і не падыгрывайце дыктатуры. Я думаю, Вам ужо час сыходзіць з палітычнага поля. Няхай Вашы месцы зойме моладзь. Колькі можна наступаць на адныя і тыя ж граблі?! Не зьмяняць выбарчы кодэкс, значыць дапамагчы Лукашэнку сфармаваць “кішэнны” парлямэнт. Якія яму патрэбен. Вельмі шаноўны і дарагі Алесь Мілінкевіч, ня трэба падтрымліваць стасункі з гэтымі людзьмі, якім няма чым думаць, то бок з Калякіным, Лябедзькам і такімі, як яны. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Па-вашаму, дэмакратыя ў Беларусі наступіць тады, калі Буш і яго хаўрусьнікі змогуць паставіць на чале нашай дзяржавы свайго лазутчыка. Ня дай Бог. Да чаго гэта прыводзіць, бачна на прыкладах Грузіі, Прыбалтыкі і Ўкраіны. У адных квітнее фашызм, а ва Ўкраіне начальнікі да гэтага часу б’юцца за пасады. Эўраамэрыканскім агрэсарам гэта падабаецца, таму што іх мэта навязаць сваю палітыку, дыктаваць усім жыць так, як ім хочацца. А што тычыцца беларускай апазыцыі, то яны звычайныя гаўкалы, бяздарнасьць, якія бессаромна ліюць бруд на Лукашэнку паўсюль, нават у гасьцях, і ганарацца гэтымі ганебнымі паводзінамі, бо спадзяюцца на падтрымку замежных агрэсараў".

Пра скасаваньне льготаў

Спадар: “Напоўніцу салідарны з адной слухачкай, якая тэлефанавала на “Свабоду” наконт нашых дэпутатаў. Ад сябе дадам. Для таго, каб разагнаць гэтых дэпутатаў, якія ўсё роўна нічога добрага для народа ня робяць, трэба адабраць у іх усе льготы і прывілеі. Якія яны самі сабе прысвоілі. Трэба адабраць у іх мільённыя аклады і даць ім заробак 150-300 тысяч рублёў. Менавіта такую пэнсію мае найбольшая колькасьць нашых пэнсіянэраў. Трэба таксама пазбавіць іх дэпутацкай недатыкальнасьці. Гэтых захадаў практычна дастаткова, каб цягам тыдня яна самі разьбегліся. Пасьля гэтага тых, хто хоча стаць дэпутатам, адразу паменела”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Што такое льгота? Гэта кавалачак незалежнасьці. Той незалежнасьці, пра якую мараць вельмі многія. А калі кавалачак незалежнасьці, значыць яго трэба адняць. І вось калі выступаў з Адміністрацыі прэзыдэнта нехта, казаў, як Лукашэнка моцна сядзіць. Нічога падобнага. Я ў гэта ня веру. Раз так атрымліваецца, значыць, баяцца. І мяне ня зьдзівіць, калі адбудзецца выбух на “Славянскім кірмашы” сёлета. Дзякуй вялікі”.

Спадар: “Сёлета гэтых бедных пэнсіянэраў і так усяго пазбаўляюць. І апошняе, што сумленна зарабіў, ільготы. У той жа час іншым слаям грамадзтва павышаюць пэнсіі – па 800-900 тысяч. Трэба гэтых дэпутатаў, якія там сядзяць, пачынаць ільготаў пазбаўляць, а не рабочы кляс”.
XS
SM
MD
LG