Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь патрабуе ад Расеі “ўзаемнай павагі”


Ігар Карней, Менск Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў прыбыў у Менск для ўдзелу ва ўрачыстасьцях да 15-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй. Раніцай Лаўроў правёў перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. Пасьля сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У другой палове дня Лаўроў выступіў перад выкладчыкамі й студэнтамі БДУ. Як выглядаюць беларуска-расейскія дачыненьні падчас юбілейных мерапрыемстваў?

І ў размове зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, і пазьней, падчас гутаркі з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўнік расейскага замежнапалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў падкрэсьліваў: Расея гатовая да будаўніцтва саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю.

Любы прэзыдэнт Расеі будзе “інтэгратарам”

Паводле Лаўрова, любы прэзыдэнт Расеі будзе працаваць дзеля інтэграцыі з суседняй Беларусьсю.

Беларускае кіраўніцтва падзяляе ідэі будаўніцтва так званай саюзнай дзяржавы (дарэчы, летась саюзнаму працэсу споўнілася дзесяць гадоў), але з пэўнымі агаворкамі.

Вось што зазначыў Аляксандар Лукашэнка:

“Мы заўсёды прыхільныя духу найшчыльнейшай інтэграцыі аб’яднаўчага пляну з Расейскай Фэдэрацыяй. Але, пэўна, вы разумееце: мы можам пайсьці гэтым шляхам толькі, зноў жа, адпавядаючы галоўным крытэрам усяго гэтага працэсу. Перадусім, каб усё было на раўнапраўнай аснове, каб гэта было з узаемнай павагай адзін да аднаго. Каб пры гэтым не ўціскаліся інтарэсы ніводнага з народаў, якія ўваходзяць у склад нашых дзяржаваў”.

Расея будзе займаць прабеларускую пазыцыю

Кажучы пра 15-ю гадавіну ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй, бакі адзначылі: такія даты ёсьць добрай нагодай для візытаў і абмеркаваньня актуальных пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва.

Так, Лаўроў заявіў, што Расея і надалей будзе займаць прабеларускую пазыцыю на міжнароднай арэне. Выступаючы перад выкладчыкамі й студэнтамі БДУ, ён сказаў: Расея будзе намагацца, каб Беларусь стала паўнавартасным сябрам Рады Эўропы.

“Арганізацыя ня мае права асацыявацца з тымі, хто імкнецца ізаляваць Беларусь”, — падсумаваў расейскі міністар.

У сваю чаргу, беларускі бок абяцае заняць прарасейскую пазыцыю ў пытаньні разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў Эўропе.

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў перакананы: неабходнасьці ў перабазаваньні сыстэмы няма, тым болей, непасрэдна да межаў Беларусі.

На якім тле ў беларуска-расейскіх стасунках адбываюцца юбілейныя ўрачыстасьці?

За 15 гадоў – толькі “касмэтычныя” зьмены

Былы кіраўнік Галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі кажа, што за апошнія паўтара дзясятка гадоў краіны больш згубiлі ў сваіх дачыненьнях, чым здолелі назапасіць. Палітычныя супярэчнасьці і паступовы пераход на рынкавыя дачыненьні адбіваюцца, перадусім, на грамадзянах Беларусі:

“У палітычную, дзяржаўную залежнасьць Беларусь не патрапіла. І ў гэтым, не выключаю, заслуга самаго Лукашэнкі. Адбыліся нейкія касмэтычныя зьмены ў самой краіне — гэта безумоўна. Яны не вялікія, гэтыя зьмены, не прынцыповыя, таму казаць, нэгатыўныя яны ці пазытыўныя, нельга.

Але пра большую сталасьць ці пра большую духоўнасьць ня можа быць і гаворкі. На першым месцы не духоўныя каштоўнасьці, а каўбаса, як казалі раней. Яна і цяпер там, першая. Для значнай большасьці. У тым ліку і для “бацькі” нашай нацыі”.

“Братэрскія адносіны” – фікцыя?

У Расейскай Фэдэрацыі беларуска-расейскія стасункі таксама ня схільныя ідэалізаваць.

Вядомы пісьменьнік, грамадзкі дзеяч Уладзімер Вайновіч кажа, што пераўтворанае ў штамп паняцьце “братэрскіх дачыненьняў” можна і трэба карэктаваць:

“Калі казаць пра “братэрскія дачыненьні”, то яно вельмі сумнеўнае, гэтае “братэрства”. Бо гаворка насамрэч вядзецца не пра сяброўства народаў, а пра сяброўства дзяржаваў. І такое сяброўства магчымае альбо немагчымае. Я спадзяюся, што яно немагчымае.

Бо, на жаль, “беларускія тэндэнцыі” цяпер усё больш выразна прасочваюцца ў Расеі. А сяброўства народаў, якое вельмі часта праклямуецца дзеля “птушачкі”, на словах, пад барабанны бой, на справе часта нічога ня вартае”.

• Пасьля заканчэньня Кангрэсу адбылася прэсавая канфэрэнцыя сустаршыняў Палітрады , 27.05.2007 • Чаму Канаплёў шукае сустрэчы з Грызловым?, 4.04.2007 • Чаму Беларусь аплачвае толькі палову кошту газу?, 2.04.2007
XS
SM
MD
LG