Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс возьме на ўзбраеньне індзейскія стрэлы і беларускія радары


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Менск прыбывае прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Плянуецца, што сёньня ж адбудзецца ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Напярэдадні распачатага на гэтым тыдні турнэ Расея – Беларусь – Іран вэнэсуэльскі лідэр заявіў, што неабходна “штодня думаць пра ваенны і партызанскі супраціў Злучаным Штатам”. Як сказаў Чавэс, у гэтай сувязі ён зьбіраецца абмеркаваць у Менску пытаньні ваеннага супрацоўніцтва.

Тэма агрэсіўных намераў ЗША ў дачыненьні да незалежнай і багатай на нафту Вэнэсуэлы гучыць апошнім часам бадай у кожным публічным выступе Уга Чавэса. Колішні дэсантнік і цяперашні галоўнакамандуючы Вэнэсуэльскім войскам загадвае сваім вайскоўцам рыхтавацца да партызанскай вайны. У гэтай вайне, паводле Чавэса, будуць выкарыстаныя самыя розныя сродкі ўзбраеньняў, уключна з традыцыйнымі атручанымі індзейскімі стрэламі. Сам Чавэс кажа, што асабіста ён добра валодае гэтай індзейскай зброяй, аднак для сапраўднага супраціву амэрыканскаму агрэсару гэтага мала.

Разам зь беларускім кіраўніком, якога Чавэс называе сваім “сябрам і братам”, вэнэсуэльскі лідэр зьбіраецца абмеркаваць у Менску “апошнія дэталі закупкі інтэграванай сыстэмы супрацьракетнай абароны з 200-300 кілямэтровым дыяпазонам, у якую ўваходзяць радары далёкага выяўленьня і ракеты адпаведнага радыюсу дзеяньня”.

Словы Чавэса пацьвярджаюць і крыніцы, блізкія да міністэрства абароны Беларусі.

“Гэта тавар, якім валодае Беларусь, а яшчэ такія краіны як ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя, – гаворыць беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін. – Прычым Беларусь яго прапаноўвае ня толькі Вэнэсуэле, але і Ірану. Гэта кампутарнае забесьпячэньне, якое дазваляе кіраваць існуючай у гэтых краінах супрацьпаветранай абаронай”.

Паводле беларускіх экспэртаў, агнявымі сродкамі ў гэтай сыстэме, хутчэй за ўсё, стануць расейскія комплексы С-300, ПМУ-2, “Фаворит” ды “Тор М1”.

Заходнія ваенныя аналітыкі з Global Security research group на старонках брытанскага выданьня Monsters and Critics выказваюць наступныя меркаваньні:

“Чавэс таксама хоча набыць у Беларусі прылады начнога бачаньня. Яны будуць прыстасаваныя да кожнай асобнай вінтоўкі вэнэсуэльскага вайскоўца. Гэтая беларуская вайсковая оптыка прадаецца ў тры разы таньней за адпаведны НАТА-стандарт. Калі сыходзіць з таго, што ў вэнэсуэльскім войску налічваецца 34 тысячы чалавек, то сума заказаў можа дасягаць 24 мільёнаў даляраў”, – мяркуюць брытанскія экспэрты.

Як паведамляюць афіцыйныя беларускія крыніцы, у часе візыту Чавэса будуць найперш абмеркаваныя такія пытаньні як актывізацыя гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньне ў энэргетычнай галіне. У часе двухбаковых перамоваў у Менску размова ў тым ліку пойдзе і пра здабычу беларусамі нафты ў басэйне ракі Арынока.

З нагоды прыезду Вэнэсуэльскага прэзыдэнта, паведамілі ў ДАІ, у Менску а 14-й гадзіне будзе пэрыядычна перакрывацца рух на праспэктах Незалежнасьці і Пераможцаў ды на вуліцах Фрунзэ і Захарава.

Год таму, у часе свайго першага візыту ў Менск, вэнэсуэльскі кіраўнік сказаў свайму беларускаму калегу: “Мы павінны ажыцьцявіць лёзунгі Леніна пра недапушчальнасьць эксплёатацыі чалавека”. Паводле Чавэса,“Беларусь – свабодная краіна, Вэнэсуэла – свабодная краіна, у гэтым мы супрацьстаім Злучаным Штатам і іх няўдалым памкненьням”. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы першы раз наведаў Беларусь летась пры канцы ліпеня. Тады быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненьняў аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхналёгій, энэргетыкі, нафтахіміі.


• Уга Чавэс наведае Беларусь , 28.06.2007 • Чавэс едзе ў Расею і Беларусь па зброю , 28.06.2007 • Уга Чавэс выказаў салідарнасьць з Аляксандрам Лукашэнкам , 8.09.2006

Ілюстрацыя - часопіса Огонёк
XS
SM
MD
LG