Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 29 чэрвеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Афіцыйны сайт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь займеў беларускамоўную вэрсію. Блогер czyk цытуе выказваньне Паўла Лёгкага, кіраўніка прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, дадзенага рэсурсу “Беларускія навіны”: «У нас у краіне дзьве дзяржаўныя мовы, і нам не абавязкова было мець беларускамоўную вэрсію». Публіцыст feduta камэнтуе: “Лёгкі сказаў лухту”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць захады кіраўніка Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава, які адхіліў прапанову міліцыі забараніць продаж алькаголю на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня і абмежаваўся адно забаронай на продаж гарэлкі. "Нават калі чалавек і выпіў лішняга, гэта наш грамадзянін, і ніхто нікому не даваў права прыніжаць яго гонар і годнасьць”, патлумачыў Міхаіл Паўлаў. Камэнтары:

“У мяне вялікае жаданьне зваліць зь Менску на выходныя куды-небудзь у лес. Гарантуюцца п''яныя бойкі, пабітыя бутэлькі, твары, блявоціна на асфальце. І ўсё ў вялікай колькасьці”;

“Забаронамі нічога ня вырашыш. Як гаворацца, сьвіньня гразюку знойдзе”;

“Але калі сьвяткоўшчыкі выпадкова будуць ня з той сымболікай, тады можна і аддубасіць і "прынiзiць гонар". Як жа, гэта ж не п’яны электарат”.

У сеціве зьявіўся сайт “Манархія”. Ва ўступным слове стваральнікі зьвяртаюцца да наведнікаў: “Сайт "Манархія" створаны дзеля асьветы і абуджэньня гістарычнае памяці беларусаў, дзеля распаўсюду ідэі адраджэньня манархіі. Не падлягае сумневу, што нават простае пашырэньне манархічных ідэяў дапаможа беларусу пачувацца годна і шляхетна ў сям''і эўрапейскіх народаў”.

Заўвагі і камэнтары:

“Папярэджваю некаторыя прапановы: назвы, зьвязаныя зь Беларусьсю, раздражняюць прыхільнікаў ліцьвінства. Назвы, зьвязаныя зь Літвой, раздражняюць літоўцаў (ці летувісаў?). Назвы, зьвязаныя з Княствам, раздражняюць прыхільнікаў Каралеўства, Царства, Султанату і г.д. (і наадварот)”;

“А якую дынастыю зьбіраюцца адраджаць?”;

“Дынастыі, дзякуй Богу, адраджаць ня трэба – яны ўжо ёсьць :) Варыянты: Ягайлавічы, Рагвалодавічы, Гедымінавічы, элекцыя і г.д. Большасьць легітымістаў – за Ягайлавічаў”.

Блогер bridget_jones2 распавядае ў сваім дзёньніку замалёўку з жыцьця:

“Сёньня з мужам былі ў падатковай інспэкцыі. Сталіся сьведкамі такой размовы. Начальнік залятае ў бухгальтэрыю:

-Людцы, падпішыцеся на “Советскую Белоруссию”!

Цішыня.

-Ад нашага аддзяленьня трэба 300 падпісчыкаў!

Бухгалтар:

-У нас усяго 275 чалавек.

Начальнік:

-Дасі сьпісы тых, хто падпісаўся, мы ім прэмію ў наступным месяцы дадамо”.
XS
SM
MD
LG