Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга Чавэс: “Будзем езьдзіць без папярэджаньняў”


Ігар Карней, Менск Сёньня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс у рамках турнэ Масква — Менск — Тэгеран прыбыў у Беларусь. Тут у яго адбыліся перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, якога падчас леташняга візыту Чавэс назваў сваім “братам”. У першай палове пятніцы Чавэс пасьпеў выступіць перад дэпутатамі фракцыі “Единая Россия” і ЛДПР у Дзяржаўнай думе Расеі. Іншыя парлямэнтары адмовіліся выслухаць яго. Зь якімі намерамі кіраўнік Вэнэсуэлы прыехаў у Менск?

На менскім лётнішчы Чавэсаў сустракаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка: з вэнэсуэльскім лідэрам у Беларусь прыляцелі дачка, сын і два ўнукі.

Пасьля картэж накіраваўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, дзе госьця чакаў Аляксандар Лукашэнка.

Абодва лідэры прызналіся ў любові адпаведна да народаў Беларусі й Вэнэсуэлы, а Чавэс заявіў, што пры такім узроўні стасункаў нават ня трэба адзін аднаго папярэджваць, што мы, маўляў, едзем.

Аб’яўлена, што перамовы прэзыдэнтаў закрануць ранейшыя напрацоўкі ў гандлёвай, энэргетычнай і вайскова-тэхнічнай галінах.

На падставе дамоўленасьцяў Вэнэсуэла вызначыла Беларусі ўчасткі ў даліне ракі Арынока для здабычы нафты.

Паводле плянаў канцэрну “Белнафтахім”, да канца лета плянуецца стварыць адпаведнае сумеснае прадпрыемства, а ўжо ад 2008 году Беларусь можа здабываць там блізу 2 мільёнаў тон нафты штогод.

А.Патупа: “Вэнэсуэла можа стаць беларускай здраўніцай”

Эканаміст Аляксандар Патупа кажа, што ў міжнародным кантэксьце кіраўнікам Беларусі й Вэнэсуэлы наканавана мець узаемныя інтарэсы:

“Прыкладам, Вэнэсуэле патрэбныя многія віды зброі. І рэч нават ня столькі ў самой зброі, колькі ў камплектацыі, запасных частках і гэтак далей, што насамрэч для многіх зьяўляецца складанай праблемай. Што да ўзаемнай патрэбы, то гэта энэрганосьбіты — перадусім, нафта.

Гэта не прадугледжвае наўпроставых рэйсаў танкераў з Каракасу да Балтыйскага мора. Гэта так званыя ўзаемныя ці абменныя пастаўкі, існуюць схемы стандартных апэрацыяў. І можа, у будучыні, будзе ўсебеларуская здраўніца на вэнэсуэльскіх пляжах. Ну, гэта як аналяг адпачынку на Кубе”.

Разглядаюцца магчымасьці стварыць у Вэнэсуэле зборачныя вытворчасьці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі й пабудаваць заводы з удзелам беларускіх спэцыялістаў — найперш для вырабу цэглы ды іншых будматэрыялаў.

Нарэшце, як акрэсьлена ў плянах доўгатэрміновага супрацоўніцтва, беларусы дапамогуць вэнэсуэльцам рэалізаваць праграму добраўпарадкаваньня сельскай мясцовасьці — з гэтай мэтай на паўднёваамэрыканскі кантынэнт адбудзецца экспансія аграгарадкоў з наступнай іх газыфікацыяй.

П.Казлоўскі: “Беларусі няма асабліва чаго прапанаваць Чавэсу”

Летась Вэнэсуэла ўжо выдаткавала 3 мільярды даляраў на закуп расейскай зброі. Падчас цяперашняга маскоўскага візыту Чавэс выказаў цікавасьць да набыцьця некалькіх падводных лодак расейскай вытворчасьці для свайго флёту.

Стратэгічныя інтарэсы ў Беларусі больш сьціплыя і, як лічыць былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, яны будуць тычыцца хіба мадэрнізацыі сыстэмаў супрацьпаветранай абароны арміі Вэнэсуэлы:

“Магчыма, якраз гэты варыянт і будзе разглядацца — сродкі супрацьпаветранай абароны. Нават перакананы, што пытаньне будзе разглядацца.

Што да іншых пазыцыяў, то Беларусь ня мае Чавэсу рэальных прапановаў. Ёсьць пэўныя запасы стралковай зброі, колісь боепрыпасаў было шмат, але ўжо многае распрадалі. Таму найбольш рэальна — гэта сродкі супрацьпаветранай абароны.

А тое, што праяўляецца цікавасьць? Ну, дык гандляваць можна з усімі, усе гандлююць зброяй, таму я ня бачу ў гэтым нічога дрэннага. Іншая рэч, што Беларусь сёньня гэтыя пытаньні вырашае толькі з тымі дзяржавамі, якія знаходзяцца з другога боку ад дэмакратычнага сьвету”.

Зь Менску Уга Чавэс выправіцца яшчэ да аднаго свайго сябра, прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада. Напярэдадні Чавэс выказаўся ў падтрымку права Ірану ажыцьцяўляць ядзерную праграму і зазначыў: ня выключана, што раней ці пазьней Вэнэсуэла гэтаксама возьме прыклад з Ірану.

Нагадаем, што Беларусь гэтаксама абвясьціла пра намер пабудаваць атамную электрастанцыю. Сёньня прэм’ер-міністар краіны Сяргей Сідорскі заявіў, што тэндэр на будаўніцтва АЭС будзе абвешчаны неўзабаве.

Вэнэсуэльскі лідэр упершыню наведаў Беларусь год таму, у ліпені. У верасьні 2006-га кіраўнікі дзяржаваў сустракаліся ў Гаване падчас Саміту недалучэньня.

А праанансаваная на травень 2007-га паездка Лукашэнкі ў Каракас не адбылася. Але ў Вэнэсуэле пабывала вялікая дэлегацыя на чале зь Віктарам Шэйманам.
• Чавэс возьме на ўзбраеньне індзейскія стрэлы і беларускія радары, 29.06.2007 • Уга Чавэс выказаў салідарнасьць з Аляксандрам Лукашэнкам, 08.09.2006 • "Застаецца толькі бін Ладэна запрасіць, і будзе поўны шэраг", 25.07.2006 • Уга Чавэс прапанаваў А.Лукашэнку стратэгічны альянс, 24.07.2006
XS
SM
MD
LG