Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Завяршыўся візыт апазыцыйнай дэлегацыі ў Нямеччыну</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня завяршыўся візыт у Бэрлін беларускай дэлегацыі, у склад якой уваходзяць 15 прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў і экспэртнай супольнасьці. У чацьвер беларускія палітыкі правялі сустрэчы ў ведамстве фэдэральнага канцлера, Міністэрстве замежных справаў і ў офісах вядучых палітычных партыяў гэтай краіны.

Падсумоўваючы вынікі паездкі, адзін з чатырох сустаршыняў Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка ў інтэрвію Радыё Свабода зазначыў:

“Нам важна было пачуць ад ключавых асобаў, якія вызначаюць усходнюю палітыку Нямеччыны, іхнае жаданьне бачыць Беларусь у эўрапейскай, цывілізацыйнай, каштоўнаснай, эканамічнай — а ў пэрспэктыве і палітычнай — сям’і народаў.

Важна таксама, што захоўваецца прынцыповая пазыцыя Нямеччыны наконт вызваленьня палітычных вязьняў, дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і практыкі, спыненьня перасьледу за грамадзка-палітычную дзейнасьць.

Ёсьць таксама воля Нямеччыны разьвіваць, расшыфроўваць эўрапейскае пасланьне да ўраду ды народу Беларусі”.

Сябры беларускай дэлегацыі сёньня кантактавалі найперш са сваімі калегамі зь Нямеччыны. Прыкладам, сацыял-дэмакрат Анатоль Ляўковіч і кіраўнік Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін мелі працяглую размову з Генэральным сакратаром Сацыял-дэмакратычнай партыі Губэртусам Гайлем.

Паводле спадара Ляўковіча, гутарка выйшла за межы партыйных інтарэсаў — сацыял-дэмакраты гатовыя дапамагаць усёй Беларусі:

“Пэрспэктывы вельмі някепскія, нават вельмі добрыя. Ёсьць канкрэтныя прапановы ў галіне энэргетыкі ды і ў іншых”.

Адметнай рысай бэрлінскай паездкі стала ўключэньне ў дэлегацыю рэгіянальных актывістаў з Барысава, Гомелю, Горадні.

Вінцук Вячорка гаворыць, што гэткі курс трэба працягваць і надалей:

“Вельмі добрае мы прынялі рашэньне — запрасіць рэгіянальных лідэраў. Гэта абавязкова трэба для ўзмацненьня пачуцьця нашай эўрапейскай цывілізацыйнай еднасьці і для іх будучых кантактаў на сваіх узроўнях”.

Леў Марголін з Барысава адзначае, што немцаў цікавіць і рэгіянальнае жыцьцё:

“Абмяркоўваюцца праблемы, якія без рэгіянальнага жыцьця не абыдуцца. Прыкладам, выбарчыя праблемы. Зразумела, што мы таксама выказваем свой пункт гледжаньня як прадстаўнікі рэгіянальных структураў”.

Тым часам на розных беларускіх сайтах зьявіліся матэрыялы, у якіх па-рознаму трактуецца выказваньне генэральнага сакратара Партыі ХДС Рональда Пофалы.

У адных напісана, што спадар Пофала на бэрлінскай канфэрэнцыі заклікаў да яднаньня дэмакратычныя партыі з дэмакратычнымі рухамі, прынамсі з рухам Аляксандра Мілінкевіча“За свабоду”. Другія паведамляюць, што той жа Пофала заклікаў усіх да яднаньня вакол Мілінкевіча і ягонага руху.

Спадар Марголін, які прысутнічаў на канфэрэнцыі, так камэнтуе гэтую сытуацыю:

“Там быў заклік аб’яднацца ўсім, таксама і Мілінкевічу. А тое, што было на сайтах, перадусім на сайце самога Мілінкевіча і “Хартыі”, — гэта або нейкая наўмысная памылка, або памылка перакладу”.

• На думку Віка, аб’ядноўвацца ці не – вырашаць самой апазыцыі, 28.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG