Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча – Нямеччына: вайна карыкатураў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы працягваюцца спрэчкі вакол вокладкі апошняга нумару аднаго з найбольш папулярных польскіх штотыднёвых часопісаў “Wprost”, на якой прадстаўленая канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель з аголенымі грудзьмі, зь якіх “смокчуць малако” прэзыдэнт і прэм’ер Польшчы Лех і Яраслаў Качыньскія. На вокладцы надпіс “Мачыха Эўропы”.

Напярэдадні апошняга, надзвычай важнага для Польшчы саміту Эўрапейскага Зьвязу ў Брусэлі, на якім Варшава зацята змагалася супраць прыняцьця новай сыстэмы галасаваньня ў Радзе Эўразьвязу, нямецкі штотыднёвік “Der Spiеgel” зьмясьціў на вокладцы карыкатуру, на якой Лех і Яраслаў Качыньскія сядзяць на карку ў Ангелы Мэркель.

Аўтары карыкатуры такім спосабам паказвалі зацятасьць кіраўнікоў Польшчы, якія замест таго, каб прыняць тое, што практычна падтрымліваюць астатнія 26 краінаў Эўразьвязу, упіраюцца і пагражаюць ужыць права вэта, што азначала б зрыў саміту.

Вокладка апошняга нумару часопісу “Wprost” – адказ на карыкатуру ў “Der Spiegel”.



Галоўны рэдактар польскага часопісу Станіслаў Янэцкі кажа, што не разумее абурэньня часткі грамадзкасьці як у Польшчы, так і ў Нямеччыне:

“Немцы, а асабліва спадарыня канцлер Мэркель, хочуць ставіцца да Польшчы, перадусім да лідэраў нашай краіны як да малых дзяцей, якія не даюць сабе рады”.

Вокладка часопісу выклікала пратэсты ня толькі ў Нямеччыне, але перадусім у Польшчы.

“Вядома, межаў тут няма, можна жартаваць колькі хочаш, але ёсьць мяжа добрага густу. Тут, аднак, нельга перайсьці гэтую мяжу”, – кажа публіцыст Войцех Новак.

Нямецка-польская вайна карыкатураў пачалася летась, калі нямецкая газэта “Die Tageszeitung” надрукавала здымак прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, а побач здымак бульбіны. “Гэта адзін і той жа твар”, – інфармаваў надпіс пад здымкамі.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу на эскаляцыю гэтага працэсу, які, хаця і нельга забараніць ці цэнзураваць, наўрад ці варта працягваць, бо на добрасуседзкія дачыненьні паміж краінамі ён пазытыўна не ўплывае.

Цягам апошніх гадоў на вокладцы часопісу “Wprost” быў двойчы прадстаўлены таксама кіраўнік Беларусі – у сувязі з пагрозай “прапусьціць у Польшчу дзясяткі тысячаў уцекачоў” і “абвяшчэньнем Польшчы халоднай вайны”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG