Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч будуе аграгарадок “Зара”


Алег Грузьдзіловіч, Менск На якім аб’екце працуе “хімік” Артур Фінькевіч і ці могуць яго адправіць ў калёнію? На Зьмітра Дашкевіча адмыслова накладалі спагнаньні, каб пазбавіць права на датэрміновае вызваленьне, лічаць бацькі палітвязьня. Чаму Аляксандр Казулін дагэтуль не напісаў заяву на доўгатэрміновае спатканьне са сваякамі?

Гэтым тыднем Артур Фінькевіч заставаўся лідэрам навінаў сярод палітвязьняў. Пачалося з таго, што ў Магілёўскай спэцкамэндатуры, дзе трымаюць Фінькевіча, яму зрабілі заўвагу. За тое, што пасьля адбою выйшаў з пакоя. Артур кажа, што мусіў пайсьці да суседзяў, каб папрасіць лекі. У спэцкамэндатуры гэта назвалі парушэньнем распарадку дня і папярэдзілі, што надалей нават за дробнае парушэньне накіруюць Фінькевіча ў калёнію. У гэтым разе апазыцыянэру пагражае тры гады.

“Нас падзялялі дзесяць мэтраў”

Другой навіной з удзелам Артура Фінькевіча стала ягоная сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам. 28-га чэрвеня лідэр руху “За Свабоду” ў Магілёве прыехаў да камэндатуры, дзе трымаюць Фінькевіча, каб рагутарыць з актывістам “Маладога фронту”. “Нас падзялялі дзесяць мэтраў”, – згадвае Артур. Але ў гэты момант да юнака падскочылі міліцыянты і запхнулі яго ў міліцэйскі аўтамабіль.

Дзе зараз працуе Фінькевіч? Раней меркавалася, што яго накіруюць на будоўлю шклоўскага папяровага камбінату, але ўлады перайначылі пляны і адправілі апазыцыянэра ў гаспадарку “Зара” на будоўлю аграгарадку. Што робіць Артур?

“Што кажуць, тое і раблю. Скажуць дошкі цягаць, буду дошкі цягаць. Скажуць крукі навешваць для пад’ёму матэрыялаў, “майна” –“віра”, буду навешваць. Скажуць капаць, буду капаць. Скажуць закопваць, буду закопваць”. (Сьмяецца).

“Апрануў ня тую кашульку”

Зьвязацца з Артурам Фінькевічам праз тэлефон яшчэ магчыма. Гэтак юнаку стала вядома, што лідэру “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу канчаткова адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Пра гэта Дашкевіч напісаў сябрам на волю. Паведаміў, што выклікалі ў адміністрацыю калёніі і абвесьцілі гэтае рашэньне, спаслаўшыся на парушэньні турэмнага рэжыму. Бацька Дашкевіча Вячаслаў Уладзіміравіч мяркуе, што спагнаньні сына – толькі зачэпка, каб не вызваліць яго раней з калёніі.

“Злосны парушальнік рэжыму паводле іх кваліфікацыі. А насамрэч навешалі папярэджаньняў, ды ўсё. Што ім скажаш! Іх жа не паправіш! Фармальна нейкія ж парушэньні былі. Прыкладам, пасьля адбою пісаў ліст, ці апрануў ня тую кашульку. Ці яшчэ там што...Вось і на Казуліна наклалі спагнаньне, што ён нібыта нешта ня тое зрабіў”.

Лістоў ад Казуліна няма ўжо амаль месяц

Вязень віцебскай калёніі Аляксандр Казулін нядаўна атрымаў чарговае спагнаньне за парушэньне турэмнага рэжыму. Пазьней адвакат ўдакладніў: Казуліна пакаралі за тое, што ўдзень прылёг на ложак. Цяпер у былога кандыдата на прэзыдэнта тры спагнаньні, што дае магчымасьць адміністрацыі караць яго пазбаўленьнем пэўных правоў. Прыкладам, ужо вядома, што Казуліну адмовілі ў кароткатэрміновым спатканьні са сваякамі.

Прынамсі, пад пытаньнем і доўгатэрміновае спатканьне з роднымі, заплянаванае на ліпень. Юля Казуліна размаўляла з намесьнікам начальніка калёніі Русланам Прымаком наконт заявы на спатканьне і вось што высьветліла:

“Я спытала ў спадара Прымака, ці ёсьць ад бацькі заява на спатканьне? Дык аказалася, што ён дагэтуль такой заявы не напісаў. Больш нічога пра бацьку не паведамілі. Мы размаўлялі наконт прыезду адваката. Быў плян прыехаць у чацьвер, але спадар Прымак сказаў, што гэты дзень – непрыёмны”.

Прычыны, паводле якіх Казулін нібыта не напісаў заяву на спатканьне, Юлі невядомыя. Лістоў ад Аляксандра Казуліна няма ўжо амаль месяц. А ў тыя вэрсіі, пра якія кажуць ў адміністрацыі калёніі, дзяўчына не асабліва верыць.

Артур Фінькевіч: “Мядовы месяц дачыненьняў Беларусі з Эўропай скончыўся” Зьміцер Дашкевіч адбыў палову тэрміну Адміністрацыя калёніі адмовілася прымаць дыетычныя харчы для Казуліна
XS
SM
MD
LG