Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будатрады БРСМ будуць працаваць у Эўразьвязе


Любоў Лунёва, Менск Кіраўніцтва БРСМ заявіла, што сёлета ўладкуе на працу ў студэнцкія атрады больш за 40 тысяч чалавек. Паводле першага сакратара ЦК БРСМ Леаніда Кавалёва, бээрсэмаўцы ёсьць лідэрамі ў арганізацыі занятасьці моладзі. Ён запэўніў, што больш за 2,5 тысячы чалавек паедуць працаваць у Польшчу, Чэхію, Украіну, Расею. Ці сапраўды так вабяць беларускіх студэнтаў забытыя ў пазасавецкі час студатрады?

За савецкім часам існавала адмысловая разнарадка: куды і колькі студэнтаў накіраваць на працу. Пад эгідай камсамолу існавала сыстэма СБА – студэнцкіх будаўнічых атрадаў. У сёньняшняй Беларусі зноў адраджаецца савецкая спадчына – студэнцкія будаўнічыя атрады. Рэанімацыя тагачаснага досьведу даручаная Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Цяперашнія беларускія будатрады мала чым нагадваюць савецкія – бадай, толькі пасадай намесьніка камандзіра па ідэалёгіі. Напрыклад, у менскім абласным штабе БРСМ Радыё Свабода паведамілі, што студатрады ў Менскай вобласьці насамрэч ніякія і не студэнцкія. Туды набіраюць школьнікаў і навучэнцаў ПТВ і накіроўваюць прыбіраць тэрыторыю ці дапамагаць на будоўлях аграгарадкоў.

Хто ў Польшчу і Чэхію, хто ў Ямала-Нянецкую акругу

У рэспубліканскім штабе БРСМ даваць любую інфармацыю ўвогуле адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што “Свабодзе” нельга агучваць дадзеныя пра студатрады. І гэта пры тым, што першы сакратар ЦК БРСМ Леанід Кавалёў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што ў студатрадах сёлета будуць працаваць больш за 40 тысяч чалавек. Але адна з супрацоўніц распавяла, што ў атрадах у Польшчы і ў Чэхіі студэнты будуць зьбіраць ягады, а ў Расеі – будаваць:

“Ёсьць у нас лягер – Ямала-Нянецкая аўтаномная акруга. На будаваньне аўтадарогі”.

Рашэньне пра стварэньне першага савецкага студатрада было прынятае 13 кастрычніка 1958 году на 9-й канфэрэнцыі камсамольскай арганізацыі фізфаку МГУ. Пік прыпаў на 1985-ы – ад міністэрстваў і прадпрыемстваў паступіла заявак на 2 мільёны студэнтаў. Юнакоў і дзяўчат дасылалі на цаліну, на БАМ; яны будавалі кароўнікі, зернясховішчы. Дагэтуль сур’ёзныя людзі, якім за сорак, захоўваюць курткі-будатрадаўкі з надпісам на сьпіне “Атлант”, ці “ССО “Арго”...”

Напрыканцы 1980-х жадаючых адчуць на сабе рамантыку студатрадаў рэзка паменшыла. Маладыя людзі з большай ахвотай уладкоўваліся ў так званыя “шабашкі”, каб можна было зарабіць грошай.

Н.Палажанка: “Гэта дадатковы “піяр” для БРСМ”

Высьветлілася, што да пажаданай колькасьці студатрадаў яшчэ далёка.

Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка выказала сваё меркаваньне адносна спэцыялізацыі сучасных будатрадаў:

“Я лічу, што гэтыя студатрады зьяўляюцца проста дадатковым “піярам” для БРСМ, каб пасьля паказаць, што вось гэтае дрэва ці сквэрык засаджаны БРСМам, вось такая дапамога краіне, самая лепшая моладзевая арганізацыя, але насамрэч гэта пасадзілі проста звычайныя студэнты, якія мелі магчымасьць падпрацаваць, якія хацелі зарабіць грошы на лета, каб быць больш-менш самастойнымі ад сваіх бацькоў”.

Франак Вячорка, студэнт БДУ лічыць, што на сёньняшні момант моладзь мае шмат магчымасьцяў уладкавацца на лета на працу.

“Існуе мільён розных іншых праектаў, нашмат больш разнастайных і цікавых для моладзі, чым гэтыя праекты БРСМ. Але я думаю, што бальшыня моладзі не паедзе па гэтых праграмах хаця б таму, што гэта арганізоўвае БРСМ, які сябе ўжо настолькі скампрамэтаваў, што больш няма куды. Можна ўзгадаць тыя ж пікеты каля латвійскай амбасады, прапаганду і многае іншае”.
XS
SM
MD
LG