Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Вялікабрытанія: агляд дачыненьняў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр датэрмінова пакідае сваю пасаду. Прэм’ер-міністрам стане Гордан Браўн. Агляд беларуска-брытанскіх дачыненьняў падрыхтаваў наш карэспандэнт.

Беларусь і Вялікабрытанія ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні ў 1991 годзе.

Праз тры гады, у сувязі з вывадам ядзернай зброі, Вялікабрытанія разам з ЗША і Расеяй падпісала Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі Беларусі. Гэтыя краіны забавязаліся гарантаваць яе тэрытарыяльную цэласнасьць і палітычную незалежнасьць.

Брытанская амбасада ў Менску адчынілася ў 1995 годзе. З гэтай нагоды прыяжджаў міністар замежных справаў Нікалас Бонсар.

А перад рэфэрэндумам 1996 году сьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі прымаў дэлегацыю сяброў парлямэнту Вялікабрытаніі.

Пасьля 1996 году афіцыйныя кантакты былі фактычна замарожаныя.

Дарадца амбасады ў сувязях з грамадзкасьцю Кася Бяспалава сказала:
“Патрэбны дыялёг у пляне агульных эўрапейскіх каштоўнасьцяў, правоў чалавека і дэмакратыі. Гэта асноўная прычына адсутнасьці прамога супрацоўніцтва між брытанскім і беларускім урадамі”.
“Афіцыйна патрэбны дыялёг у пляне агульных эўрапейскіх каштоўнасьцяў, правоў чалавека і дэмакратыі. У гэтым палягае асноўная прычына адсутнасьці прамога супрацоўніцтва паміж брытанскім і беларускім урадамі”.

Вялікабрытанія трымаецца палітыкі Эўразьвязу. Калі ў 1998 годзе афіцыйны Менск выселіў замежных дыпляматаў зь іх рэзыдэнцыяў у пасёлку Дразды, амбасадарка Вялікабрытаніі Джэсыка Пірз, разам зь іншымі пасламі, амаль на год пакінула Беларусь для кансультацыяў.

Падчас мінулага старшынёўства Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе шмат увагі надавалася беларускай праблематыцы.

У 2006 годзе ў парлямэнце Вялікабрытаніі ўпершыню адбыліся слуханьні аб праблемах дэмакратызацыі ў Беларусі. Міністар у справах Эўропы Дуглас Аляксандар пацьвердзіў брытанскую падтрымку санкцыяў, якія ўвёў Эўразьвяз супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Амбасадарамі ў Менску былі Джон Эвэрард, Джэсыка Пірз, Іэн Кэлі й Браян Бэнэт. У сярэдзіне ліпеня ў Беларусь прыбывае новы пасол Вялікай Брытаніі Майкл Гэдак.

Кася Бяспалава сказала:

“Брытанія прытрымліваецца агульнай эўрапейскай палітыкі дачынна Беларусі, і яна заснаваная на тых жа грамадзкіх вартасьцях — дэмакратыя, свабода слова, свабода асацыяцыяў і збораў. Эўразьвяз прапануе Беларусі пэўныя льготы, а беларускі ўрад ня надта дэманструе сваю гатовасьць пайсьці шляхам супрацоўніцтва”.

Вялікабрытанія прытуліла былую старшыню Нацыянальнага банку Беларусі Тамару Віньнікаву (на здымку). У 1999 годзе ёй невядомым чынам удалося ўцячы з-пад аховы і эміграваць.

Праз палітычныя матывы й адсутнасьць інтарэсу брытанскага бізнэсу тры гады таму амбасада зачыніла камэрцыйны аддзел.

З-за непаразуменьняў з уладамі зачынілася ў Менску й Брытанская рада, таму згарнулася і фінансаваньне культурнага абмену.

Цяпер брытанскі бок падтрымлівае шэраг праектаў дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG