Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 65 гадоў ад часу гібелі Янкі Купалы


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня спаўняецца 65 гадоў з дня сьмерці Янкі Купалы. А 8-й раніцы ў менскім касьцёле Сьвятога Роха на Залатой горцы адбудзецца памінальнае набажэнства, жалобная імпрэза пройдзе таксама на магіле паэта. А напярэдадні ў літаратурным музэі адкрылася мэмарыяльная экспазыцыя, прысьвечаная трагічнай сьмерці паэта. Дасьледчыкі жыцьця і творчасьці Янкі Купалы мяркуюць, што загадка сьмерці песьняра ня будзе разгаданая.

Новую экспазыцыю складаюць некаторыя рэчы й рукапісы Янкі Купалы ваеннага пэрыяду. Таксама рэшткі парэнчаў расейскага гатэлю “Масква” ды дзьверы з нумару 414, дзе спыніўся паэт падчас свайго вымушанага і апошняга візыту ў Маскву. З дакумэнтаў – адказ з расейскага ФСБ на запыт беларускіх дасьледчыкаў аб выдачы крымінальнай справы паводле сьмерці Янкі Купалы. Расказвае навуковы супрацоўнік музэя Алена Бурбоўская.

“Сказана, што праз 75 гадоў будуць адкрытыя гэтыя дакумэнты. Але ці будзе там праўда? Разумееце, калі нам у адпісцы гэтай напісалі, што загінуў паэт Луцкевіч, пераблытаўшы нават прозьвішча Купалы, бо сапраўднае Луцэвіч, дык невядома, ці будзе там што глядзець. Ці ёсьць там тая праўда за гэтымі пяцьцю ці сямьмю замкамі?. Таму надта і не спадзяёмся ўжо на гэта”.

Адказ ФСБ надае вэрсіі Някляева яшчэ больш праўдзівасьці

Апошні нумар незалежнага часопіса “Дзеяслоў” зьмяшчае публікацыю Ўладзімера Някляева, прысьвечаную Янку Купалу. У сваім дасьледаваньні ён робіць выснову, што паэт загінуў з тае прычыны, што Івана Луцэвіча альбо Янку Купалу савецкія органы выпадкова ці наўмысна палічылі за дзеяча нацыянальнага адраджэньня Івана Луцкевіча. Афіцыйны адказ ФСБ надае гэтай вэрсіі яшчэ больш праўдзівасьці, кажа рэдактар часопіса Барыс Пятровіч:

“Можна падумаць, што гэта і не памылка. Можна падумаць, што ўсё ж захаваліся дакумэнты, якія пацьвярджаюць вэрсію Ўладзімера Някляева. А таксама ранейшыя вэрсіі іншых дасьледчыкаў, што сьмерць Купалы напярэдадні 60-годзьдзя была камусьці выгадная. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што трэба вельмі сур’ёзна займацца нашым навукоўцам, трэба дамагацца дакумэнтаў, каб хоць праз 65 год даведацца праўду. І гэта павінна стаць вядома для ўсяго беларускага народу, бо гэта важна для ўсяго народу”.

Вэрсія палітычнага зьнішчэньня Янкі Купалы застаецца галоўнай

Дасьледчыкі жыцьця і творчасьці Янкі Купалы таксама не выключаюць верагоднасьці няшчаснага здарэньня. Але вэрсія палітычнага зьнішчэньня Янкі Купалы застаецца галоўнай, кажа кіраўнік Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша:

“Зразумела, што Купала нечым не дагадзіў тагачасным савецкім уладам. Але мне падаецца, што пры нашым жыцьці мы не адкрыем праўду. А з іншага боку, можа быць? загадка сьмерці мае вартую рамантычную зьмястоўнасьць і прыцягальнасьць. Чым, калі б, дапусьцім, адкрылі, што так – ліквідавалі. Можа быць і трэба, каб была вечная загадка. Будзем разгадваць і больш дазнавацца пра Купалу таго, чаго ня ведалі раней. І вось такая таямнічасьць, мне падаецца, была б больш цікавай для Купалы”.

Ці прыкладаюць намаганьні ў дасьледаваньні гібелі Янкі Купалы афіцыйныя ўлады Беларусі, у беларускай амбасадзе ў Маскве паведаміць адмовіліся.

Афіцыйныя ўлады таксама не паведамляюць калі адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помнікe Янку Купалу ў расейскай сталіцы. Ужо два гады гэтая праца скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх усталяваная на Кутузаўскім праспэкце Масквы. А першапачаткова плянавалася зрабіць гэта яшчэ пяць гадоў таму, да 120-годзьдзя песьняра. У Беларусі 2007 год абвешчаны годам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлета адзначаецца іхнае 125-годзьдзе.

Уладзімер Някляеў: “Мая вэрсія: Янку Купалу забілі” 26.06.2005 У Менску адзначылі 123-угодкі Янкі Купалы 7.07.2005
XS
SM
MD
LG