Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьні Азарыцкага лягеру спадзяюцца толькі на Страсбурскі суд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Заўтра былыя вязьні канцэнтрацыйнага лягеру ў Азарычах традыцыйна зьбяруцца ў гэтым мястэчку на Гомельшчыне. Тэмай размовы вэтэранаў будуць ня толькі падзеі шасьцідзесяцігадовай даўніны, але й праблема выплаты кампэнсацыі вязьням.

Крыху болей за 7 тысяч вязьняў Азарыцкага лягеру засталося жывымі. Гэта з 55 тысяч, якіх напрыканцы 1943 году фашысты сагналі за калючы дрот, каб жывым шчытом прыкрыць лінію фронту.

Эрнэсту Намятаву, калі ён патрапіў у лягер, было ўсяго 12:

“Нас гналі да Азарыч тры дні. І расстрэльвалі тых, хто адставаў. Мяне таксама маглі расстраляць. Выратавала тое, што я жахнуўся, калі ўсьвядоміў, што ужо ў канцы калёны і ўбачыў, як страляюць іншых. Я завыў і знайшоў сілы пайсьці наперад”.

На традыцыйныя сустрэчы ў дзень вызваленьня лягеру савецкімі войскамі зьбіраецца некалькі дзясяткаў вязьняў. Гэтым разам яны будуць ня толькі згадваць загінуўшых сяброў ды мінулае. З Эўрапейскага суду правоў чалавека ў Страсбуры паведамілі, што там прынятая да разгляду іхная скарга. Вязьні скардзіліся на недахоп кампэнсацыі за свае пакуты: атрымалі ад Нямеччыны толькі па 5 тысяч эўра, хаця вязьням іншых канцэнтрацыйных лягераў сьмерці кампэнсавалі па 15 тысяч.

Фармальна гэта атрымалася таму, што Азарыцкі лягер (а дакладна – група лягераў блізу Азарычаў) не патрапіў у сьпіс менавіта “канцэнтрацыйных”. Чаму гэтак адбылося?

Вось што высьветліў Эрнест Намятаў, які пасьля вайны стаў журналістам, і ў тым ліку распрацоўваў тэму вязьняў. Паводле Намятава, прыклад Азарыцкага лягеру, менавіта як канцэнтрацыйнага, фігураваў на Нюрнбэрскім працэсе над кіраўнікамі фашыстоўскага рэйху. Але калі некалькі гадоў таму складалі сьпісы лягераў, вязьням якіх трэба плаціць кампэнсацыю, Азарычы не патрапілі у лік канцэнтрацыйных.
”Відаць, толькі парлямэнт Беларусі мог бы зьвярнуцца да дэпутатаў Нямеччыны.”
Эрнэст Намятаў і ягоныя аднадумцы лічаць, што памылка адбылася ня толькі зь віны нямецкага боку. Паводле вэтэрана, адказнасьць нясуць таксама кіраўнікі беларускага дэпартамэнту архіваў ды фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне”, празь які выплачваліся кампэнсацыі ў Беларусі:

“У 2001-ым годзе з вызначэньня лягера ўжо зьніклі словы і “канцэнтрацыйны”, і “спэцыяльны”, і “лягер зьнішчэньня”, і што “на пярэднім краі абароны”. Засталося толькі “лягер Азарычы”.

У дэпартамэнце архіваў і справаводзтва кажуць: сьпіс зацьвярджала камісія адмыслоўцаў праз галасаваньне, ціск ні на каго не аказваўся. Спасылаліся на архіўныя зьвесткі, у тым ліку зь Нямеччыны. Намесьнік старшыні праўленьня фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне” Канстанцін Прахарэнка таксама ня згодны з прэтэнзіямі азарыцкіх вязьняў да фонду:

“Наш фонд ніяк ня можа ўплываць на тое, каб лягер Азарычы быў унесены ў параграф 42-і фэдэральнага весьніка ФРГ. Гэта прымае бундэстаг. Відаць, толькі парлямэнт Беларусі мог бы зьвярнуцца да дэпутатаў Нямеччыны”.

Але зараз вязьні больш спадзяюцца на Страсбурскі суд: што той падтрымае іхную пазыцыю і паўплывае на рашэньні нямецкага боку. Паводле зьвестак, у нямецкіх фондах, якія рабілі выплаты ахвярам фашыстоўскага рэйху, засталіся нявыплачанымі яшчэ некалькі мільёнаў эўра.

• Нямеччына адзначыла ордэнамі двух беларусаў , 22.06.2007 • 120 тысяч беларусаў атрымалі кампэнсацыю ад нямецкага ўраду , 18.06.2007 • У Нямеччыне прэзэнтавалі фільм пра лягеры сьмерці ў Азарычах, 9.03.2007 • Нямецкі ўрад дапамагае ахвярам нацызму ў Беларусі , 1.11.2005
XS
SM
MD
LG