Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як КДБ дзейнічае супраць маладых актывістаў у Пінску


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня сябра Пінскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Бадзевіч паведаміў нашаму радыё, што за ім сочаць невядомыя ў цывільным. Са словаў актывіста, напярэдадні яму тэлефанавалі з КДБ і прапаноўвалі прыйсьці на гутарку. А яшчэ раней, кажа юнак, супрацоўнікі спэцслужбы наведвалі прадпрыемства, дзе ён працуе, пагражалі звальненьнем.

Ужо некалькі дзён сябры Партыі БНФ і арганізацыі “Моладзь БНФ” працуюць валянтэрамі ў Пінску на могілках па вуліцы Спакойная.

За парадак на магіле Скірмунта — міліцэйскі перасьлед

Старшыня суполкі БНФ Аляксандар Рамановіч паведамляе, што нават тут за імі віжуюць:

“Мы хадзілі на магілу Скірмунта. І ўжо пасьля таго, як разьвесілі вянкі, нас спыніла міліцэйская аўтамашына. Выйшаў лейтэнант міліцыі. Ён сказаў, што ў суседняй вёсцы невядомыя скралі ровар. Мы нібыта падазраваныя ў гэтым. І што яму трэба перапісаць усе нашы прозьвішчы”.

А вось што заяўляе пра перасьлед з боку КДБ Зьміцер Бадзевіч:

“Тэлефануюць, прапануюць сустрэцца. Нібыта гэта ў маіх інтарэсах, каб прыйсьці да іх. Я ня ведаю, у чым мая зацікаўленасьць у КДБ. Было й такое, што выклікалі на працу — нібыта за палітычную дзейнасьць. Дырэктар кажа, што патрабавалі звольніць. Але ён рабіць гэтага не жадае”.

Моладзевага актывіста змушаюць адмовіцца ад дзёньнікаў у інтэрнэце

Праблемы цяпер і ў вучня 11-й клясы Пінскай сярэдняй школы Зьмітра Кісяля. Падчас канцэрту ў Дзень моладзі ў Пінску ён раздаваў значкі і стужкі “За Свабоду”. Віншавалі людзей са сьвятам. Пасьля гэтага ў гарвыканкам выклікалі дырэктара школы.

Цяпер Зьміцер гаворыць пра перасьлед:

“Яны вымушаюць, каб я зьнішчыў усе свае артыкулы і свой асабісты дзёньнік у інтэрнэце. І перастаў трымаць сувязь з рэдакцыяй нашай пінскай незалежнай газэты “Мясцовы час”. За вучобу яны пад мяне падкапацца ня могуць — усё добра. Таму толькі так душаць”.

На Берасьцейшчыне сёлета пакараныя ўладай амаль сто маладых апазыцыянэраў

На Берасьцейшчыне сёлета больш як сто маладых сябраў апазыцыі прыцягнутыя ўладай да адміністрацыйнай адказнасьці.

Падставы тлумачыць праваабаронца Ўладзімер Вялічкін:

“Калі ўвялі кантрактную сыстэму, то старэйшае пакаленьне апынулася пад вялікім прэсінгам. Улады з гэтага боку пагрозу прыбралі. Каб зьбіць хвалю моладзевага пратэсту, дзейнічаюць інакш. Для іх трэба, каб малады чалавек ня ўдзельнічаў у дэманстрацыях, мітынгах, раздаваў улёткі. Для іх лепш, каб ён гарэлку піў, няхай коле наркотыкі. Пра якое разьвіцьцё асобы можна ў такой краіне гаварыць?!”

• У Пінску шукаюць аўтараў улёткі “На ахове калгаснага фашызму”, 13.06.2007 • Пінск: старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ асудзілі на 5 сутак, 22.03.2007
XS
SM
MD
LG