Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская моладзь — пра грошы, адпачынак, вясельлі й рамонт


Іна Студзінская, Менск Які ваш найбольшы фінансавы клопат гэтым летам? Ці можаце дазволіць сабе адпачынак? Наша карэспандэнтка задавала гэтае пытаньне моладзі на вуліцах Менску.

Слухаць:



Юнак: “Асноўная праблема — гэта фінансы на адпачынак. Нікуды не зьбіраюся ехаць, грошай няма”.

Дзяўчына: “Канечне, гэта адпачынак. Я думаю, што застануся ў Беларусі. А каб адпачыць тут, у мяне хапае грошай”.

Спадар: “Толькі адпачынак летам”.

Карэспандэнтка: “А які адпачынак можаце сабе дазволіць?”

Спадар: “Гэтым летам зьежджу ў Пецярбург да сяброў. Хацелася б, як звычайна, на мора. Але сёлета не атрымаецца”.

Дзяўчына: “Няма ў нас праблемаў фінансавых, таму што ў нас ёсьць стыпэндыя”.

Карэспандэнтка: “І хапае стыпэндыі?”

Дзяўчына: “На дробныя выдаткі хапае, а на адпачынак бацькі дадуць”.

Спадар: “Адсутнасьць грошай — асноўны фінансавы клопат. Вядома ж, хочацца адпачыць дзе-небудзь, але стыпэндыя вельмі маленькая, а падзарабіць дзе-небудзь дастаткова складана”.

Спадар: “Асноўны клопат — знайсьці добрую працу за добрыя грошы, каб на гэтыя грошы пры канцы лета куды-небудзь паехаць”.

Дзяўчына: “Я толькі што скончыла ўнівэрсытэт, трэба ўладкавацца на працу ў першую чаргу”.

Спадарыня: “Няма клопатаў, нікуды не паеду, бо грошай няма”.

Дзяўчына: “Кватэру зьняць. Заробак маленькі, стыпэндыя ужо заканчваецца, і ў выніку не хапае на жыцьцё”.

Дзяўчына: “У мяне галоўная фінансавая праблема — дарога ў Менск і назад, таму што я зь Берасьця, паступаю ў магістратуру. Адпачынку не пляную, толькі кніжкі й дарога”.

Карэспандэнтка: “Цяпер лета, які ваш асноўны фінансавы клопат?”

Спадар: “Ды пакуль ніякіх”.

Дзяўчына: “Фінансавы клопат? Я думаю, гэта адпачынак. І, прынамсі, мне ў летні час хочацца знайсьці час на сваё разьвіцьцё, нейкія кніжкі набыць. Адпачынак інтэлектуальны”.

Спадар: “Я нават і ня ведаю, што адказаць. Няма праблемаў фінансавых. Я спартовец, усё лета трэніруюся, няма часу на адпачынак”.

Спадарыня: “Рамонт”.

Дзяўчына: “І адпачынак, і рамонт, і вясельле”.

Карэспандэнтка: “І на ўсё хапае?”

Дзяўчына: “Не, не хапае. Крэдыт. А далей пабачым, на што хопіць пасьля адпачынку — ці то на адпачынак, ці то на рамонт”.

Юначка: “Няма грошай, не працуем. А бацькі асабліва шмат не даюць...”

Дзяўчына: “Хочацца на лета купіць новае адзеньне, адпачыць, а грошай не хапае”.

Карэспандэнтка: “А куды адпачыць?”

Дзяўчына: “Хочацца на мора — у Баўгарыю альбо ў Крым. На адпачынак, канечне, бацькі грошай дадуць”.

Юначка: “У бацькоў бярэм грошы на адпачынак”.
XS
SM
MD
LG