Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Pew Research Center: У сьвеце растуць антыамэрыканскія настроі


Кастусь Бандарук, Прага Дасьледная арганізацыя Pew Research Center зь сядзібай у Вашынгтоне апублікавала найноўшае апытаньне грамадзкай думкі ў 47 краінах сьвету. Гэтым разам дасьледнікі засяродзіліся ў прыватнасьці на іміджы вялікіх краінаў сьвету, на папулярнасьці вядучых палітыкаў, на стаўленьні да амэрыканскага лідэрства ў сьвеце, да вайны з тэрарызмам і да праблемаў навакольнага асяродзьдзя.

У параўнаньні з аналягічным дасьледаваньнем, праведзеным пяць гадоў таму, думка насельніцтва 47 краінаў сьвету значна зьмянілася. Вырасла занепакоенасьць дамінаваньнем у сьвеце вялікіх краінаў: ЗША, Кітаю і Расеі.

За апошнія 5 гадоў у сьвеце выразна ўзмацніліся антыамэрыканскія настроі, нават сярод заходнеэўрапейскіх саюзьнікаў ЗША. Найлепей ставяцца да ЗША афрыканскія краіны: Кот д''Івуар, Кенія і Гана, а найгорш – Турцыя, Пакістан і палестынцы. Адносна няблага, хаця горш чым 5 гадоў таму, ставяцца да Амэрыкі “новыя” сябры Эўразьвязу, былыя камуністычныя краіны, у адрозьненьне ад “старых” сяброў Зьвязу.

Недавер да амэрыканскага лідэрства ў сьвеце тлумачыцца найперш замежнай палітыкай цяперашняй адміністрацыі ЗША. Усё большая колькасьць людзей у сьвеце, у тым ліку ў краінах, якія выслалі за мяжу свае кантынгенты, выступаюць супраць вайны ў Іраку і Аўганістане. У мусульманскіх краінах пераважная большасьць насельніцтва – ледзь не 100% – патрабуе неадкладнага вываду сілаў ЗША і НАТО з Аўганістану. Зьменшылася таксама глябальная падтрымка вайны з тэрарызмам, якую пасьля 11 верасьня 2001 году распачалі Злучаныя Штаты.



Занепакоенасьць у сьвеце выклікае таксама рост эканамічнай і вайсковай моцы Кітаю. Імідж Кітаю за апошнія 5 гадоў пагоршыўся ў 5 разоў. Дрэнную рэпутацыю ў сьвеце мае таксама Расея. У прыватнасьці, усё большая колькасьць эўрапейцаў занепакоеныя сваёй энэргетычнай залежнасьцю ад Расеі і тым, як Масква выкарыстоўвае гэтую залежнасьць.

Што тычыцца папулярнасьці лідэраў, у прыватнасьці Джорджа Буша і Ўладзіміра Пуціна, дык амэрыканскі прэзыдэнт у сваёй краіне карыстаецца падтрымкай 45% грамадзянаў – значна меней чым 5 гадоў таму, тым часам як Пуціна падтрымліваюць 84% расейцаў, што нават крыху болей чым 5 гадоў таму.



У сьвеце ўзрасла таксама – прыблізна на 10-20% – занепакоенасьць праблемамі навакольнага асяродзьдзя. Забруджаньнем асяродзьдзя і кліматычнымі зьменамі найболей – больш як 50% – занепакоенае насельніцтва Паўдзённа-Афрыканскай Рэспублікі, Кітаю і Ўкраіны, а найменей – усяго кожнага дзесятага – гэта хвалюе афрыканскія краіны: Уганду і Кенію.

Дасьледная арганізацыя Pew Research Center – незалежная арганізацыя, якая дасьледуе сытуацыю ў галінах прэсы, палітыкі і грамадзкага жыцьця ў ЗША і ўсім сьвеце. Цэнтар узначальвае сацыёляг, былы кіраўнік Фонду Гэлапа, Эндру Когут. Спонсарам арганізацыі зьяўляецца дабрачынная арганізацыя зь Філядэльфіі Pew Charitable Trusts. Цэнтар, які называе сябе аб’ектыўным, бесстароньнім “банкам фактаў”, зьяўляецца важнай крыніцай інфармацыі для палітыкаў, журналістаў, навукоўцаў і грамадзкіх арганізацыяў. (http://people-press.org/about/)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG