Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браслаў: Два твары “зямлі, застылай у хвалях”


Віталь Сямашка, Браслаў, Віцебская вобласьць Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Апавядаючы пра апошняе падарожжа ў Браслаў, я, як і шэсьць гадоў таму, у часе першай вандроўкі, не магу пазбавіцца ад белай зайздрасьці да тых, хто адпачывае гэтымі днямі ў сталіцы беларускага Паазёр’я.

Хто ўбірае ў сябе глыбіню, аж да пяцідзесяці мэтраў, і асьвечаны сонечнымі праменямі велічны спакой буйных азёраў Струста ды Снуды.

Зрэшты, Браслаўшчына прыгожая ў любое надвор’е. Асабліва калі глядзець з найвышэйшай кропкі — гары Маяк. Мой стары знаёмца Кастусь Шыдлоўскі, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музэю, дасьледчык і гістарыёграф Віленскага краю, распавёў мне дзьве гісторыі.



Шыдлоўскі: “Станіслаў Аляксандравіч, прафэсар Турынскага ўнівэрсытэту (дарэчы, каранямі з Браслаўшчыны) — знакаміты дасьледчык картаграфіі пэрыяду ВКЛ. Стаялі мы на гары Маяк. А ён толькі з Нарвэгіі, сябры вазілі па ф’ёрдах і казалі, што гэта самае лепшае месца на зямлі. І ён сказаў — гэтая карціна лепшая.

А прывезьлі неяк галоўнага турыста краіны, каб паказаць — вось прыгажосьць у прыгажосьці, любуйцеся. Першы спытаў: чаму тут няма гарналыжных пад’ёмнікаў?! Людзі, што гатовыя лізаць усё, што заўгодна, сказалі: празь некалькі гадоў будзе.

Былі выдаткаваныя грошы. І цэлыя інстытуты працавалі, каб на дваццаць мэтраў падсыпаць гэтую гару. Людзі, што працавалі, казалі, сэрца крывёю абліваецца. І цікава, што пратэсты эколягаў, географаў ні да чаго не прывялі. І што ўратавала? Хіба небясьпека, што насыпны грунт, паводле вопыту Сілічаў, спаўзе...”

А вось сьвежыя ўражаньні, як кажуць, часта найбольш праўдзівыя. 27-гадовы мастак і мастацтвазнаўца Аўген Білей стала жыве ў Браславе пяты месяц. Працуе ў этнаграфічным музэі. Браслаў наталяе яго прыродную цікаўнасьць ды прагу прыгажосьці.



Білей: “Першыя гадзіны быцьця тут не маглі не ўразіць — моцна! Зямля, застылая ў хвалях. Але і сам горад, і яго жыхары адзіныя, як чарот на вадзе. Зайшоў у краму — можна папрасіць нешта па-беларуску, табе адкажуць,“без ухмылки”.

Адчуваецца і глыбінка — месяц ня могуць зрабіць плястыкавай карткі ў банку: “А што вы хацелі, картачак і так не хватае...” Я кажу аднаму хлопцу: о, Браслаў, мора, прыгожа, дзяўчаты. А хлопец: да адзінаццатай клясы яны тут, а пасьля добра калі зь дзіцём — вернецца. Працоўных месцаў няма — на мытні адзінкі, астатнія касьцёл, лецішчы падрамантавалі, і ўсё — зьехалі! Няма сталага заробку.

Прыгажосьць, радзіма, дзяды... Але да дзядоў можна на дзень зь Менску прыехаць. Прыяжджаюць сталага веку мастакі ды шырока вядомыя ў вузкім коле “зоркі” беларускай эстрады, набываюць лецішчы, таму што ёсьць грошы...”

Больш за паўгоду таму факты незаконнага будаўніцтва катэджаў нібыта былі асноўнымі ў гучнай крымінальнай справе супраць кіраўніцтва Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. Але ж як каштавалі шэсьць гадоў таму нумары на базе адпачынку “Золава”, што на тэрыторыі Нацпарку, 150—300 даляраў на дзень, так і каштуюць.

Пра гэта сьведчыць яшчэ адзін мой знаёмца, мастак Валеры Зянкевіч.



Зянкевіч: “Я не хачу, каб у Браславе былі прадпрыемствы, чыгунка, таму што гэта зьнішчыць Браслаўшчыну. І так прыяжджаюць купляць лецішчы ў тых месцах, дзе ў час СССР, на возеры Волас, чалавек пахадзіць мог, але ўявіць — нехта нешта збудуе несанкцыянаванае! А цяпер там паселішчы сучаснай канструкцыі — гайтэкі, лазьні на паддонах.

Я тубылец на сто працэнтаў. Я гасьцей на гару Маяк сёньня не ваджу, бо няма адчуваньня, што наша зямля. Сумнавата, што структура Нацпарку нібыта існуе, каб падняць раён, захаваць прыроду. Цяпер ён ператварыўся ў рэжымнае прадпрыемства: маеш пропуск, зойдзеш усярэдзіну, а не — дык не. Людзі, нібыта, атрымалі працоўныя месцы. А зьнішчаецца лес. Час ад часу чуваць — лесавоз з дубамі з Браслава павезьлі!”

Указ аб стварэньні Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” ўступіў у дзеяньне трынаццаць гадоў таму. І замацаваў, што будучыня 10-тысячнага Браслава — турызм.

Калісьці тут дзейнічала чыгунка-вузкакалейка, якой можна было падарожнічаць па прыгожых мясьцінах. Аэрапорт, зь якога можна было даляцець у Менск за дваццаць хвілінаў. Ня кажучы ўжо пра арганізаваныя рыбалку, парусны спорт, паляваньне…

Сёньня, каб аднавіць усё гэта, кажуць, дзяржава ня мае сродкаў. Яна ж і не дазваляе сфэру паслугаў зрабіць прыватнай. І браслаўчане паступаюць з турыстамі гэтак жа, як і дзяржава зь імі.

Кажа ўсё той жа Валеры Зянкевіч:

Зянкевіч: “Калі чалавек захоча прыватную фірму адкрыць, у выканкаме яму скажуць: у нас ёсьць Нацпарк, гэта яго зона — прыклады ёсьць. Ёсьць магчымасьць заплаціць фіксаваны падатак за пакой на месяц, і людзі прымаюць турыстаў дзікім мэтадам, ад 3 да 8 даляраў на дзень за ложак.

Ну, ёсьць такія, што парупіліся, і ў іх ТВ, куханька, ванна, лядоўня. Некаторыя, хто ўстыдаецца браць досыць вялікія грошы без выгодаў, зьніжае да 2 даляраў. А ёсьць такія, у якіх выгодаў на двары няма — і 3 даляры. Людзям доўгі час дзяўблі, што Браслаўшчына — курортны край. Людзі паверылі, урэшце...”

* * *

У гутарцы з Валер’ем Зянкевічам прамільгнуў знакавы ўспамін.

Зянкевіч: “На Браслаўшчыне на выбарах у сучаснага прэзыдэнта наагул ніякіх шанцаў не было...”

Я сустрэўся са старшынёй суполкі ПКБ спадарыняй Янушэўскай. Любоў Якаўлеўна, цяпер пэнсіянэрка, у савецкі час была пятнаццаць гадоў сакратаром райкаму КПСС па ідэалёгіі.

Мы сядзім у яе сапраўды сьціплай, але ўтульнай кватэры. Кажа, што суполка нешматлікая, але трывалая — у лукашэнкаўскую ПКБ, маўляў, ніхто не перайшоў.

Янушэўская: “Мы іх лічым адшчапенцамі — з карысьлівых мэтаў туды пайшлі, каб штосьці атрымаць. Інфармацыі цяпер, акрамя тае, што дае дзяржаўная тэлескрыня, ня маем. І тое, што мы чуем, разыходзіцца з тым, што бачым. Чуем, што цэны ў нас не падвышаюцца, расьцем-багацеем. А пойдзеш — бацюхна! Кожны дзень новая цана.

А пэнсію ня будуць падвышаць у гэтых абставінах. А траціну аддаеш за камунальныя паслугі, астатняе за ўсё астатняе. У мяне была размова са старэнькімі настаўніцамі: “Мы чытаем газэты, слухаем радыё. І не гаварыце нам нічога! І як нам гавораць, так і ёсьць!” Калі ня будуць выплачваць пэнсіі, забудуць яго — пра што і гаварыць...”

А вось на душэўныя раны ды адміністрацыйныя пакуты адзін зь першых браслаўскіх прадпрымальнікаў Віктар Варанько ня тое што не забыўся — яны не загаіліся. Чым толькі не займаўся за шаснаццаць год! Вырошчваў грыбы-вешанкі, гандляваў аўтазапчасткамі, ганяў МАЗы з бульбай у Расею.

На пачатку новага тысячагодзьдзя Віктар уклаў чатыры тысячы даляраў у рэканструкцыю, узяў у арэнду кансэрвавы цэх рыбзаводу, які колькі гадоў прастойваў пад пільным вокам тагачаснага кіраўніка Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Івана Ціцянкова. Дзеля загрузу вазіў уласнаручна рыбу з Рыскай затокі. Пра гэта расказаў ён мне шэсьць гадоў таму. А вось — тое, што апавёў днямі.



Варанько: “Мае ўкладаньні ў рэканструкцыю аказаліся незапатрабаванымі — закапаліся. Цэх закансэрваваны стаіць. Нацпарк не перазаключыў дамовы са мной. Нібыта ён мне грошы вінен за рэканструкцыю, але ня вернуць, мне сказалі.

МАЗы — восем гадоў займаўся міжнароднымі грузаперавозкамі. Я вазіў у Рыгу, а “зваротку” ня мог везьці, бо абавязкова трэба пад “тыр-карнэтам”. Гэта дакумэнт, што дае права ехаць без аплаты і прастою за растаможку грузу. Залог пад “тыр” быў 10 тысяч даляраў. Можна было нерухомасьць закласьці і ўзяць крэдыт у банку.

А чатыры гады таму Міністэрства транспарту і камунікацыяў зрабілі ўмову — наш беларускі перавозчык мусіць мець залог 40 тысяч эўра. У банку на адсоткі трэба было даваць 400 эўра, а гэта ўвесь мой прыбытак. Хаця ў Латвіі залог пад “тыр” 2 тысячы, у Расеі 1 тысяча даляраў. Гэта рабілася, каб дробных перавозчыкаў задавіць — удалося. Урэшце давялося тэхніку распрадаць за даўгі...”

Цяпер Віктар змушаны выжываць выпадковымі заробкамі. Адзіны ж станоўчы адказ на пытаньне, каму ў Браславе за гэтыя шэсьць гадоў стала лепш, атрымаў ад арганісткі, выкладчыцы нядзельнай школкі пры касьцёле Нараджэньня Маці Божай Валадаркі Азёраў Іны Сапун.

Дарэчы, навучаньне, як і набажэнствы, тут усе шаснаццаць гадоў з дня адкрыцьця па-беларуску. Шэсьць гадоў таму мела паўтысячы, цяпер 450 навучэнцаў. Між іншым, 60 адсоткаў насельніцтва каталікі, далей ідуць праваслаўныя, вялікая абшчына старавераў. Але ў часе той, першай вандроўкі ў спадарыні Іны быў настрой, блізкі да адчаю.



Сапун: “Былі адабраныя паперы ў сьвятара, што ён мае магчымасьць працаваць у касьцёле. А матывацыя — нібыта ён змушае дзяцей, каб яны прыходзілі. Пайшлі ўсе да райвыканкаму й пачалі патрабаваць дакумэнты. А ім сказалі: мы вас пасадзім. І хіба, каб папужаць, падагналі чорны “воран”. А людзі самі сталі лезьці ў гэтую машыну. Набілася поўна. Іх адвезьлі за горад — выпусьцілі...”

Цяпер пра гэта Іна Сапун згадвае, як пра страшны сон. Сёньня на дабрачынныя сродкі тут пабудаванае новае вялікае памяшканьне для нядзельнай школы, дзе ладзяцца, дарэчы і моладзевыя дыскатэкі для вучняў. Трыццаць юных актораў паставілі два спэктаклі — “Назаранін” і “Крыжовы шлях”.

Тут жа адкрыліся і дзьве камэрцыйныя крамы — школе, маўляў, дзяржава не дапаможа. Іна Сапун сказала мне:

Сапун: “Можна радавацца, што людзі не забываюцца на традыцыі — у нас поўны касьцёл, ня тыя бабулькі, а маладыя твары. А тое, што школка скарацілася на пяцьдзясят чалавек — сьведчаньне пра дэмаграфію...”

Сваё стаўленьне да дэмаграфічных праблемаў давёў, як ён называў сябе і шэсьць гадоў таму, галоўны гаршкалёп, паганец, валадар летнікаў і ваяўнічы дылетант Браслава — мастак Валеры Зянкевіч.

Зянкевіч: “Край усё роўна ня вымрэ — моладзь прыедзе ў 30—40-гадовым узросьце. І шмат гэтаму прыкладаў ёсьць. Людзі, што нацешыліся ўрбаністычнай культурай танцаў, растаманаў, але дачка, зьехаўшы ў Менск, з такім замілаваньнем дыхае гэтым паветрам! Кажу: “Дым отечества и сладок, и приятен”? Ну-ну! Чалавек часьцей і часьцей прыяжджае сюды. Я не скажу, што тут “і горы, і ф’ёрды, і людзей прыгожых орды”, але прырода настолькі стабільная, збалянсаваная”.

Карэспандэнт: “Браслаўшчыне жыць давеку?”

Зянкевіч: “Няма ніякага сумневу”.
XS
SM
MD
LG