Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: чырвоныя гвазьдзікі на месцы расстрэлу ахвяраў сталінізму


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў другой палове дня сябры Рэспубліканскага аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 30-50 гадоў ХХ стагодзьдзя наведалі ў лесе пад Гомелем месца масавых пахаваньняў.

Месца пахаваньняў знайшлі нядаўна на падставе зьвестак мясцовых жыхароў салдаты 52-га асобнага спэцыялізаванага батальёну Міністэрства абароны. На паверхню зь ямаў паднятыя 70 чалавечых парэштак, падэшвы ботаў, бахілаў, кускі зрэбнай кашулі, гузікі ад цывільнай вопраткі, кулі ад савецкай зброі.

Сустаршыня аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пісьменьнік і публіцыст Васіль Якавенка, гісторык Анатоль Валахановіч, грамадзкі дзеяч Вячаслаў Сіўчык запалілі лямпадкі і ўсклалі на месцы пагібелі ахвяраў чырвоныя гвазьдзікі.

Выступаючы падчас імпрэзы, Васіль Якавенка сказаў:

“Мы стаім на месцы расстрэлаў, на месцы, дзе ляжаць людзі, для якіх мы ўжо зьяўляемся нашчадкамі. Наша сьвятая задача – аднавіць памяць пра іх, якую ўвесь час стараліся сьцерці, замяць, згубіць. І данесьці гэту памяць да сваіх нашчадкаў, каб з пакаленьня ў пакаленьне перадавалася памяць пра вось гэтыя жудасныя рэпрэсіі, пра жудасную антынацыянальную палітыку ў нас, у Беларусі”.

Гісторык Валахановіч нагадаў, што маштабныя масавыя рэпрэсіі ў Беларусі распачаліся пасьля прыезду ў Менск у жніўні 1937 году маскоўскіх эмісараў Малянкова і Якаўлева-Эпштэйна. Былі зьнішчаныя па сутнасьці ўсе члены ЦК ВКП(б) Беларусі. Даводзіліся нават заданьні па пошуку “ворагаў народу”. Таму так шмат у розных кутках Беларусі месцаў масавых расстрэлаў.

Гомельскі гісторык, былы дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў выказаў меркаваньне, што сярод расстраляных у лесе на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы цалкам можа быць і Палута Бадунова, актыўная дзяячка Беларускай Народнай Рэспублікі, арыштаваная энкавэдыстамі менавіта ў Гомелі, дзе жылі яе сваякі.

Парэшткі людзей, знойдзеных на паўдзённым усходзе ад абласнога цэнтру, салдаты 52-га спэцыялізаванага батальёну перадалі на захаваньне ў Прыбыткаўскі сельскі савет. Аднак яго старшыня Леанід Ігнаткевіч адмовіўся паказаць іх сябрам аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Сказаў, што на гэта патрэбны дазвол райвыканкаму. Прынамсі, намесьніцы старшыні райвыканкаму ў пытаньнях ідэалёгіі Натальлі Аксёнавай, якая ачольвае раённую камісію перазахаваньня знойдзеных парэштак. Аднак засьпець намесьніцу ў выканкаме не ўдалося – выехала некуды на адзіны дзень інфармаваньня насельніцтва.

Аргкамітэт і гомельскія грамадзкія актывісты наважаныя дамагацца ўсталяваньня памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў.

“Цалкам зразумела, што ў гэтым урочышчы ляжаць ахвяры бальшавіцкага тэрору. Наш прыезд, я спадзяюся, перашкодзіць некаторым прадстаўнікам сёньняшняй улады схаваць гэтую праўду ад нашага народу. У такіх страшных мясьцінах, дзе Беларусь губляла сваіх сыноў і дачок у тыя змрочныя часы, мусяць стаяць па нашых беларускіх традыцыях мэмарыяльныя знакі – крыжы”, – лічыць сябра аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Вячаслаў Сіўчык.
XS
SM
MD
LG