Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Эмануіл Ёфэ: “Лягер сьмерці — гэта і ёсьць канцлягер”


Іна Студзінская, Менск 29-30 чэрвеня ў мястэчку Азарычы на Гомельшчыне на традыцыйную сустрэчу зьбіраюцца былыя вязьні канцэнтрацыйных лягераў. Штогоду іх усё менш. Пасьля вайны з 55 тысяч вязьняў каля 7 тысяч засталіся жывыя. На сёлетнюю сустрэчу прыехалі некалькі дзясяткаў. Яны будуць абмяркоўваць і сытуацыю з выплатай кампэнсацыяў і зваротам у Страсбурскі суд правоў чалавека.

На пачатку чэрвеня афіцыйна завяршыліся выплаты кампэнсацыяў былым вязьням нацысцкіх канцлягераў і паднявольным рабочым Трэцяга рэйху.

Выплаты рабіў фонд “Памяць, адказнасьць, будучыня” са сродкаў нямецкай дзяржавы і дзелавых колаў Нямеччыны. У Беларусі кампэнсацыі атрымалі больш за 120 тысяч чалавек.

Азарыцкія лягеры – не канцэнтрацыйныя?

Былыя вязьні Азарыцкіх лягераў, у тым ліку і непаўналетнія, атрымалі ад нямецкага ўраду толькі 5 тысяч эўра кожны, хаця вязьням іншых канцэнтрацыйных лягераў сьмерці выплацілі кампэнсацыі на 15 тысяч.

Адбылося так таму, што Азарыцкія лягеры, калі складаліся сьпісы й афармляліся дакумэнты на кампэнсацыю, ня трапілі ў сьпіс менавіта “канцэнтрацыйных”. Хаця прыклад Азарыцкіх лягераў, менавіта як канцэнтрацыйных, фігураваў на Нюрнбэрскім працэсе, дзе судзілі кіраўнікоў Трэцяга рэйху, сьцьвярджае былы вязень Эрнэст Намятаў.

І ў Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, і ў 18-томнай Беларускай Энцыкляпэдыі, і ў кнізе “Памяць” напісана, што “Азарычы — лягеры сьмерці”. Доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ вельмі скрупулёзна ставіцца да вызначэньняў і фармулёвак:

“Я лічу, што лягер сьмерці — гэта і ёсьць канцлягер. Разумееце, тут казуістыка атрымліваецца. Вось у Беларускай энцыкляпэдыі, якая адлюстроўвае дзяржаўную ацэнку, напісана: “Канцэнтрацыйны лягер — лягер для прымусовай ізаляцыі, а часам і зьнішчэньня магчымых палітычных праціўнікаў, ваеннапалонных ды іншых. Канцэнтрацыйныя лягеры з найбольш жорсткім рэжымам утрыманьня зьняволеных, накіраваным ня толькі на ізаляцыю, але і на іх зьнішчэньне, атрымалі назву “лягер сьмерці”. Дык вось атрымліваецца, што лягер сьмерці – гэта і ёсьць канцлягер”.

Паводле нямецкіх законаў, памеры кампэнсацыі былым вязьням вызначаліся менавіта паводле статусу лягераў. Але беларускія вязьні перакананыя, што памылка адбылася ня толькі зь віны нямецкага боку, бо пры вызначэньні статусу лягераў улічваліся меркаваньні Дэпартамэнту архіваў і Беларускага фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне”, празь які выплачваліся кампэнсацыі ў Беларусі.

У верасьні будуць разьбірацца “на месцы”

Таму былыя вязьні Азарычаў зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбуры, кажа былы малалетні вязень Эрнэст Намятаў:

“Напісалі нашы вязьні ў Страсбурскі суд, адтуль матэрыялы перадалі ў Нямеччыну. І нам паведамілі, што пытаньне гэта вырашаецца, з нашай праблемай будуць разьбірацца. Нас абрадавалі, што прыкладна ў верасьні ў Азарычах будзе своеасаблівы форум, куды зьедуцца ўсе і будуць вырашаць гэтае пытаньне. Будуць і ад Беларусі, і ад Расеі, і ад Нямеччыны прадстаўнікі”.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ перакананы, што, нягледзячы на тое, што нямецкі бок афіцыйна завершыў выплату кампэнсацыяў, ёсьць сэнс азарыцкім вязьням зьвяртацца ў Страсбурскі суд і адстойваць сваю пазыцыю:

“Я лічу, што сэнс ёсьць. Ёсьць спасылкі, яшчэ ёсьць сьведкі, гэта ж не прыдумана, не з пальца высмактана. Але жыцьцё — гэта барацьба. Быццам бы ўсё яўнае, а трэба даказваць, і такія відавочныя рэчы, менавіта праз суды”.

Тым больш, што ў нямецкім фондзе “Памяць. Адказнасьць. Будычыня”, які плаціў вязьням нацысцкіх канцлягераў і паднявольным рабочым Трэцяга райху, засталіся нявыплачанымі яшчэ прыкладна 400 мільёнаў эўра. Іх плянуецца аддаць на іншыя праграмы – адукацыйныя, гуманітарныя, культурніцкія.

Нямеччына адзначыла ордэнамі двух беларусаў, 22.06.2007 120 тысяч беларусаў атрымалі кампэнсацыю ад нямецкага ўраду, 18.06.2007 У Нямеччыне прэзэнтавалі фільм пра лягеры сьмерці ў Азарычах, 09.03.2007
XS
SM
MD
LG