Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: “Беларусь – частка майго жыцьця”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – былы кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік.

Караткевіч: “Калі вы скончылі сваю афіцыйную дыпляматычную дзейнасьць, вы сказалі, што цяпер можаце сабе дазволіць у сваёй дзейнасьці не кіравацца мандатам дыплямата, а кіравацца мандатам чалавека. Патлумачце, калі ласка, што вы гэтым хацелі сказаць?”

Вік: “Я працаваў у нямецкай дыпляматыі амаль 50 гадоў, і гэта былі 50 гадоў пасьля канца Другой сусьветнай вайны, гэта была праца дзеля аднаўленьня міру і свабоды ў Эўропе – ня толькі ў маёй краіне, але і ў нашых суседніх краінах, у супрацоўніцтве з нашымі суседзямі, Эўрапейскім зьвязам, АБСЭ. Я думаю, што цяпер у нямецкай грамадзянскай супольнасьці актыўныя тыя групы, якія зацікаўленыя ў тых самых мэтах і зь якімі я супрацоўнічаю ў пытаньні прыцягненьня грамадзкай увагі да праблемаў адсутнасьці свабоды і дэмакратыі ў некаторых блізкіх краінах, напрыклад, у Беларусі”.

Караткевіч: “Як бы вы апісалі вынікі сваёй дзейнасьці ў Беларусі?”

Вік: “Я думаю, што мы разам з грамадзянскай супольнасьцю, а на працягу некалькіх гадоў і разам зь беларускім урадам, дасягнулі посьпеху ў дыялёгу паміж кіраўніцтвам апазыцыйных партый, якія ўтварылі кааліцыю і паспрабавалі зрабіць крокі ў руху Беларусі да дэмакратыі, да свабодных і сумленных выбараў”.

Караткевіч: “Ці верыце вы ў тое, што гэтая ўлада зьменіць выбарчы кодэкс?”

Вік: “Выбарчы кодэкс крыху зьмяніўся, але сама практыка выбарчых маніпуляцый шляхам запалохваньня і выключэньня апазыцыйных групаў і кандыдатаў не зьмянілася, аднак пра гэтую практыку было публічна заяўлена і былі прадстаўленыя доказы гэтых парушэньняў, і гэта – важны факт і важны вынік”.

“Тое, што Нямеччына не зьмянілася – фальшывае меркаваньне”

Караткевіч: “Некаторыя беларускія палітыкі называюць вас “прарасейскім лабістам”. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?”

Вік: “Я думаю, што ёсьць пачуцьцё крыўды сярод людзей, якія помняць супрацоўніцтва Савецкага саюзу і гітлераўскай Нямеччыны, што да захопу Польшчы, і гэтыя людзі думаюць, што Нямеччына не засвоіла ўрокі гісторыі і не зьмянілася. Я заклікаю гэтых крытыкаў наведаць Нямеччыну і пабачыць, што яе палітыка грунтуецца на глыбінным супрацоўніцтве з суседзямі дзеля ўзаемнага дабра як Нямеччыны, так і суседніх краінаў. Таму гэта фальшывае меркаваньне”.

Караткевіч: “Ці ёсьць у вас нешта ці нехта, па кім вы сумуеце ў Беларусі?”

Вік: “Я сумую па шчырых размовах з тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю. Я сустракаўся зь некаторымі зь іх усяго некалькі дзён таму, і адразу ж аднавіўся той узаемны давер між намі”.

Караткевіч: “Ці цікавіцеся вы беларускай культурай?”

Вік: “Зразумела, што я цікаўлюся беларускай, расейскай, украінскай культурай, культурай балтыйскіх краінаў, бо я быў зьвязаны з гэтай часткай Эўропы на працягу 50 гадоў. Мяне цікавяць дасягненьні гэтых краінаў у архітэктуры, мастацтве, музыцы, а таксама сувязь між беларускай культурай і эўрапейскай культурай”.

“Свабода выбару і выбараў – неад''емная частка індустрыяльнага грамадзтва”

Караткевіч: “Што вы атрымалі, працуючы ў Беларусі?”

Вік: “Гэта быў доўгі і насычаны час, частка майго жыцьця, калі я блізка ўзаемадзейнічаў зь беларускім грамадзтвам, а гэтай блізкасьці вы ніколі не дасягнеце ў выпадку, калі ў вас толькі дыпляматычныя задачы, афіцыйныя сувязі з урадам, парлямэнтам і мэдыямі. У Беларусі я супрацоўнічаў з усімі, наведаў шмат палітычных вязьняў – каля 20 – у беларускіх турмах, размаўляў зь імі, гэтаксама як і з дырэктарамі гэтых турмаў, і быў у кантакце з усімі бакамі жыцьця, і я вельмі цаню гэты досьвед”.

Караткевіч: “Ці верыце вы ў будучыню Беларусі?”

Вік: “Канечне, я веру, і я ўпэўнены, што мая вера спраўдзіцца, таму што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры эўрапейскай культуры, пасярод палітычных і эканамічных зрухаў і пераменаў, да якіх яна, я спадзяюся, далучыцца ў палітычным сэнсе, таму што свабода выбару і выбараў ёсьць неад''емнай часткай эканамічнага, індустрыяльнага грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG