Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэсу і Лукашэнку быць ва ўладзе яшчэ 20 гадоў?


Радыё Свабода У Менску прайшла сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Вэнэсуэлы. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дзьве краіны выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнэрства.

Зьвяртаючыся да Уга Чавэса, Лукашэнка адзначыў: “Вы прыехалі якраз у той момант, у які трэба было”. “Я ўспрымаю вашыя словы аб тым, што вы шчасьлівы тут быць, як сапраўды ўлюблёнасьць у нашую краіну і наш народ. Таму я вельмі ўдзячны за тое, што вы прыехалі”, – сказаў кіраўнік Беларусі. У адказ Уга Чавес заўважыў, што ён з кожным прыездам “яшчэ больш улюбляецца ў Беларусь”.

Чавэс таксама адзначыў, што погляды Каракасу і Менску на цяперашнюю пабудову сьвету ідэнтычныя. Чавэс заявіў: “Ёсьць мала народаў, на якія гэтак моцна цісьне імпэрыя, як на Беларусь. Беларусі моцна пагражае імпэрыя і ў гэтай барацьбе мы браты, імпэрыя, якая называе нас дыктатарамі, сама спрабуе ўсталяваць усясьветную дыктатуру”.

Уга Чавэс высока ацаніў вынікі, дасягнутыя за год дзьвюма краінамі ў супрацоўніцтве ў галінах здабычы нафты, сельскай гаспадаркі, паставак у Вэнэсуэлу калійных угнаеньняў і трактароў.

“Калі мы за год столькі зрабілі, то колькі зробім за тыя 20 гадоў, якія нам яшчэ заставацца ва ўладзе”, – сказаў Уга Чавэс. Лукашэнка адрэагаваў на гэта: “Не пужай амэрыканцаў”.

Прэзыдэнту Вэнэсуэлы Уга Чавэсу 52 гады. Ён паходзіць з індыянаў, кар’еру пачаў як вайсковец-дэсантнік, на пачатку 1990-х гадоў кіраваў няўдалай спробай вайсковага перавароту, за што два гады адбыў у турме.

Пасьля амністыі, на прэзыдэнцкіх выбарах 1998 году, Чавэс здабыў 56 адсоткаў галасоў падтрымкі. У 2002 годзе няўзброеныя групы вэнэсуэльцаў, не задаволеных усталяваным кіраваньнем, адхілілі Чавэса ад улады. Аднак пазьней Чавэсу ўдалося вярнуцца ў прэзыдэнцкі палац.

Чавэс праводзіць адкрыта антыамэрыканскую палітыку. На Захадзе яго ўспрымаюць як папуліста і дыктатара.

Летась у сьнежні Чавэс перамог на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах: паводле афіцыйных зьвестак, ён атрымаў 61 % галасоў выбарнікаў, ягоны канкурэнт Мануэль Радрыгес – 38 %.
• Уга Чавэс: “Будзем езьдзіць без папярэджаньняў”, 29.06.2007 • Чавэс возьме на ўзбраеньне індзейскія стрэлы і беларускія радары, 29.06.2007 • Уга Чавэс выказаў салідарнасьць з Аляксандрам Лукашэнкам, 08.09.2006 • "Застаецца толькі бін Ладэна запрасіць, і будзе поўны шэраг", 25.07.2006 • Уга Чавэс прапанаваў А.Лукашэнку стратэгічны альянс, 24.07.2006
XS
SM
MD
LG