Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацак: знойдзены медны крыж з найстарэйшай выявай Сафійскага сабору


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ.

"Народная воля” сёньня друкуе гутарку са старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком. Матэрыял называецца “Беларусь — другая краіна ва ўсім сьвеце, якую пазбавілі гандлёвых прэфэрэнцыяў". Паводле А.Ярашука, цяпер у беларускай улады застаўся адзіны варыянт – выканаць усе рэкамэндацыі Эўразьвязу.

Іншыя тэмы “Народнай волі”: як беларускія чэкісты патрапілі за краты; што кажа Андрыян Севярын пра скасаваньне пасады спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі ў Радзе правоў чалавека ААН.

“Ніводнае пачынаньне апазыцыі ня выклікала такога раздражненьня ўладаў, як праграма Каліноўскага”

Сёньня беларуская газэта “Наша ніва” піша: “Ніводнае пачынаньне апазыцыі ня выклікала за апошні час такога раздражненьня ўладаў, як праграма Каліноўскага. На гэтым тыдні да яе ізноў прыцягнутая ўвага – распачаўся другі набор кандыдатаў для навучаньня за мяжой”.

Таксама “Наша ніва” паведамляе пра сэнсацыйныя знаходкі археалягаў у Полацку. У прыватнасьці, адкапаны медны крыж, на якім – найстарэйшая выява Сафійскага сабору. Другая знаходка – барэльеф з выявай Божай Маці. Ён выраблены яшчэ ў ХІ стагодзьдзі.

”Дуда і салют весьляроў”

“Рэгіянальная газэта”з Маладэчна адсочвае маршрут экспэдыцыі “Шляхам Тышкевіча”. Пра тое, як сустракалі беларусаў у Вільні, паведамляе Сяргей Занька:

“У Вільню ўваходзілі незвычайна. У горадзе шмат мастоў, і на кожным былі людзі. На першым далі заданьне граць на дудзе, каб вітаць іх. У гэты час весьляры на катамаранах па камандзе ўзьнімалі ўверх вёслы. Усё разам выглядала вельмі прыгожа: дуда і салют весьляроў”.

У Пінску, як паведамляе тыднёвік “Мясцовы час”, адзіны пагост загадана пашыраць на месцы зносу кароўнікаў, якія стаялі тут больш як 30 гадоў. Тлумачыць рэдактар Віктар Ярашук:

“Людзі вельмі занепакоеныя. Зямля пад гэтымі фэрмамі забруджаная гноем на некалькі мэтраў у глыбіню. Таксама там закопвалі жывёлаў, яе косьці. Людзі кажуць, што гэта супраць маральных нормаў. Гарадзкія ўлады настойваюць, а гараджане – супраць”.
XS
SM
MD
LG