Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсія ў настаўніка — як у сяржанта міліцыі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні разгледзела зьмены ў закон аб пэнсійным забесьпячэньні вайскоўцаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і органаў фінансавых расьсьледаваньняў. Мэханізму прызначэньня пэнсіяў гэтым катэгорыям насельніцтва новы закон не зьмяняе. А прынятыя зьмены тлумачацца выключна зьяўленьнем новай вайсковай тэрміналёгіі ды стылістычнымі праўкамі.

Па-ранейшаму ў названай катэгорыі насельніцтва пэнсіі застаюцца параўнальна высокімі. А вось звычайным пэнсіянэрам сёлета абяцаюць падвысіць пэнсію толькі двойчы і агулам усяго на 12%.

Сёлета беларускім пэнсіянэрам яшчэ ні разу не падвышалі пэнсіяў, хоць у мінулыя гады такіх падвышэньняў было паўдзясятка на год і болей.

Уладзімер Патупчык: “Мы плянуем сёлета падвысіць пэнсіі двойчы — на 8% і на 4%”.
На пытаньне дэпутата Пятра Калугіна, калі ж гэта нарэшце адбудзецца, міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык адказаў:

“Мы ўжо ўнесьлі праект адпаведнага ўказу прэзыдэнту. Цяпер яго разглядаюць. Мы плянуем сёлета падвысіць пэнсіі двойчы — на 8% і на 4%”.

Сябра аргкамітэту для стварэньня грамадзкай арганізацыі беларускіх пэнсіянэраў “Старэйшыны” Ўладзімер Раманоўскі так ацэньвае абяцанае падвышэньне:

“Параўнальна з тымі льготамі, якія ліквідуюцца, гэта проста капейкі. А па-другое, улады аб’яўляюць пра рост камунальных платаў. Я думаю, ён можа пачацца ўжо сёлета. І тады гэта наагул сьлёзы”.

Спэцыялісты ў галіне сацыяльнай абароны цьвердзяць: цяпер пэнсіі настаўніка, лекара і нават былога выкладчыка ВНУ параўнальныя з пэнсіямі сяржантаў зь сілавых структураў. А пэнсія палкоўніка, прыкладам, удвая большая за прафэсарскую.

Уладзімер Раманоўскі: “У грамадзтве абсалютна скажоная сыстэма ацэнкі працы”.
Пэнсіі сілавікоў меншаць ня будуць. Пра гэта сёньня паведаміў міністар абароны Леанід Мальцаў, які ад імя ўраду прадстаўляў законапраект аб сацыяльным забесьпячэньні гэтых катэгорыяў службоўцаў:

“Сама пастаноўка пытаньня аб унясеньні зьмяненьняў у закон выклікала масу чутак і плётак. Таму адразу дакладаю: усё, што канкрэтна ўплывае на пэнсію, нічога тут не зьмяняецца”.

Размовы вакол пэнсіяў сілавых структураў вяліся. Міністар фінансаў Мікалай Корбут, калі прадстаўляў дэпутатам праект бюджэту на 2007 год, казаў, што патрэбна было б падкараціць такія пэнсіі.

Але дзесьці празь месяц-паўтара Леанід Мальцаў у той жа Авальнай залі заявіў: скарачаць пэнсіяў ня будуць. Прычым міністар абароны спаслаўся тады на сваю размову з кіраўніком беларускай дзяржавы.

Уладзімер Раманоўскі — пэнсіянэр, у мінулым інжынэр, кажа:

“Гэта азначае, што ў грамадзтве абсалютна скажоная сыстэма ацэнкі працы. Таму што атрымліваецца, што ні настаўнікі, ні лекары не патрэбныя. А патрэбныя сяржанты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG