Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалася прэзэнтацыя “Начной чытанкі”


Севярын Квяткоўскі, Менск У менскай кавярні “Добрыя мысьлі” тры дні, 27-29 чэрвеня, прэзэнтуецца мультымэдыйны дыск праграмы радыё “Свабода” “Начная Свабода”, канкрэтней “Начной чытанкі”. Пяцьдзясят беларускіх аўтараў рознага веку чыталі свае творы, якія сабраныя цяпер пад адной вокладкай дыску “Начная чытанка”. Пра першы дзень імпрэзы – рэпартаж нашага карэспандэнта.

Імпрэзу вёў адзін з мадэратараў “Начной Свабоды” і ўкладальнікаў “Начной чытанкі” Аляксей Знаткевіч:

“Акрамя аўдыёзапісаў, якія гучалі цягам году на хвалях “Начной Свабоды”, тут ёсьць біяграфіі і фатаздымкі ўсіх пяцідзесяці аўтараў. Спадзяемся, будзе другі дыск, яшчэ 50 чалавек. Перадаю слова дырэктару менскага бюро нашага радыё Валянціну Жданку”.

Складальнікі “Начной чытанкі” Аляксей Знаткевіч і Ягор Маёрчык адкрываюць імпрэзу

“Шмат нашых перадач ужо існуюць у выглядзе кніг. Мы спадзяемся, што вы і надалей будзеце гасьцямі на радыё “Свабода” і героямі і ўдзельнікамі іншых дыскаў і кніг”, – сказаў Валянцін Жданко.

Валянцін Жданко цешыцца з сучасных тэхналёгіяў, якія працягваюць жыцьцё працы радыйнікаў

Перад пачаткам імпрэзы я запытаўся ў гомельскага літаратара Сяргея Балахонава, як ён ставіцца да ідэі запісу аўдыёкнігаў:

“У наш час гэта аптымальны спосаб данесьці тое, што маюць аўтары, да дастаткова шырокай публікі. Людзі не пасьпяваюць ператраўляць інфармацыю, якая абрынаецца на нас з тэлевізара, інтэрнэту і г.д. І бывае цяжка зьвяртаць увагу на літаратуру. Аўдыёфармат дазваляе спажываць літаратуру паміж справамі: можна дыск і флэшку МР3 слухаць у мэтро і г.д.”.

Сяргей Балахонаў чытае дыялёг з падтэкстам між маладым настаўнікам і выпускніцай

Сярод іншых на прэзэнтацыі дыску свае творы чыталі Віктар Шалкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Лявон Вольскі, Адам Глобус, Леанід Дранько-Майсюк, Наста Кудасава, Сяргей Балахонаў, Аксана Данільчык, Зьміцер Вішнёў.

Лявон Вольскі чытае ў складанцы ўласныя казкі з алюзіямі на сучасныя падзеі

Імпрэза працягнецца 28 і 29 чэрвеня тамсама – у кавярні “Добрыя мысьлі”.

• 27-29 чэрвеня – прэзэнтацыя дыску "Начная чытанка”, 27.06.2007
XS
SM
MD
LG